Францішак

Імя гэтае германа-раманскага паходжання, утворана ад слова француз, што азначае вольны, свабодны, народжаны ў свабодзе, якім і было племя франкаў.

Цікавая сама гісторыя ўзнікнення гэтага імя. У сям’і італьянскіх купцоў Бэрнардонэ напрыканцы ХІІ ст. нарадзіўся хлопчык, якога яны назвалі Янам — у гонар Яна Хрысціцеля. Хлопчык падрос і часта бываў у лаўцы сукна, якую ўтрымліваў ягоны бацька, што гандляваў у асноўным з франкамі, якія яму вельмі падабаліся сваім свабодалюбствам. І час ад часу бацька ласкава называў свайго сына Francesco (Францішак), альбо прасцей — малы Франк.

Так малы Ян Бэрнардонэ стаў Францішкам. Так з’явіўся на свеце першы носьбіт гэтага імя. Спачатку яно ўспрымалася жартоўна, але пазней прыжылося настолькі, што калі малады хлопец пасля сваіх шматлікіх жыццёвых прыгодаў, почасту далёкіх ад пабожнага жыцця, стомлены ўсімі тымі прыгодамі, зайшоў аднаго разу ў напаўразбураны касцёл, ён пачуў голас: «Францішак, адбудуй Мой Касцёл». Менавіта так — Францішак.

Гэтай вялікай справе адбудовы вядомы цяпер усяму свету Францішак Асізскі прысвяціў усё сваё жыццё. Ён стаў святым, надзвычай папулярным. Кажуць, што ніводнаму святому не прысвечана ва ўсіх народа свету столькі спеваў і гімнаў, апроч, вядома, Маці Божай, як святому Францішку. У ягоны гонар па ўсім свеце збудавана шмат святыняў.

Апрача гэтага слыннага святога ў Каталіцкім Касцёле ёсць яшчэ больш за 50 святых і благаслаўлёных мужчынаў і жанчынаў, якія насілі гэтае імя. Найбольш слынныя з іх Францішак Ксавэры, Францішак Салезскі, сярод жанчынаў — Францішка Рымлянка, Францішка Ксавэра Габрыні і інш.

На Беларусі гэтае імя праславіў на ўвесь свет наш першадрукар — палачанін Францішак Скарына. А пачынальнікам нацыянальнага адраджэння стаў класік нашай літаратуры Францішак Багушэвіч. Пакутнікам сталінскага тэрору — пісьменнік Францішак Аляхновіч. У сучасным прыгожым пісьменстве, у тым ліку і на старонках нашага часопіса, вызначаецца Францішак Сіўко. Годна нясуць па жыцці імя свайго слыннага святога святары Францішак Кісель ды Францішак Рудзь.

Імяніны: 4 кастрычніка, 24 студзеня, 17 лютага, 2 сакавіка, 2 красавіка, 20 чэрвеня, 14 ліпеня, 20 і 21 жніўня, 16, 17, 25,29 і 30 верасня, 10 і 29 кастрычніка, 24 лістапада, 3 снежня.

Ядвіга

Імя гэтае германскага паходжання і азначае яно тую, хто адважна змагаецца ў баі.

Словам, імя Ядвіга вымагае ад яе носьбіткі адвагі. Дзве значныя постаці ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, якіх не папракнеш у яе адсутнасці, насілі гэтыя імёны — Ядвіга Слёнская і каралева Ядвіга. Прычым апошняя была адначасна каралевай і Польшчы, і Вялікага Княства Літоўскага, а значыць і нашай каралевай. Адбылося гэта пасля яе шлюбу з князем Ягайлам, які па хросце атрымаў імя Уладзіслаў. 12-гадовай дзяўчынкай выйшла Ядвіга замуж за 35-гадовага князя Ягайлу. Нядоўгім быў яе век, але падданыя паспелі палюбіць добрую, мудрую каралеву, якая даволі моцна ўплывала на рашэнні караля, шмат рабіла для таго, каб у краіне панавалі спакой і згода. І таму калі 25-гадовая каралева Ядвіга раптоўна адышла ў вечнасць, краіну агарнула шчырая жалоба.

Раней імя Ядвіга было папулярнае на Беларусі. Не выпадкова ж менавіта Ядвісяй назваў Якуб Колас галоўную гераіню свайго слыннага рамана «На ростанях».

Мужна і годна служыла Богу і людзям сястра эўхарыстка Ядвіга Віршута, сярод сучасных беларускіх манахіняў таксама некалькі носяць гэтае прыгожае імя. На сцэне весяліць народ Ядвіга Паплаўская. А калі на малітве праслаўлення ў часе рэкалекцый «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» заспявае на поўны голас Ядзя Багдановіч, то раптам здасца, што з вышыняў нябесных заслухаюцца той песні нават анёлы.

Імяніны: 14 красавіка, 17 ліпеня і 16 кастрычніка.

Рубрыку вядзе Ірэна Задарожная.