Слова «вігілія» паходзіць ад лацінскага «vigiliae» (начная варта, бяссонная ноч, ноч чування) і азначае не толькі ўрачыстую вячэру, якую спажываюць напярэдадні Божага Нараджэння, але таксама кожны дзень, што папярэднічае вялікаму святу. Вернікі чакаюць яго (чуваюць) на працягу ўсёй ночы ў малітве. У Вігілію Божага Нараджэння ўсе захоўваюць абавязак устрымання ад мясной ежы.

Вігілійны стол

Заўсёды быў накрыты снежнабелым абрусам, пад які клалі сена на ўспамін пра стаенку, дзе ляжаў малы Езус.

Аплатак

Аплатак – гэта ахвяра. Звычай дзяліцца аплаткам сягае да вытокаў хрысціянскай традыцыі. У першыя стагоддзі пасля нараджэння Хрыста хрысціяне збіраліся на агапы (у перакладзе з грэцкай – любоў ці сведчанне любові) – «гасціны братняй любові». Такія гасціны адбываліся падчас вялікіх урачыстасцяў. Пасля малітвы ахвярнымі хлябамі, якія складваліся на алтарах, дзяліліся з беднымі, дзяліліся таксама садавінай, віном і мясам. Агапы захаваліся да V ст. Цяперашняе ламанне аплаткам вяртаецца да першапачатковай традыцыі.

Хрысціяне надалі аплатку містычную сімволіку. Ламанне аплатка – гэта напамін пра ламанне хлеба Хрыстом падчас Апошняй вячэры. У выглядзе тоненькага кавалачка пшанічнага хлеба аплатак з’явіўся ў часы панавання Караля Вялікага (VIII–IX стст.). На нашых землях вядомы з ХV ст. Спачатку толькі кляштары, а пазней кожная парафія мелі права выпякаць і распаўсюджваць аплаткі сярод вернікаў. Рабілі і каляровыя аплаткі, якімі ўпрыгожвалі дом і давалі ў Вігілію жывёле.

Сёння мы ламаемся аплаткам, складаючы адзін аднаму пажаданні, прабачаючы віну і даруючы крыўду. Такая традыцыя існуе не ўсюды. У Францыі, напрыклад, аплатак замяняюць 13 кавалачкаў хлеба, якія сімвалізуюць 12 апосталаў і Хрыста.

Бэтлеемская стаенка

Традыцыйная стаенка бярэ свой пачатак з 1223 г., калі св. Францішак збудаваў у Грэччыо (Італія) першую стаенку, дзе змясціў алтар з выяваю Дзіцяткі Езуса і ўсімі постацямі, якія згодна з евангельскімі апісаннямі былі сведкамі нараджэння Пана Езуса. Св. Францішак хацеў такім чынам ажывіць урачыстасць Божага Нараджэння. Гэты звычай вельмі хутка распаўсюдзіўся і захаваўся да сённяшняга дня.

Бэтлеемская зорка

Указвала дарогу Тром Каралям, якія неслі дары для Езуса, «ззяючы перад імі». Затрымалася, калі яны прыйшлі да стаенкі. Так апавядаецца ў Евангеллі. Мудрацы ўбачылі ў гэтай незвычайнай з’яве знак надыходу Месіі. Мы сёння таксама сядаем за вігілійны стол, калі на небе з’яўляецца першая зорка – сімвал Бэтлеемскай зоркі.

Пастэрка

Надыходзіць ноч, але гэта яшчэ не канец Вігіліі. Завяршэннем гэтага дня і адначасова пачаткам святаў Божага Нараджэння з’яўляецца Пастэрка – урачыстая Св. Імша, якая цэлебруецца апоўначы. Менавіта ноччу анёл павінен быў разбудзіць пастушкоў, абвясціць ім радасную навіну і прыспешыць іх да бэтлеемскай стаенкі.

У Божае Нараджэнне існуе прывілей, на моцы якога святары могуць цэлебраваць тры Св. Імшы, што звязана з традыцыяй патройнага нараджэння Хрыста Пана: з Бога Айца, з улоння Найсвяцейшай Панны і містычнага нараджэння ў нашых душах і сэрцах. Пра гэтае апошняе пісаў Адам Міцкевіч:

Верыш, што Бог нарадзіўся
у бэтлеемскай стаенцы,
але бяда, калі
не нарадзіўся ў табе.

Калядкі

Калядкі – гэта песні, якія надаюць таямнічасць і асаблівую паэтычнасць святу Божага Нараджэння. Яны вяртаюць цеплыню і любоў у кожны дом.

У ХІІІ стагоддзі, калі з’явіліся калядкі, яны складалі частку каляднай лялечнай дзеі і нагадвалі пра Бэтлеем. Праз 100 гадоў яны сталі самастойнымі песнямі, якія праслаўлялі нараджэнне Езуса Хрыста. Нашы калядкі расказвалі пра добрую навіну з Бэтлеема, а іх «падзеі» адбываліся ў рэаліях нашай суровай зімы. Найбольш калядак з’явілася на пераломе ХVІІ і ХVІІІ ст. Калядкі спяваюцца па ўсёй Еўропе і ў Амерыцы.

Падрыхтавала І. Ламака.