Кажуць, што семінарыя — гэта сэрца дыяцэзіі. Без яго не можа функцыянаваць Касцёл. Гэта праўда. Ва ўсе часы Касцёлу патрэбныя новыя святары. У Віцебскай дыяцэзіі семінарыі няма, аднак сэрца ў Віцебскай дыяцэзіі ёсць. Яно — у Браславе. Менавіта там абрала сабе трон нашая нябесная Каралева і Заступніца Найсвяцейшая Панна Марыя, якую мы называем Каралевай Азёраў. Хто калі-небудзь бываў у Браславе і заходзіў на Замкавую гару, зразумее мяне лёгка: Маці Божая Браслаўская — Валадарка прыгожага наваколля і Валадарка нашых сэрцаў, таму што мы ў пакоры аддаем сябе Яе нябеснаму заступніцтву.

З 19 па 22 жніўня ў Браславе праходзілі юбілейныя ўрачыстасці. 10 гадоў дыяцэзіі, гадавіна каранацыі цудадзейнага абраза — гэта тыя нагоды, з-за якіх у Каралеўства Марыі з’ехаліся тысячы вернікаў, найперш моладзі. Ужо ў чацвер 19 жніўня маладых удзельнікаў дыяцэзіяльных дзён моладзі прывітаў біскуп дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Ён заахвоціў моладзь да радаснага чування пры Марыі. Спецыяльна былі падрыхтаваныя канферэнцыі і малітоўныя спатканні. Два дні маладыя католікі дзяліліся паміж сабою верай, любоўю і радасцю.

Вядома, што немагчыма гадзінамі трымаць моладзь у касцёле на набажэнствах. Таму растаропныя арганізатары на чале з а. Лешэкам Вітвіцкім SDS запрасілі юнакоў і дзяўчат у школу танцаў, дзе кожны ахвотны мог праслаўляць Бога, танцуючы самба ці інтэграцыйны танец. Калі з першага разу і не выходзіла добра — ніхто не расчароўваўся. Усе мелі цудоўны настрой, тым больш што танцаваць вучыў сам пробашч і кусташ санктуарыя а. Лешэк.

Юнацтва — гэта заўжды запал і рух, таму як жа без спаборніцтва? 20 жніўня прайшоў футбольны матч паміж камандай моладзі і камандай святароў. Гульцы праявілі нястомнае імкненне да перамогі. Было бачна, што яны не толькі ўмеюць аддана маліцца. Да гонару духавенства, трэба сказаць, што змагаліся яны ўпарта і заўзята, аднак не змаглі ўстаяць перад націскам маладосці і запалу моладзевай каманды. Выйграла моладзь.

Дні моладзі ў Браславе былі агучаныя рознымі інструментамі: гітарамі, акустычнай перкусіяй, скрыпкамі. Самі ўдзельнікі аздаблялі мерапрыемствы спевамі і музыкай. Сапраўднай падзеяй сталі выступленні школьнага духавога аркестра з Замбрава. Маладыя католікі з Польшчы правялі некалькі канцэртаў і ігралі на ўрачыстай св. Імшы ў нядзелю каля касцёла на караблі-алтары.

Кожны святар ведае, што Касцёл моцны сям’ёй. Пра гэта не перастае нагадваць вернікам Віцебскі ардынарый Уладзіслаў Блін. З яго ініцыятывы ў Браславе ў межах святкавання юбілею прайшла сустрэча сем’яў з Беларусі. Былі адноўленыя сужэнскія абяцанні, і сужэнцы атрымалі святочныя пасведчанні.

На ўрачыстасці ў Браслаў прыехала шмат каталіцкіх іерархаў з Беларусі, а таксама з Малдовы, Украіны, Польшчы і Расіі. Урачыстую св. Імшу ў нядзелю цэлебраваў Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі. Слова Божае прамовіў дапаможны біскуп Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі Пётр Мальчук. «Узіраючыся ў твар Найсвяцейшай Багародзіцы, мала толькі захапляцца Ёю, трэба наследаваць рысы Яе характару ў сваім жыцці», — казаў іерарх. Трэба вучыцца ў Марыі маліцца. «Паглядзі, як ты молішся, — менавіта так ты і любіш Пана Бога», — падкрэсліў біскуп Мальчук.

Пасля гаміліі на нядзельнай св. Імшы адбылося ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі маладым вернікам, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку да гэтага адказнага кроку ў жыцці хрысціяніна.

Пасля свята біскуп Уладзіслаў Блін у прыватнай размове прызнаўся, што не чакаў такой вялікай колькасці людзей. Ён сказаў гэта з радасцю. І сапраўды радасна, што дзеці так любяць сваю Маці і так імкнуцца да Яе. Бачна, што сэрца дыяцэзіі жывое і маладое, не толькі таму, што віцебскі касцёл налічвае ўсяго 10 гадоў, а таму што маладосць духу не вымяраецца гадамі.

Заўсёды сумна пакідаць месца радасці і шчасця. Сумна было развітвацца з Валадарствам азёраў многім пілігрымам. Але кожны ад’язджаючы атрымаў шчырае запрашэнне гаспадара дыяцэзіі: «Чакаю вас праз год зноў у Браславе!»

...Закончыліся дні моладзі, раз’ехаліся замежныя госці, сціхлі мікрафоны на алтары-караблі, але санктуарый не зачынены. Ён чакае пілігрымаў штодня. Там чакае Марыя Каралева Азёраў у сваім цудадзейным абразе.

Ужо прайшлі святарскія рэкалекцыі каля стопаў Марыі, хутка пачнецца катэхетычная майстэрня, а ўвосень зазвініць маладымі галасамі фестываль «Птушкай будзь!». Браслаў жыве, бо ў ім — сэрца дыяцэзіі.

Кс. Віктар Місевіч.
Фота Карнэлія Консэка.