Душа верніка заўсёды квітнее, калі ён у малітве праслаўляе Бога і Найсвяцейшую Ягоную Маці. Сэрца верніка ўсё часцей і часцей б’ецца думкай пра сваё Збаўленне. Паступова хвала Божая авалодвае ўсімі прысутнымі ў храме, а за атрыманыя ласкі хочацца бясконца дзякаваць Нябеснаму Айцу, у тым ліку і праз спеў. Якраз пра такія спевы хору «Глёрыя» мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і пойдзе размова.

Ідэя стварэння гэтага хору, па словах яго дырыжора сястры Людмілы Месніковіч, узнікла вельмі даўно, яшчэ калі яна вучылася ў Баранавіцкім музычным вучылішчы. У той час марай будучага дырыжора было сабраць касцёльную моладзь, якая б спявала на хвалу Бога. У мінскай архікатэдры перад сястрой Людай якраз і паўстала задача паставіць на належны ўзровень музычнае суправаджэнне Святой Імшы. Чатыры гады таму, у дзень святой Цыцыліі, 21 лістапада, быў заснаваны маладзёжны парафіяльны хор «Глёрыя». Тады ля вытокаў гэтай справы стаялі толькі 5 чалавек. Цяпер хор налічвае каля 60 удзельнікаў.

Назва хору «Глёрыя» перакладаецца з латыні як «хвала», і спяваць у гэтым калектыве — значыць, быць хрысціянінам і ўхваляць Бога не толькі голасам, але і ўсім сваім жыццём. Як казаў Ян Златавуст, «можна спяваць і без голасу, калі душа ўнутры нараджае чароўныя гукі». Гэта той самы выпадак, калі гавораць, што душа спявае. Моладзь з хору «Глёрыя» жадае спяваць на хвалу Божую і тым самым радаваць вернікаў. Гэта і з’яўляецца яе пачэснай місіяй.

Штогод юнакі і дзяўчаты, пераважна студэнты, папаўняюць склад удзельнікаў хору. Некаторыя з іх пасля заканчэння вучобы ад’язджаюць працаваць на сваю малую радзіму. Такім чынам, праз хор за 4 гады прайшло каля ста чалавек. Ім будзе што распавесці сябрам. Напэўна, першае, пра што пойдзе размова, дык гэта пра гонар спяваць на Святой Імшы, ездзіць на хрысціянскія ўрачыстасці, удзельнічаць у фестывалях духоўнай музыкі. Хор «Глёрыя» пабываў у многіх гарадах Беларусі, яго спевы чулі і ў польскім горадзе Лодзь. Дзесьці два гады таму пры падтрымцы нунцыя Апостальскай Сталіцы арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага калектыў выпусціў сваю кружэлку. «Глёрыя» — чатырохгалосы хор. Свае творы, псальмы і гімны ён выконвае ў асноўным па-беларуску, зрэдку — па-польску і на латыні пад акампанемент аргана, дзвюх-трох скрыпак (часам да іх далучаецца арфа). У рэпертуары хору нямала спеваў, прысвечаных Панне Марыі, Хрыстоваму Нараджэнню, Езусу Укрыжаванаму, Вялікадню.

Хрысціянскія харавыя спевы па іх узнёсласці і празрыстасці можна аднесці да найвышэйшых узораў музыкі. Такое адчуванне ўзнікае, калі слухаеш хор «Глёрыя». Выкананне ім духоўных, эмацыйна насычаных твораў выклікае глыбокія пачуцці. Пра ўзровень майстэрства калектыву красамоўна сведчыць той факт, што на фестывалі «Залатагорская ліра» вясной гэтага году ён атрымаў ад Віктара Скарабагатава запрашэнне прыняць удзел у конкурснай праграме фестывалю «Магутны Божа». За 4 гады хор стаў вядомы сярод святароў і вернікаў. Вялікім прызнаннем з’яўляецца і тое, што «Глёрыю» ўжо два разы запрашалі спяваць на святочнай Імшы ў Будславе.

Моладзь з хору «Глёрыя» актыўна ўдзельнічае ва ўсіх справах парафіі, адказвае за неафіцыйныя часткі разнастайных урачыстасцяў, ладзіць сцэнкі, весяліць народ у пілігрымках. Амаль кожны ўдзельнік калектыву па-свойму таленавіты: адзін добра малюе, другі — майстар па мастацкім афармленні памяшкання да свята, трэці мае багатую фантазію.

Дарэчы, першае, што прываблівае моладзь да касцёла, гэта добрыя зносіны братоў і сясцёр у Хрысце. Разам яны моляцца, наведваюць рэкалекцыі, праводзяць вольны час. За 4 гады існавання супольнасці з яе выйшлі тры хрысціянскія сям’і і пяць чалавек адчула ў сабе дар паклікання да закону. Інтарэсы тутэйшых хлопцаў і дзяўчат таксама рознабаковыя: музыка ўсіх стыляў і напрамкаў, кіно, тэатр, кнігі, але перадусім хор «Глёрыя» славіць Пана Бога.

Алена Татаровіч
Фота з архіва хору.