Пачатак навучальнага года ў Гродзенскай семінарыі

27 кастрычніка Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя святкавала ўрачыстае асвячэнне навучальнага года. Урачыстасць адкрыў і вёў рэктар семінарыі біскуп Антоні Дзям’янка. У ёй удзельнічалі мітрапаліт Беластоцкай архідыяцэзіі, арцыбіскуп Войцех Земба, рэктар Пецярбургскай духоўнай семінарыі, ксёндз пралат Антоні Гей, госці з Пінскай духоўнай семінарыі, з Элкскай і Ломжынскай дыяцэзій. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, які знаходзіўся ў Ватыкане на Сінодзе біскупаў, прыслаў віншавальную тэлеграму.

Пасля спеву "Багародзіцы", старажытнай патрыятычнай песні гэтага Краю, біскуп Антоні Дзям’янка звярнуўся да прысутных алюмнаў са шчырым заклікам быць добрымі, адукаванымі і справядлівымі святарамі, бо менавіта такія патрэбны нашай краіне.

Віцэ-рэктар семінарыі Марак Казэра згадаў гісторыю семінарыі, з якой ужо выйшла 88 святароў. Цяпер тут вучыцца 92 клерыкі, 66 з іх паходзяць з Гродзеншчыны...

Улетку клерыкі ўдзельнічалі ў пілігрымках у Марыйныя санктуарыі ў Тракелях, Будславе, на Яснай Гары і ў Вострай Браме. Яны прымалі актыўны ўдзел у розных формах душпастырства, у такіх як рух Святло—Жыццё, апека над глуханямымі, над алкаголікамі...

Урачысты даклад прачытаў кс. Станіслаў Юзвяк з Элка. Рэктар семінарыі ў Гродне ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка ўручыў 17 новым клерыкам пасведчанні семінарыстаў (indeksy).

З гэтай нагоды ў бернардынскім касцёле адбылася ўрачыстая Святая Імша, на якой 14 клерыкам ІІІ курса былі ўпершыню апрануты асвечаныя сутаны.

Казанне прамовіў ксёндз арцыбіскуп Войцех Земба.

Добры пастыр аддае сваё жыццё за авечак
Да 60-годдзя з дня мучаніцкай смерці благаславёнага кс. Генрыка Глябовіча

У Гродзенскім Фарным касцёле на бочнай сцяне алтара Маці Божай Шкаплернай змешчаны абразок благаславёнага Генрыка Глябовіча, якога Святы Айцец Ян Павел ІІ вынес да хвалы алтара 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве разам са 108 мучанікамі за веру.

60 гадоў таму, 9 лістапада 1941 г., ксёндз Генрык быў расстраляны гітлераўскай жандармерыяй у лесе пад Плешчаніцамі. Генрык Глябовіч нарадзіўся ў Гродне 1 ліпеня 1904 года. У 1927 годзе пасля заканчэння Люблінскага Каталіцкага Універсітэта адправіў у Гродзенскім Фарным касцёле сваю прыміцыйную Святую Імшу.

9 лістапада г.г. у тым жа Фарным касцёле біскуп Антоні Дзям’янка цэлебраваў Святую Імшу ў памяць аб благаславёным Генрыку Глябовічу. У набажэнстве ўдзельнічалі святары і клерыкі. Ксёндз-пралат Віктар у казанні звярнуўся да прысутных з просьбаю аб малітве да Бога праз пасрэдніцтва благаславёнага кс. Глябовіча. Як жа гэта важна ўсім нам усведамляць, што маем свайго, мясцовага, заступніка перад Богам, што кожны дзень у Гродзенскай малой базыліцы ён ціха чакае нашай малітоўнай сумоўнасці, каб заступацца за нас і дапамагаць сваім землякам у небе.

Святы патрон Фарнага касцёла ў Гродне

У 1752 годзе невядомы мастак па графічных замалёўках Мельхіёра Гафнора, выдадзеных у Інсбруку, стварыў над аркамі галоўнай навы і ў прэзбітэрыі 14 фрэскаў з жыцця святога Францішка Ксаверыя, першага езуіцкага місіянера на Далёкім Усходзе. Усе фрэскі памерам 1,5 на 4,5 м.

У галоўным алтары Фарнага касцёла ў цэнтры знаходзіцца скульптура святога Францішка Ксаверыя, а каля яго падножжа — постаці навернутых да Бога паганаў. Увесь апостальскі склад быў створаны скульптарам Ёганам Шмітам з Крулёўца ў 1737 годзе за фундацыю кашталяна мсціслаўскага Самуэля і яго жонкі Канстанцыі з Лозаў.

