Успамін пра святой памяці ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага, генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі ў 10-ю гадавіну яго смерці

Вацлаў Пянткоўскі нарадзіўся ў 1902 г. у парафіі Ясяноўка каля Беластока ў вельмі пабожнай каталіцкай сям’і. Атрымаў педагагічную адукацыю, працаваў некаторы час настаўнікам, самастойна вывучаў замежныя мовы.

Адчуўшы ў сваёй душы Божае пакліканне, В. Пянткоўскі паступіў у духоўную семінарыю ў Пінску. Ардынарыем дыяцэзіі тады быў біскуп Зыгмунт Лазінскі. Праз год таленавітага клерыка паслалі на вучобу ў Рым. Там, у Папскай Акадэміі на Латэране, ён вывучаў маральную тэалогію. У сваё першае падарожжа ў сталіцу хрысціянства будучы святар адправіўся разам з біскупам Лазінскім. Калі заставаўся год да заканчэння вучобы, Вацлаў падчас наведвання Пінска папрасіў ардынарыя аб святарскім пасвячэнні. Прычынаю гэтага было вялікае жаданне адпраўляць Святую Імшу каля грабніцаў апосталаў і першых мучанікаў Касцёла.

Святарскае пасвячэнне Вацлаў прыняў з рук ардынарыя дыяцэзіі біскупа Зыгмунта Лазінскага. Праз год малады святар атрымаў тытул доктара тэалогіі і вярнуўся ў дыяцэзію, але, на жаль, ужо не застаў біскупа Лазінскага: ён памёр.

Маладога святара прызначылі капеланам новага ардынарыя дыяцэзіі Казіміра Букрабы і віцэ-рэктарам духоўнай семінарыі ў Пінску. Неўзабаве ўзнікла неабходнасць паслаць душпастыра ў парафію Стараельня на Наваградчыне. Ардынарый вызначыў гэтую парафію месцам працы кс. Вацлава. Нягледзячы на тое, што працаваў ён там нядоўга, у памяці парафіянаў застаўся як сумленны душпастыр і катэхет, які вельмі пабожна і старанна выконваў літургічную службу...

Неўзабаве ён быў прызначаны рэктарам Фарнага касцёла ў Навагрудку, капеланам сясцёр назарэтанак і прэфектам мясцовай гімназіі. Можна меркаваць, што ў сваім часе кс. Вацлаў быў капеланам некаторых благаславёных сясцёр назарэтанак. У Наваградку жыхары і сёння памятаюць яго сумленнасць у Божай паслузе, тактоўнасць і самаадданую ахвярную працу.

Перад вайною кс. Пянткоўскі атрымаў намінацыю прэфекта школаў Брэста і першага душпастыра ў новаўтворанай парафіі. Там ён збудаваў капліцу, якая, пасля таго, як атэістычныя ўлады адабралі парафіяльны касцёл, на працягу 50 гадоў заставалася адзінай святыняй у 300-тысячным горадзе. Пазней святар разам з парафіянамі атрымаў пляц і зрабіў фундамент пад будову новага касцёла, якую перапыніла вайна. У часе ваеннага ліхалецця кс. Вацлаў працаваў душпастырам у горадзе. Ён перажыў смерць брэсцкага дзекана, якога расстраляла гестапа, і многіх святароў з навакольных парафій. Ратуючы душы сваіх парафіянаў, ён часта рызыкаваў уласным жыццём. Кс. Вацлаў апавядаў, што аднойчы, калі яго паклікалі да паміраючага чалавека, кулі падалі перад ім і за ім, але ён усё роўна крочыў наперад...

Святар не клапаціўся пра сябе: спрабаваў ратаваць ад акупацыйных уладаў арыштаваных святароў; удзяляў сакрамэнтальныя паслугі хворым тыфам і іншымі заразнымі хваробамі, не звяртаючы ўвагі на сваё здароўе. З душпастырскай паслугай ён ішоў да кожнага, хто прасіў, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання...

Пасля заканчэння вайны ардынарый дыяцэзіі захварэў і выехаў за мяжу. Кс. Вацлаву былі даручаны абавязкі генеральнага вікарыя той часткі Пінскай дыяцэзіі, якая ўваходзіла ў склад БССР. Ён перажыў шантаж камуністычнай улады, якая застрашвала святароў, спусташэнне парафіі і выезды людзей за мяжу.

