Мазырскае Палессе мае багатую духоўную спадчыну. Аб гэтым сведчаць шматлікія помнікі архітэктуры, гістарычныя дакументы, легенды і паданні. Але галоўнае багацце краю — людзі, якія прайшлі цяжкія выпрабаванні, вытрывалі пераслед за хрысціянскую веру, збераглі яе для нашчадкаў.

У 1989 годзе каталікі вёскі Грушаўка, што ў Нараўлянскім раёне, перажыўшы ўсе перашкоды, першыя ў Гомельскай вобласці атрымалі дазвол на рэгістрацыю рымска-каталіцкай парафіі. Добры Бог заўсёды чуе просьбы тых, хто ў сваім цярпенні звяртаецца да Яго, бо менавіта Ён з’яўляецца суцяшэннем засмучаных і сілаю церпячых.

Вёска Грушаўка ў пачатку ХХ стагоддзя належала памешчыку Горвату, маёнтак якога знаходзіўся ў суседніх Галоўчыцах. Жонка Горвата была італьянкаю. З ініцыятывы гэтай шчырай каталічкі ў вёсцы з’явіўся крыж, яна ж прывезла біскупа для асвячэння месца будучай капліцы, але пабудаваць яе не дазволіла новая савецкая ўлада. Грушаўцы збіраліся па хатах, асабліва ў нядзелі, святы, пасты і маліліся.

У 1941 годзе нямецка-фашысцкія захопнікі, увайшоўшы ў Грушаўку, убачылі вяскоўцаў, якія сабраліся на малітву перад крыжам і абразом Багародзіцы і прасілі Божай літасці. Фашысты спалілі ўсе 260 хат, але жыхароў не чапалі, усе засталіся жывыя. Грушаўцы палічылі гэта цудам Божай Міласэрнасці.

Толькі ў 1957 годзе мясцовых вернікаў наведаў ксёндз Мечыслаў Малыніч з сястрой Юліяй Слязь з Бабруйска, але калі ён прыехаў сюды ў 1962 годзе другі раз, ім зацікавілася міліцыя, і святар мусіў пакінуць вёску.

У 1970-80-я гады многія грушаўцы ездзілі да касцёла ў Жытомір, Кіеў ці ў Пінск. Каб паўдзельнічаць у Святой Імшы, трэба было правесці ў дарозе часам і двое сутак. Потым з’явілася магчымасць слухаць па радыё трансляцыі набажэнстваў з Ватыкана ці з касцёла св. Альжбэты, што ў Гданьску. Збіраліся ў адной хаце, шчыльна зачынялі дзверы, завешвалі вокны коўдрамі і, дастаўшы рукапісныя малітоўнікі, удзельнічалі ў Імшы, слухаючы яе па радыё. Памятаюць вяскоўцы і 8 студзеня 1982 года, калі старшыня калгаса і мясцовыя ўлады «накрылі» іх падчас супольных малітваў, «канфіскавалі» самапісныя малітоўнікі. Мясцовы раённы суд пакараў штрафамі тых, каго палічыў «арганізатарамі парушэння грамадскага парадку». Усё наваколле ведала, што грушаўцы «штраф за Бога плацілі». У 1982 годзе патаемна прыязджаў ксёндз Уладзімір Пракопіч з Вільнюса.

Грушаўцы не пераставалі маліцца і пісаць хадайніцтвы ўладам вобласці, рэспублікі і краіны: прасілі, каб да іх хаця б раз на год прыязджаў святар. Пасля кожнага такога ліста прадстаўнікі мясцовых уладаў хадзілі па хатах, шукалі аўтараў і пагражалі.

1986 год прынёс яшчэ большыя выпрабаванні. Нараўлянскі раён, дзе знаходзіцца Грушаўка, з’яўляецца адным з самых забруджаных радыенуклідамі. Многія населеныя пункты былі цалкам выселеныя. Грушаўка падлягала паступоваму адсяленню, і большасць жыхароў, у асноўным маладыя сем’і, выехалі ў «чыстыя» месцы. Частка вяскоўцаў засталася, не адважваючыся развітацца з роднымі мясцінамі. Зрэдку прыязджалі святары, патаемна, часам ноччу адпраўлялі Святую Імшу. Так вернікаў наведвалі ксёндз Ян Крапан з Кіева, ксёндз Аляксандр Мілеўскі з Жытоміра.

У 1988 годзе нарэшце атрымалі афіцыйны дазвол на прыезд святара. З 20 ліпеня 1988 года пяць дзён у вёсцы быў ксёндз Рышард Юнік з Рубяжэвічаў. Набажэнствы праходзілі ў садку, пад драўляным крыжам. Прыезд святара вельмі ўзмацніў веру. 25 снежня 1989 года грушаўцы маглі радавацца, што спазналі Божую Міласэрнасць — у гэты дзень у вёсцы Грушаўка была зарэгістравана рымска-каталіцкая парафія. Пазней для парафіі далі будынак былога фельчарскага пункту, які вернікі пераабсталявалі ў капліцу.

На сустрэчы з новапрызначаным на Беларусі біскупам Тадэвушам Кандрусевічам грушаўскія каталікі звярнуліся да яго словамі: «Ойча біскупе, вітаюць Вас дзеці з-пад крыжа Чарнобыля, дзеці-сіроты, бо ні касцёла, ні ксяндза не маем, просім не пакінуць нас і надалей сіротамі». І вось з 17 чэрвеня 1990 года парафію пачаў абслугоўваць ксёндз Юзаф Дзеконьскі. Праз год у Грушаўку і Нароўлю быў прызначаны ксёндз Станіслаў Салата. Распачалося будаўніцтва касцёла. Як узнагарода за доўгае цярпенне і пакуты, як ласка Божая, грушаўскі касцёл быў пабудаваны і 20 верасня 1998 года асвечаны кардыналам Казімірам Свёнткам. Вельмі сімвалічна, што ён мае тытул Божай Міласэрнасці, якой заўсёды давяраліся мясцовыя каталікі. Парафія ў Грушаўцы, якая адрадзілася пад крыжам Чарнобыля, на сваім вопыце спазнала сапраўдную Божую Міласэрнасць, ведае, што малітва церпячага заўсёды будзе пачутая.

Руслан ГАРОДКА, г. Мазыр
Фота аўтара.