З Францішкам Ксаверыем у касцёле я размаўляю часцей і больш шчыра, чым з жывымі людзьмі. Гэта мой святы. Ён нарадзіўся для Бога, а я ў той дзень прыйшла на гэты свет. Каб не было яго тут, у Фарным касцёле, мне ў Гродне было б зусім адзінока. Але Францішак Ксаверы ёсць.

Нарадзіўся мой святы ў 1506 г. у Іспаніі, у замку Ксаверы, за некалькі міляў ад Пампелюны, у набожных бацькоў слыннага роду.

Францішак быў паслухмяным, разумным і вясёлым хлопцам, якога вельмі любілі ў сям’і. Пасля навучання ў Парыжы стаў прафесарам філасофіі. Пазней захапіўся дзейнасцю Ігната Лаёлы, які заснаваў закон езуітаў. Францішак вырашыў стаць святаром. У 1531 г. ён атрымаў сакрамант святарства і паехаў місіянерам у Індыю. Пасля доўгага марскога падарожжа ён нарэшце ступіў на зямлю ў Індыі, дзе атрымаў ад Бога цудоўны дар: ён размаўляў і разумеў мовы, якіх не вывучаў і не чуў дагэтуль, аздараўляў цяжка хворых, быў увесь час у дарозе, навучаючы праўдам веры і катэхізуючы. Кажуць, што ён ахрысціў мільён сто тысяч паганаў. З Індыі Францішак пераехаў ў Японію, дзе каля трох гадоў нёс імя Хрыста да няверных. Пасля выправіўся ў Кітай, але 2 снежня 1552г. памёр па дарозе на востраве Санчын, недалёка ад Кітая. Яму было 46 гадоў. Яго цела не пашкодзіў час, яно знаходзіцца ў месцы Гоа. «О Найсвяцейшая Тройца!» — любімы зварот святога Францішка Ксаверыя.

Папа Павел V беатыфікаваў св. Францішка ў 1619 г., а папа Грыгоры ХV кананізаваў яго 2 сакавіка 1622 г., але кананізацыйную булу асвяціў папа Урбан VІІІ 6 жніўня 1623 г.

3 снежня Касцёл святкуе дзень успаміну святога Францішка Ксаверыя. У гэты прыгожы дзень я нарадзілася ў вёсцы Біскупцы ў бацькоў Марылі і Яна. Маё бежмаванае імя Францішка.

Сакрамант святарства

10 лістапада 2001 г. у малой базыліцы ў Гродне адбылася ўрачыстасць святарскага пасвячэння трох новапрэзбітэраў, выпускнікоў Гродзенскай духоўнай семінарыі Аляксандра Брэйвы, Міхала Ластоўскага і Аляксандра Мацкевіча. Святую Імшу канцэлебраваў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч разам з дапаможным біскупам Антоніем Дзям’янкам, кс. доктарам Ежы Лявінскім.

Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел шматлікія святары і вернікі Гродзенскай дыяцэзіі. Семінарыйны хор пад кіраўніцтвам прафесара Тадэвуша Лісінскага ўпрыгожыў урачыстасць сваім спевам. На пачатку Святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч памаліўся за святароў новага часу, якія будуць складаць бяскроўную ахвяру Езусу Хрысту, прамаўляць слова Божае і справаваць святыя сакраманты. «Святасць святарскага жыцця няхай стане крыніцай радасці для вернікаў, якім новыя святары будуць адпускаць грахі, удзяляць сакрамант хворых, хрысціць нованароджаных.

Падданыя біскупу, злучаныя з ім святары павінны даваць прыклад добрых пастыраў», — сказаў душпастыр гродзенскіх католікаў.

На другі дзень, 11 лістапада, у малой базыліцы ў Гродне адбылася прыміцыйная Святая Імша новапрэзбітара Аляксандра Мацкевіча. Мандуктарам маладога святара быў кс. Юзаф Трубовіч — адзін са старэйшых і вельмі паважаных святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Менавіта ён удзяляў новапрэзбітару Аляксандру Першую Камунію, ён рыхтаваў яго да нялёгкага святарскага шляху і цяпер, у часе працэсіі, суправаджаў свайго выхаванца і вучня на яго першую Святую Імшу.

Данута Бічэль.