У парафіі Мядзведзічы, куды кс. Пянткоўскі прыехаў пасля кс. Пятра Буйно, расстралянага гітлераўцамі ў Калдычаве, яго арыштавалі і кінулі ў мінскую турму, дзе змушалі прызнацца, што ён як быццам бы шпіён Ватыкану. Падчас следства ў турме са святара здзекваліся, пазбаўлялі сну, марылі голадам: на працягу 18 дзён ён атрымліваў толькі кавалак хлеба і кубак кіпеню ў суткі. Яго трымалі ў мокрай камеры 1х1м.

Пасля такіх здзекаў кс. Вацлаў страціў прытомнасць. Турэмны ўрач паставіў дыягназ: смяротная стомленасць і знясіленне арганізму. Святар не падпісаў прызнання, якога дамагаліся сталінскія следчыя. Не атрымаўшы рашэння суда, ён быў высланы на 10 гадоў у Казахстан. Кс. Пянткоўскі адбываў пакаранне ў Стэплягу, часта — разам з крымінальнымі злачынцамі.

Апошнія гады перад вызваленнем кс. Вацлаў знаходзіўся ў так званым лагеры для інвалідаў. У навакольных вёсках жылі сасланыя католікі. Вялікай радасцю для святара былі патаемныя начныя выхады ў вёскі з душпастырскаю паслугаю.

Пасля арышту ксяндза ў Мядзведзічах уся святарская маёмасць была канфіскавана і разрабавана. Але большасць вернікаў не паддалася прапагандзе і прыцясненню ўлады. Яны абаранялі касцёл ад знішчэння і ўсю зіму адпраўлялі набажэнствы на снезе перад зачыненымі дзвярамі касцёла. Памяталі вернікі і пра свайго душпастыра і высылалі яму пасылкі.

Пасля смерці Сталіна, адпакутаваўшы 7 гадоў у лагеры, святар быў вызвалены. Вернікі ў Казахстане прасілі: «Ойча, заставайся з намі. На каго ж ты нас пакідаеш?» «Я вяртаюся да сваіх парафіянаў. Яны таксама чакаюць мяне», — адказаў кс. Вацлаў. Пасля вяртання са ссылкі ажно да смерці (памёр у дзень св. Андрэя апостала 30 лістапада 1991 г.) ён выконваў абавязкі пробашча парафіі ў Мядзведзічах, а да 1989 г. быў таксама генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. Сваю пастырскую паслугу кс. Пянткоўскі выконваў і ў дзесятках іншых парафій, у якіх з часоў вайны не было святароў. Да яго прыязджалі таксама вернікі са Слуцка і Бабруйска.

...Я праглядаў метрычныя запісы з 60-х гадоў. На працягу толькі аднаго года ў кс. Вацлава бывала па 400—600 хростаў.

Ён заўсёды клапаціўся пра выгляд святыні, дзе рэгулярна праводзіўся рамонт. І сённяшняю сваёю ўнутранаю прыгажосцю касцёл у Мядзведзічах абавязаны рамонту, які зрабіў ксёндз інфулат у 80-я гады.

Святар жыў вельмі сціпла, а пасля канфіскацыі плябаніі займаў адзін маленькі пакойчык.

Кс. Вацлаў быў сумленным душпастырам. Каб данесці душпастырскую паслугу да людзей, ён часта праходзіў дзесяткі кіламетраў, а на больш вялікія адлегласці ездзіў веласіпедам, мясцовым аўтобусам альбо дабіраўся грузавіком. Асабіста наведваў хворых і тых, у каго здарылася няшчасце. Суцяшаў, даваў парады, а калі меў магчымасць, дапамагаў матэрыяльна. У 60-я гады ў яго на плябаніі жыў сляпы чалавек, там знаходзілі прыстанак падарожнікі і студэнты.

Кс. Вацлаў з асаблівай пабожнасцю праводзіў Літургію. У ягонай парафіі заўсёды былі арганіст і закрыстыянін. Святар меў вельмі добры голас і дасканалы музычны слых.

Нягледзячы на жалезную заслону і фактычную адсутнасць кантактаў з паўсюдным Касцёлам, кс. Вацлаў адпаведным чынам правёў у дыяцэзіі літургічную рэформу, зацверджаную ІІ Ватыканскім Саборам.

