Каталіцкая місія «Маці Божая Фацімская», 5 гадоў таму заснавала ў Беларусі Сусветную Асацыяцыю Жывога Ружанца. Гэта малітоўная супольнасць аб’ядноўвае мільёны вернікаў у розных краінах свету, у тым ліку больш за 10 тысяч – у Беларусі. На сённяшні дзень мы маем ужо 700 ружанцовых груп, у якіх вернікі моляцца кожны дзень адну таямніцу ружанца ў вельмі важнай інтэнцыі. А менавіта — за трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі.

«Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе...» Гэта словы Маці Божай, якія Яна сказала падчас аб’яўлення ў Фаціме траім малым пастушкам. Трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі — гэта трыумф дабра над злом, трыумф святла над цемрай, трыумф любові над нянавісцю. Усемагутны Бог даручыў менавіта Ёй — Найсвяцейшай Маці Свайго Сына — раструшчыць галаву цмоку і разбурыць змову д’ябла і яго паслядоўнікаў, аб чым сказана ў Святым Пісанні (гл. Быц 3, 15).

Каб усё гэта здзейснілася, мы павінны дапамагчы Маці нашага Збаўцы, нашай Маці сваёй шчырай малітвай і асаблівай малітвай на ружанцы.

Прадстаўнікі каталіцкай місіі «Маці Божая Фацімская» ездзілі па парафіях, ствараючы ўсё новыя і новыя групы ўдзельнікаў Сусветнага Жывога Ружанца. Пра гэту Асацыяцыю неаднойчы пісаў і наш часопіс «Ave Maria». Пасля гэтых артыкулаў заўсёды знаходзіліся ахвярныя людзі, якія бралі на сябе арганізацыю груп Сусветнага Ружанца ў сваіх парафіях. Адна з такіх — Марыя Ханько з г.п. Жалудок Гродзенскай вобласці. Вядома ж, гэта Божая справа робіцца з дазволу святара і яго актыўнай дапамогі. Нам вельмі прыемна, што ксёндз Ян Рэйшаль, пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў Жалудку, з’яўляецца актыўным прыхільнікам пашырэння культу Беззаганнай Марыі Панны і малітваў на Яе хвалу. Па яго запрашэнні ў адно з нядзельных святаў прадстаўнікі каталіцкай місіі «Маці Божая Фацімская» наведалі касцёл у Жалудку. Ксёндз Ян даў магчымасць расказаць вернікам пра Сусветную Ружанцовую Супольнасць, падзяліцца асабістым сведчаннем веры. Тыя, хто яшчэ не быў удзельнікам Сусветнай Асацыяцыі Жывога Ружанца, запісваліся ў яе цэлымі сем’ямі. Шчаслівыя, яны прымалі ў падарунак кніжачкі пра фацімскія аб’яўленні Маці Божай.

Такая ж цёплая сустрэча адбылася і з парафіянамі вёскі Моцевічы. Пасля Святой Імшы, каб запісацца ў Сусветны Ружанец, вернікі выстройваліся ў доўгія чэргі, рызыкуючы спазніцца на рэйсавы аўтобус (многія — з навакольных вёсак). Але гэта нікога не палохала. Прага сваёй малітвай дапамагаць Маці Божай у барацьбе са злом была мацнейшай. Большасць з гэтых ахвярных людзей — жанчыны сталага ўзросту, якія вытрывалі ў страшны бязбожны час і збераглі сваю веру. Мы даведаліся шмат цікавых гісторый пра людскія лёсы, у тым ліку пра нялёгкі святарскі лёс ксяндза Яна Рэйшаля, пра адраджэнне Касцёла ў гэтых мясцінах.

Асацыяцыя Сусветнага Жывога Ружанца працягвае прымаць у сваю супольнасць усіх ахвотных. Поўная малітва Ружанца складаецца з 15 таямніцаў. Кожны ўдзельнік штодзённа моліцца, разважаючы толькі адну таямніцу, а разам ствараецца цэлы Ружанец. Ласку ж атрымоўвае такую, як бы адмаліўся ўсе тры часткі Ружанца. Жывы Ружанец — гэта саюз сэрцаў, з’яднаных у Беззаганным Сэрцы Марыі. Давайце ж разам заваёўваць для Хрыста ўсе душы ва ўсім свеце праз Беззаганнае Сэрца Марыі!

Галіна Калевіч
Фота Ю. Лукашэвіча

Р.S. Калі вы жадаеце далучыцца да ўдзельнікаў Сусветнага Жывога Ружанца, дашліце нам кароткія звесткі пра сябе: прозвішча, імя, імя па бацьку і дакладны адрас і тэлефон. Пасля таго, як створыцца група з 15 асобаў, мы вышлем вам па пошце прызначаную Таямніцу Ружанца. Па запрашэнні пробашча прадстаўнікі місіі могуць прыехаць да вас у парафію.

Жывы Ружанец складаецца з групаў па 15 асобаў, паміж якімі падзелены 15 таямніцаў Ружанца. Кожны чалавек, нягледзячы на ўзрост і становішча, які хоча маліцца на Ружанцы, можа быць уключаны ў Сусветную Асацыяцыю Жывога Ружанца. Кожны ўдзельнік штодзённа моліцца, разважаючы толькі адну Таямніцу, а разам ствараецца цэлы Ружанец. Таямнічка, якую атрымлівае вернік, уступаючы ў Жывы Ружанец, не мяняецца да канца жыцця.

Жывы Ружанец – гэта саюз сэрцаў, з’яднаных у Беззаганным Сэрцы Марыі. Вернікі гэтай міжнароднай супольнасці з’яўляюцца вернымі рыцарамі Маці Божай.

Абавязкі ўдзельнікаў Жывога Ружанца

  1. Адмаўляць вызначаную Таямніцу кожны дзень (у любы зручны час) да канца жыцця.
  2. Адмаўляць прызначаную Таямніцу ў інтэнцыі Трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі.
  3. Калі па нейкай прычыне (цяжкая хвароба альбо інш.) не можаш далей належаць да Асацыяцыі Жывога Ружанца, просім своечасова паведаміць нам для перадачы твае Таямніцы іншай асобе.
  4. Пры змене адраса і прозвішча просім паведаміць нам для ўнясення зменаў у спісы.
Раскажыце іншым аб гэтых малітвах і Асацыяцыі.

Наш адрас: