Папа выказаў спачуванні ў сувязі з катастрофай у Нью-Ёрку

У сувязі з авіякатастрофай у Нью-Ёрку 12 лістапада Ян Павел ІІ накіраваў да ардынарыя Брукліна біскупа Томаса Дэйлі тэлеграму-спачуванне: «Глыбока засмучаны весткаю пра шматлікія ахвяры катастрофы ў раёне Куінз, даручаю іх вечнай любові Бога ўсемагутнага і малюся, каб Бог адарыў успамогай і суцяшэннем пагружаныя ў жалобу сем'і. Запэўніваю ў сваёй блізкасці ў малітве з цэлым народам у гэтую гадзіну роспачы».

Першы раз у гісторыі Папа беатыфікаваў сужонкаў

21 кастрычніка першы раз у гісторыі Папа вынес да годнасці алтароў сужонкаў, такім чынам падкрэсліваючы той факт, што святасць - гэта неад'емная частка свецкага жыцця, таксама як рэлігійнага і святарскага. Новыя беатыфікаваныя Луіджы (1880-1951) і Марыя (1884-1965) Бэлтрамэ Куаттроччы з Рыма пражылі разам 50 гадоў. У іх было 4 дзяцей, трое з іх прысутнічалі на цырымоніі беатыфікацыі. Двое сыноў, Філіппо і Цэзары, - святары, разам са Святым Айцом канцэлебравалі Св. Імшу. Дачка Энрычэтта, законніца, знаходзілася сярод вернікаў. Святы Айцец сказаў падчас гаміліі, што сужонкі «пражылі звычайнае жыццё незвычайным чынам». Касцёл і раней прызнаваў святасць іншых сужонкаў, але ўпершыню сужонкі былі беатыфікаваныя разам. Гэта беатыфікацыя стала кульмінацыяй святкавання ўрачыстасцяў, арганізаваных Касцёлам Італіі і прысвечаных 20-годдзю публікацыі апостальскай адгартацыі «Familiaris Consortio». Гэта самы важны дакумент Яна Паўла ІІ па пытаннях сужэнства і сямейнага жыцця.

Сусветны дзень сродкаў масавай інфармацыі ў 2002 г. будзе прысвечаны Інтэрнэту

Як паведаміў прэс-офіс Апостальскай Сталіцы, Ян Павел ІІ зацвердзіў тэму дня: «Інтэрнэт: новы форум для прапаведвання Евангелля». У ноце, якая суправаджала гэту інфармацыю, падкрэсліваецца, што «гаворка ідзе пра ключавы інструмент сувязі, які развіваўся на працягу апошніх гадоў і асабліва ім цікавіцца моладзь». Таксама нагадваецца, што дзень сродкаў масавай інфармацыі святкуецца ў большасці краінаў у апошнюю нядзелю перад Спасланнем Духа Святога, гэта значыць 12 мая ў 2002 годзе. Пасланне Папы з нагоды дня СМІ будзе абвешчана, як звычайна, у дзень св. Францішка Салезія, апякуна журналістаў, 24 студзеня.

Галандыя: набажэнствы для няверуючых

Для няверуючых будуць адпраўлены два евангелічныя набажэнствы ў Ротэрдаме. Арганізатары гэтых набажэнстваў прагнуць такім чынам навязаць кантакт з тымі, хто яшчэ не прыйшоў да Бога. «Людзям патрэбна перадусім пачуццё прыналежнасці да супольнасці, менавіта гэта мы хочам паказаць», - паведаміў адзін з ініцыятараў набажэнства, падрыхтоўкай якога займаецца група галандскіх артыстаў.

Рускі пераклад «Катэхізіса Каталіцкага Касцёла» цяпер адпавядае лацінскаму арыгіналу

Чацвёртае выданне «Катэхізіса Каталіцкага Касцёла» на рускай мове, прыведзенае ў адпаведнасць з лацінскім арыгіналам, будзе надрукавана накладам 5000 асобнікаў. Аб гэтым паведаміў дырэктар цэнтра «Духовная библиотека» Жан-Франсуа Ціры, які рыхтаваў гэтае выданне да друку. Каментуючы гэты факт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што да выхаду лацінскага выдання тэкстам рускага арыгінала быў французскі, і Расія стала першай краінай з былога СССР, дзе быў выдадзены пераклад. Новае выданне было падпісана арцыбіскупам да друку 9 лістапада. Дырэктар «Духовной библиотеки» паведаміў, што наклад новага выдання з'явіцца ў продажы ў студзені 2002 г. Акрамя гэтага, выдаўцы плануюць размясціць поўны тэкст «Катэхізіса Каталіцкага Касцёла» ў Інтэрнэце.