Я памятаю яго як святара, які вельмі клапаціўся пра рэзідэнцыю ў парафіі. Нават да радні, што жыла за мяжой, ён выязджаў на вельмі кароткі час. Ведаў, што патрэбны вернікам, і таму ўжо праз некалькі дзён вяртаўся дамоў. Яго засмучала, калі хто-небудзь з душпастыраў доўга адсутнічаў у парафіі. Нават пасля цяжкай аперацыі ў пажылым узросце (яму было 76 гадоў) ён хутка вярнуўся ў парафію і выконваў святарскую паслугу на плябаніі.

У 70—80-я гады становішча Касцёла ў Беларусі было цяжкае. Са 180 святароў Пінскай дыяцэзіі, якія працавалі да вайны, засталося толькі 12, і тыя былі ўжо ў сталым узросце.

З-за перашкодаў атэістычнай улады маладыя кандыдаты да святарства не маглі атрымліваць святарскай фармацыі ў семінарыі, таму ксёндз інфулат арганізаваў падпольнае навучанне і падрыхтаваў каля 10 кандыдатаў да святарства (між іншым таму атэістычная ўлада БССР павялічыла колькасць дазволаў на паступленне кандыдатаў у семінарыі, якія знаходзіліся за межамі рэспублікі).

Мне пашанцавала больш за тры гады быць побач з ксяндзом Вацлавам Пянткоўскім. Нягледзячы на сталы ўзрост, ён не шкадаваў сябе і выхоўваў будучых святароў не толькі словам, але перш за ўсё ўласным прыкладам. Яго дзень пачынаўся а палове 6-й раніцы, а заканчваўся пасля 22 гадзін.

Ксёндз інфулат меў штосьці з бенедыктынскай духоўнасці. Часта працаваў у полі, сам нарыхтоўваў на зіму дровы, працаваў фізічна на будаўніцтве касцёла. У такой працы яму ніколі не бракавала памочнікаў. Ён шанаваў імя кожнага чалавека, ніколі не асуджаў людзей, імкнуўся выказваць сваю думку далікатна...

У дыяцэзіі, пазбаўленай рэальнай мажлівасці кіраўніцтва ардынарыя, ксёндз Вацлаў як генеральны вікарый адказваў за каардынацыю душпастырскай дзейнасці. Ён кожны месяц арганізоўваў дні святарскіх сустрэчаў у іншай парафіі і рабіў гэта аддана і шчыра на працягу многіх гадоў.

Ксёндз Пянткоўскі быў добрым арганізатарам, мудрым і адказным кіраўніком дыяцэзіі. Ён заўважаў кожнага чалавека і мог кожнага прыцягнуць да супрацоўніцтва ў духоўных справах. Яго ахвярная святарская служба і жыццё, цалкам аддадзенае Касцёлу і Пану Богу, служаць добрым прыкладам для нашчадкаў.

Успамін пра святой памяці ксяндза пралата Гжэгажа Каласоўскага ў 10-ю гадавіну яго смерці

Да такіх ахвярных святароў належаў таксама і с.п. кс. пралат Гжэгаж Каласоўскі. Нарадзіўся ён у 1910 г. у парафіі Новая Мыш каля Баранавічаў. Пасля заканчэння гімназіі паступіў у Пінскую духоўную семінарыю. У 1939 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і быў накіраваны вікарыем у Нясвіжскую парафію Божага Цела, дзе нёс сваю святарскую паслугу да апошніх дзён. Асабліва цяжкім у ягоным жыцці быў час вайны. За тое, што не аддаў нямецкім уладам касцёльных званоў і арганных трубаў, а таксама за іншыя парушэнні акупацыйнага парадку, кс. Гжэгаж быў арыштаваны. Яго пасадзілі ў турму і вынеслі смяротны прысуд, аднак дзякуючы дапамозе расійскага палоннага смерці ўдалося пазбегнуць...

Менавіта кс. Каласоўскаму мы абавязаны захаваннем хараства нясвіжскай святыні. У часе ваенных дзеянняў дах касцёла быў спалены, але дзякуючы намаганням пробашча адноўлены яшчэ да наступлення зімы.

