Ужо сталі гісторыяй урачыстасці святкавання 2000-годдзя Нараджэння Хрыста. Чым сустракалі гэты Юбілей мы, людзі ХХІ стагоддзя? Зялёныя прыгажуні-елкі, феерверкі, салюты, мора шампанскага і весялосці. І за гэтай мітуснёй многія з нас так і не заўважылі (ці не хацелі заўважыць), што ўжо 2000 гадоў поруч з намі крочыць Езус Хрыстус, які ўзваліў на свае плечы крыж нашых грахоў, крочыць, каб прывесці над да вечнага збаўлення. Але давайце павернем кола гісторыі назад і паглядзім, чым сустракалі нашы продкі 1900-годдзе Нараджэння Хрыста.

Для жыхароў Кабыленскай (а цяпер Нарачанскай) парафіі 1901 год быў самым шчаслівым, самым адметным, і ён застаўся ў памяці народа на вякі. У старажытным мястэчку Кабыльнік адбылася вельмі важная для парафіянаў гістарычная падзея: было завершана будаўніцтва доўгачаканага касцёла.

Пасля цяжкіх пяцігадовых будаўнічых работ, пасля ганенняў з боку мясцовых царскіх уладаў 30 лістапада 1901 года адбыліся святкаванні ў гонар адкрыцця новай святыні — касцёла святога апостала Андрэя. На ўрачыстасць сабраліся не толькі кабыльніцкія парафіяне, але і вернікі з суседніх парафій.

Гэта быў першы (а па ліку чацвёрты) цагляны касцёл, пабудаваны ў мястэчку Кабыльнік за яго амаль 500-гадовую гісторыю. На будаўніцтва былых драўляных касцёлаў сродкі давалі магнаты, а гэты храм быў пабудаваны намаганнямі кс. Ігната Расалоўскага на сродкі парафіянаў. Вернікі шчыра і аддана працавалі на будаўніцтве касцёла: на конях вазілі з Паставаў цэглу, з Шэметава — лес. Праца знаходзілася нават для жанчын: яны па рыштаваннях падавалі будаўнікам цэглу. Уражвае тое, што сродкі на будаўніцтва кабыльніцкага касцёла збіралі не толькі ў суседніх парафіях, але нават у далёкай Амерыцы.

Новая святыня была першым храмам, пабудаваным на пачатку ХХ стагоддзя ў Віленскай дыяцэзіі.

Кс. Ігнат Расалоўскі пачаў хутка рыхтаваць касцёл да кансэкрацыі: у 1902 годзе ў Вільні быў адрэстаўраваны абраз Панны Марыі для галоўнага алтара, пазней — абразы св. Андрэя і св. Роха. У 1904 годзе ў Вільні былі зроблены алтары для абразоў і амбона ў неагатычным стылі. Майстры з Германіі зрабілі дубовыя лаўкі.

Але з-за складанай палітычнай сітуацыі кансэкрацыя касцёла адбылася толькі праз тры гады. 25 ліпеня 1904 года біскуп Эдвард Роп у суправаджэнні святароў і вернікаў пераступіў парог новай святыні. Ён урачыста асвяціў галоўны алтар, бакавыя алтары і сцены касцёла. Так пачалося жыццё новага Божага дома.

Шмат давялося перажыць нарачанскаму касцёлу за сваю стогадовую гісторыю: І і ІІ сусветныя войны, акупацыю, часы сталінізму і ваяўнічага атэізму. Але дзякуючы намаганням святароў і вернікаў касцёл выстаяў. Асабліва цяжкімі для святыні былі 50-я гады. Камуністычныя ўлады, спрабуючы знішчыць веру, пасадзілі ў турму пробашча парафіі кс. Пятра Васючонка, аднак вернікі ўсё роўна прыходзілі ў касцёл і адпраўлялі набажэнствы без святара. Паслугачы Леніна-Сталіна забралі ў іх ключы ад касцёла, але гэта не прымусіла нарачанцаў адрачыся ад веры. Парафіяне пачалі абыходзіць Крыжовую Дарогу вакол касцёла, прычым збіралася столькі людзей, што іх спеў чуўся за два кіламетры. Ноччу вернікі таксама не спалі: сцераглі касцёл ад падпалу.

Дзякуючы адданасці простага Божага люду святыню ўдалося ўратаваць для новых пакаленняў, для нас. Нізка схіляем перад вамі галовы, мужныя нарачанскія людзі! Вы праз цемру бязвер’я і атэізму пранеслі святло сваёй веры, каб запаліць агеньчык Божай любові ў нашых душах.

Толькі дзякуючы вам сэрца касцёла святога апостала Андрэя б’ецца і сёння. У касцёл ідзе моладзь — наша будучыня, сагравае слых мілагучная беларуская мова.

Нашы продкі збераглі гэтую святыню і перадалі яе нам як неацэнны скарб. А ці будзем мы годнымі іх памяці, залежыць толькі ад нас.

З Днём нараджэння цябе, дарагі сэрцу касцёл. Жадаем, каб яшчэ сотні год ты сваімі стромкімі вежамі ўзносіўся ў Неба і ўказваў нам шлях да Чысціні і Вечнасці.

Часлаў Каспарэўскі,
Ірына Шнітоўская