Чатырохтыднёвы час перад Божым Нараджэннем прызначаны для годнай падрыхтоўкі вернікаў да прыняцця нованароджанага Дзіцяці Езуса і называецца ён Адвэнт. Гэта лацінскае слова азначае прыйсце Збаўцы. Прыход Бога на зямлю чакаўся, быў жаданы, вымалены смуткам і цярпеннем усяго свету на працягу чатырох тысяч гадоў. Была гэта надзвычайная падзея, дар з дароў, вялікая справа Божай усемагутнасці і літасці. Без гэтага прыйсця свет падаў бы ў бездань вечнай смерці з панылых абрываў роспачы.

Адвэнт бярэ пачатак з першых стагоддзяў хрысціянства. Раней яго адзначалі ў посце, у чуванні і малітве (гэты звычай захаваўся ў некаторых законных кангрэгацыях).

Час Адвэнту павінен натхніць шчырым жаданнем адрадзіцца ў Езусе Хрысце, цалкам прысвяціць сябе Богу, падрыхтавацца да Яго чаканай ласкі.

У гэты час кожнага з нас заклікае святы Ян Хрысціцель: «Рыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму». Бог спашле крыніцу благаславення на нашы сэрцы, калі яны будуць гатовыя прыняць Яго. Такой падрыхтоўкай сэрца з’яўляецца шчырае чаканне збаўлення і Збаўцы. Таму Касцёл у гэты час згадвае патрыярхаў, што з сумам чакалі Месію, якога ў Святым Пісанні называюць Чаканнем народаў. У самоце лягчэй абудзіць у сабе гэта чаканне. Падтрымлівайце яго малітваю, адкрываючы сэрцы перад Панам, просячы Яго, каб прыйшоў завалодаць імі. Езус Хрыстус навучыў нас малітве, калі казаў маліцца да Айца нябеснага, каб прыйшло на зямлю Яго валадарства.

Божа Ойча! Хачу засяродзіцца падчас Адвэнту. Хачу праслаўляць таямніцу нараджэння Сына Твайго і чакаць нараджэння Яго ў маім сэрцы. Прыйдзі, Пане Езу! Прыйдзі, Дух праўды і любові, які ўчыніў, што Сын Божы прыняў цела з Найсвяцейшай Панны Марыі. Чакаю цябе, мой Божа, як Цябе чакалі прарокі і патрыярхі, і паўтараю разам з імі: «Крапіце расою з вышыняў, нябёсы, і з хмараў няхай сыдзе да нас Справядлівы; няхай адчыніцца зямля і народзіць Збаўцу» (Іс 45).

О Езу, няхай прыйдзе валадарства Тваё! Айцец нябесны даў Табе сілу над зямлёй і небам, нягледзячы на гэта, Цябе не прызналі, не прынялі і здрадзілі Табе! Калі ўчыніш суд над светам? Калі прыйдзе дзень Тваёй хвалы?

Пане Езу! Цярплю, а сэрца маё баліць, калі бачу беззаконне, што запанавала на зямлі, а Евангелле Тваё занядбана! Цярплю, чуючы, што і я таксама слуга Твой дрэнны і няверны.

О Пане! Сыдзі, каб вызваліць Тваіх дзяцей! Няхай прыйдзе валадарства Тваё!

Кс. Ігнат Клапатоўскі