У першыя пасляваенныя гады атэістычныя ўлады шантажавалі святароў, каралі і як маглі здзекваліся з іх, каб толькі пазбавіць вернікаў душпастырскай апекі. Некаторыя святары не вытрымлівалі, пакідалі свае душпастырскія пляцоўкі і выязджалі за мяжу. Нейкі час вагаўся таксама і кс. Гжэгаж. Многіх ягоных семінарыйных калегаў замучылі гітлераўцы, многіх арыштавалі і вывезлі ў лагеры камуністы. У памяці кс. Гжэгажа гучаў голас сябра: «Гжэсь, выязджай! Бязбожнікі цябе закатуюць!» Пэўны час ксёндз Каласоўскі жыў у няпэўнасці. Ён ужо нават сабраў рэчы, але аднаго разу да яго зайшоў парафіянін і сказаў: «На працягу ўсіх мінулых стагоддзяў Нясвіж ніколі не быў без каталіцкага святара...» Гэтых словаў хапіла, каб кс. Каласоўскі да канца сваіх дзён застаўся ў нясвіжскай парафіі. Увесь час ён абслугоўваў таксама іншыя парафіі ў Нясвіжскім, Стаўбцоўскім, Клецкім, Капыльскім, Слуцкім раёнах, дзе не было святароў.

Пастаянна святар адчуваў пераслед бязбожных уладаў. Касцёльную плябанію забрала раённае кіраўніцтва і кс. Гжэгаж жыў у парафіянаў. З часам з цяжкасцю ўдалося перабудаваць гараж пад жытло для святара.

Ксёндз Каласоўскі быў вельмі пунктуальны і зычлівы. Амаль увесь горад ведаў яго; пры сустрэчы з ім жыхары заўсёды віталіся. Гэта было нязвыкла, бо атэістычная прапаганда пастаянна дыскрэдытавала духоўных асобаў, рознымі спосабамі імкнулася пазбавіць вернікаў іхняга ўплыву. Вядома, што яна мела для гэтага вялікія фінансавыя магчымасці, спецыяльна падрыхтаваных людзей і сродкі масавай інфармацыі. Але аўтарытэт ксяндза Каласоўскага сярод жыхароў Нясвіжа быў нязменна высокім.

Заклапочаны будучыняй Касцёла, кс. Гжэгаж дапамагаў кандыдатам да святарства дасягнуць жаданай мэты: для некаторых ён знаходзіў магчымасць афіцыйна паступіць у Рыжскую духоўную семінарыю, для іншых рабіў магчымаю падрыхтоўку да святарства ў падполлі, прымаў на працу пры касцёле.

Ксёндз Каласоўскі быў вельмі экуменічны ў сваёй душпастырскай працы і ў штодзённым жыцці. Ён сябраваў з мясцовым праваслаўным святаром і гэтае сяброўства пазітыўна ўспрымалася вернікамі абедзвюх хрысціянскіх канфесій, было для іх прыкладам талерантнасці і ўзаемапавагі.

Нельга не сказаць пра вялікія намаганні кс. Каласоўскага, якія ён прыклаў у апошнія гады свайго жыцця для аднаўлення старажытнага абраза ў галоўным алтары нясвіжскага касцёла. На просьбу душпастыра была сабрана патрэбная сума, і рэстаўрацыю правялі маскоўскія спецыялісты.

Апошнія гады ксёндз Гжэгаж выконваў у дыяцэзіі абавязкі намесніка генеральнага вікарыя...

Пераслед і насілле не зламалі гэтага чалавека. Да апошніх дзён свайго жыцця ён вызначаўся аптымізмам, быў заўсёды ў добрым настроі. Напрыканцы жыццёвага шляху ён вельмі моцна цярпеў. Яго, як маглі, падтрымлівалі парафіяне і яго выхаванак святар, дапамагаючы вытрываць апошняе выпрабаванне лёсу.

Памёр ксёндз Каласоўскі 4 снежня 1991 года.

Захаваннем жывой веры продкаў мы абавязаны менавіта такім людзям, як ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі і ксёндз пралат Гжэгаж Каласоўскі, пра якіх я з удзячнасцю згадаў у гэтых нататках.

Дапаможны біскуп
Гродзенскай дыяцэзіі
Антоні Дзям’янка