Ірына ЖАРНАСЕК

РАРАТЫ *
 
Кволы агеньчык свечкі
далоні трымаюць хлапечыя,
а побач -
яшчэ і яшчэ...
Дзівоснай красы ліхтарыкі
заззялі
зіхоткім
святлом
і асвяцілі дом Божы
на досвітку гэткім марозным.

Рараты...

"О Езу, на зямлю прыйдзі
і дай сваё збаўленне..."

Свечка
ў руках хлапчаняці
просіць у Бога
апекі:
для мамы -
яна, бедачына,
не можа ніяк прачнуцца
гэтым марозным ранкам,
каб разам з маленькім сынам
ісці ратаваць свой Край;
для таты -
ён без настрою:
палучка яшчэ далёка,
кішэні ж даўно пустыя
і пахмяліцца так хочацца
пасля ўчарашняе п'янкі.

Рараты...

Нясе сваю свечку хлапчук -
не дыхае,
каб не пагасла
святло трапяткое, дрыготкае -
яно так патрэбна сягоння,

каб выслухаў Пан Бог малітвы
яго і старэнькай бабулі,
што дзесьці на лаўцы мовіць
просьбы свае да Бога...
Рараты...

Звоняць
званы
святыні.
Краіна застыла ў чаканні
прыходу Таго,
Хто
прыйсці павінен
і ашчаслівіць зямлю,
якая нават не ведае,
чаго не стае
ёй
для шчасця.

Рараты...

Краю, мой Краю,
хто і калі цябе разгадае?

Звоняць званы.
Але ў ложках
соладка спяць сном глыбокім
не дзеці -
іхнія таты і мамы.

Ім для таго, каб прачнуцца,
што яшчэ трэба, Божа?!

Ды ўсё ж не памерла надзея,
бо дзеці, іхнія дзеці,
гэтым марозным ранкам
са свечкамі і ліхтарамі,
з малітвай даверу на вуснах
ідуць ратаваць свой Край.

Рараты...


Рараты – назва Св. Імшы на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. Цэлебруецца яна на досвітку на працягу ўсяго Адвэнту. Пасярэдзіне касцёла ставіцца свечка, якая сімвалізуе Найсвяцейшую Панну Марыю, якая нібы ранішняя зорка, што апераджала сонечнае святло, папярэднічала прыйсцю на зямлю Святла свету, Хрыста Пана. Сама назва паходзіць ад першых слоў Introitu Св. Імшы аб Маці Божай, якая цэлебруецца ў Адвэнце: Rorate coeli desuper («Крапіце расою з вышыняў, нябёсы»).

Ірына ЖАРНАСЕК