Вялікі французскі пісьменнік Эміль Заля быў ворагам Касцёла. Ён здзекваўся з яго вызнаўцаў і калі іншы раз яму надаралася наведаць нейкі вясковы касцёл, то рабіў ён гэта не дзеля таго, каб памаліцца, але каб пасмяяцца з «адурманенага люду». Аднак Пан Бог у сваёй міласэрнасці не абмінае ніводнага чалавека, не пагарджае і такімі вось насмешнікамі. Ён толькі чакае зручнага моманту. Надышоў такі час, калі Бог схіліўся і над вялікім французскім пісьменнікам...

Ужо ў сталым веку Заля зламаў нагу і знерухомеў на доўгія месяцы. Рана, нягледзячы на лекаванне, не загойвалася, а наадварот павялічвалася. Дактары, убачыўшы, што іхняя праца не мае выніку, вырашылі ампутаваць нагу.

Але ў вігілію Божага Нараджэння Заля, лежачы ў ложку, прысніў такі сон: ён уваходзіць у касцёл, бачыць там на сцяне выяву Пані з Дзіцяткам на руках і спявае калядную песню. Калі на наступны дзень ягоная жонка зусім неспадзявана заспявала тую самую песню, Заля... папрасіў яе пайсці ў касцёл і запаліць свечку перад абразом Маці Божай. Жонка выканала ягонае пажаданне. У той жа дзень пісьменнік адчуў нейкі незвычайны боль у хворай назе. Паспрабаваў падняцца і, уражаны, адчуў, што ягоная нага больш не баліць. Так ён быў цудоўна аздароўлены.

Эміль Заля не толькі апісаў гэтае аздараўленне, але таксама прыняў каталіцкую веру, якую да таго часу зневажаў. 18 красавіка 1896 года ён абнародаваў свайго роду публічную споведзь. Вось урывак з гэтага незвычайнага дакумента:

«Цяпер, калі я цалкам пераканаўся, што на працягу трыццаці гадоў памыляўся, калі я зразумеў, на што абапіраецца ўся масонская сістэма, дактрыну якой я распаўсюджваў, прыводзячы таксама і іншых да гэткага ж распаўсюджвання, у выніку чаго шмат атуманеных людзей пайшло за мною, то шчыра шкадую аб гэтым. Асвечаны Богам, я ўсведамляю ўсё зло, якое ўчыніў, і ў выніку пакідаю масонства, разрываю з ім повязь салідарнасці, а таксама са скрухаю прызнаю свае памылкі адносна Касцёла. Прашу Бога прабачыць мне ўсё зло, якім я спакушаўся ў часе сваёй прыналежнасці да масонскай ложы, і малю нашага Найвышэйшага Пастыра, Яго Святасць Папу Льва ХІІІ прабачыць мне...»

Пасля трыццаці гадоў, у часе якіх Эміль Заля быў заснавальнікам, членам і вялікім настаўнікам масонскай ложы, ён у свае 56 гадоў публічна адрокся ад яе як ад найбольш цынічнай хлусні. Ён канчаткова навярнуўся і наноў звязаў сваё жыццё з каталіцкім Касцёлам. У свой час гэтае навяртанне выклікала бурную рэакцыю ў свеце, але цяпер ужо мала хто памятае пра яго.

Часопіс "Miіujcie się", № 9-10 (2001)
Пераклад І. Студзеньскай