VI Міжнародны каталіцкі кінафестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат», які прайшоў у Беларусі з 7 па 11 верасня, пасталеў і пашырыў сваю геаграфію.

Распачаўся фестываль у сталіцы, у мінскай архікатэдры. Адкрыццё было прымеркаванае да 300-гадовага юбілею святыні. На святой Імшы на пачатку адкрыцця прысутнічалі дыпламаты з Італіі і Польшчы. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка павіншаваў усіх прысутных са святам.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які цэлебраваў святую Імшу, заклікаў у сваёй гаміліі, «каб людзі, якія працуюць на тэлебачанні ці на кінастудыях, самі жылі паводле нормаў хрысціянскай маралі, не захапляліся паліткарэктнасцю адносна хрысціянскіх каштоўнасцяў, не падмянялі сэнсу словаў, а распавядалі пра вечныя каштоўнасці <…> Чорнае трэба назваць чорным, а белае — белым, дабро — дабром, а зло — злом. І ніколі не мяняць іх месцамі».

Першыя фестывальныя стужкі былі паказаныя ў мінскім касцёле св.Сымона і Алены, а 8 верасня кінафэст вярнуўся на Глыбоччыну, дзе шэсць гадоў таму ён нарадзіўся.

Сёлетняя праграма была, бадай, наймацнейшая за ўсе фестывальныя гады. Калі фестываль толькі з’явіўся, Гран-пры нават не прысуджалі, цяпер фестываль дэманструе фільмы, якія можна ўключаць у падручнікі па кінамастацтве. Вырас узровень і сталых удзельнікаў кінафэсту. Так, Максім Міхальцоў прадставіў сваю дакументальную стужку «Лямпа не гасне» пра веру й пераадоленне наркаманіі. Колькі гадоў таму рэжысёр паказваў на «Магніфікаце» сваю раннюю стужку, таксама прысвечаную гэтай праблеме, і хоць карціна была прасякнутая любоўю і спачуваннем, але тады рэжысёру бракавала кінематаграфічнага досведу. Цяпер ягоная стужка — па-майстэрску завершаны дакумент пра Божы Провід у людскіх лёсах.

Фестываль адкрыў гледачам новую беларускую студыю — праваслаўнай кінакампаніі імя святога Яна Воіна, на якой створаны дакументальны фільм «Галоўная роля» Віталя Любецкага. Гераіня гэтай стужкі, Ксенія, прайшла да веры складаны шлях: ад легкадумнага жыцця, наркотыкаў, праз смерць бацькі і страшны дыягназ — да духоўнага ачышчэння. Фільм кранае пранізлівай спавядальнасцю і хрысціянскім гартам. Аператар стужкі — муж гераіні.

Рэжысёр Вольга Дашук распавяла ў сваім фільме пра «Край Белавежскі». Яна зрабіла маўклівую і пластычную замалёўку пра белавежскія касцёлы і цэрквы, пра гісторыю і прыгажосць створанай Богам прыроды. Валерыя Скварцова сваім фільмам «Храмавае кола Браслаўскага паазер’я», знятым на «Беларускім відэацэнтры», працягнула тэму архітэктурнай хрысціянскай спадчыны.

Героем стужкі Уладзіміра Арлова стаў пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, а дакладней, бэрнардынскі крыж з віленскага кляштара. Падчас воднае пілігрымкі гэты крыж — пад апекаю ксяндза пробачша — быў дастаўлены з Вільні ў Будслаў.

Айцец Ігар Сабко з украінскага фільма «Зразумець чалавека» таксама быў на фэсце. Карціна Аляксандра Сталярова, складзеная як дзённік і нарысы пра сустрэчы аднакласнікаў і нараджэнне дачкі, — жывы аповед пра любоў, якая застанецца нават тады, калі знікне памяць.

У расейскай карціне Аляксандра Купрына «Экзарх Фёдараў» цікава расказваецца пра кіраўніка рускай грэка-каталіцкай царквы, закатаванага бальшавікамі.

На фестывальным экране дэманастравалі фільмы з Польшчы, Германіі, Аўстраліі, Індыі, Расіі, Грузіі, Літвы, Канады, Харватыі.

Упершыню ў кінафэсце ўдзельнічала і стужка з Іспаніі. Яна была прысвечаная «Святому Каласансу», які здзейсніў рэвалюцыю ў адукацыі. Святы адкрыў першую ў Еўропе бясплатную школу для дзяцей беднаты і заснаваў рэлігійны ордэн, які імі апекаваўся.

Грузінская стужка Роланда Барашвілі «Прытулак» апавядае пра дом састарэлых. Камера тактоўна і ўважліва ўглядаецца ў твары старых людзей, якія наблізіліся да сваёй жыццёвай мяжы, слухае іх аповеды, спачувае...

Галоўнай падзеяй фэсту сталі фільмы з Італіі, якім быў прысвечаны цэлы дзень: «Ён ахвяраваў свой дух дзеля людзей — смерць Пантыфіка», «Канец свету», «Дзённік горнага святара», «Таямніцы Фацімы», «Дон Карло Ньёкі. Святар, які шукаў Бога сярод людзей». Гэта высокае рэлігійнае кіно. «Дзённік горнага святара» Стэфано Саверыёні пра няўрымслівага святара, які служыць у маленькай горнай парафіі, нібы спрачаецца з класічнай ігравой стужкай Рабэра Брэсона «Дзённік вясковага кюрэ». А карціна Карло дэ Б’язэ «Дон Карло Ньёкі» паказвае нам святара, які да апошняга свайго дня апекаваўся дзецьмі і нават завяшчаў ім уласныя вочы...

Дзеці ў глыбоцкай бібліятэцы з ахвотай абіралі на фэсце найлепшыя мультфільмы пра святых, анёлаў і дабрыню. Лялечны мультфільм Галіны Бяды «Руфь» — створаны паводле біблейскага аповеду з найпрыгажэйшымі нябеснымі колерамі — быў яшчэ складаным для маленькіх гледачоў. Затое захапленне выклікаў мультфільм, зроблены самімі дзецьмі — латвійскімі і беларускімі — «Як Несцерка і Спрыдзіціс шчасце шукалі».

А дзіцячае Гран-пры падзялілі дзве расейскія стужкі — «Пра Васіля Блажэннага» і «Пра звяроў і людзей».

Гран-пры сёлетняга кінафэсту атрымаў фільм Стэфано Саверыёні «Дзённік горнага святара». Лепшай тэлепраграмай прызнаная «Блакадная вера» — пра хрысціянскае служэнне ў блакадным Ленінградзе. Найлепшым дакументальным фільмам стала грузінская стужка Роланда Барашвілі «Прытулак». Прыз за рэжысуру дастаўся Аляксандру Купрыну за фільм «Экзарх Фёдараў», а дыплом «За лепшую аператарскую работу ў паказе хараства свету» атрымаў фільм Давіда Дэмекеліса «Канец свету» пра місіянера-фатографа з Вогненнае Зямлі.

Андрэй Расінскі.
Фота Карнэлія Консэка.