13 кастрычніка 1999 года Ян Павел ІІ, засноўваючы Апостальскай Канстытуцыяй «Ad aptius consulendum» новую Віцебскую дыяцэзію на Беларусі, надаў статус катэдры парафіяльнаму касцёлу св. Барбары ў Віцебску. У гэты самы дзень Святы Айцец прызначыў першага віцебскага біскупа – ім стаў ксёндз біскуп Уладзіслаў Блін. Першы пастыр віцебскага касцёла праз пасрэдніцтва тагачаснага Апостальскага нунцыя на Беларусі арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага 31 кастрычніка 2000 года накіраваў у Апостальскую Сталіцу просьбу аб стварэнні пры катэдральным касцёле ў Віцебску капітулы канонікаў. Кагрэгацыя па справах духавенства ў дэкрэце ад 2 сакавіка 2001 г., ідучы насустрач просьбе біскупа ардынарыя, заснавала першую ў гісторыі Касцёла на Беларусі Віцебскую катэдральную капітулу.

«Віцебская катэдральная капітула (...) складаецца з калегіі святароў, галоўная мэта якой – правядзенне больш урачыстых літургічных чынаў у катэдральным касцёле св. Барбары, а таксама выкананне заданняў, акрэсленых правам, ці даручаных ёй дыяцэзіяльным біскупам» (Статут Віцебскай катэдральнай капітулы, арт. 1). Апекунамі капітулы з’яўляюцца Езус Міласэрны, Маці Божая – Маці Касцёла і св. Язафат Кунцэвіч. У склад капітулы ўваходзяць 4 пралаты, 8 звычайных канонікаў і неакрэсленая колькасць ганаровых канонікаў.

Вось склад звычайных канонікаў Віцебскай катэдральнай капітулы: кс. пралат Міхал Юзьвяк – прэпазіт, кс. пралат Міраслаў Скочыляс – дзекан, кс. пралат Андрэй Шэўціў – пэнітэнцыярый, кс. пралат Юры Сабковяк – сакратар, кс. пробашч, канонік Эдвард Ахрамовіч, кс. пробашч, пралат Юзаф Булька, кс. дзекан, пралат Францішак Кісель, кс. дзекан, пралат Мечыслаў Янчышын, кс. дзекан, канонік Крыштаф Менкіна, кс. дзекан, канонік Уладзіслаў Пятрайціс, кс. дзекан, канонік Крыштаф Вітвіцкі, кс. канцлер, канонік Пётр Сялкоўскі.

15 лістапада 2001 года а 11-й гадзіне ў віцебскім катэдральным касцёле ксяндзом біскупам Уладзіславам Блінам канцэлебравалася ўрачыстая Эўхарыстыя, падчас якой адбылося зацвярджэнне новай капітулы. У канцэлебраванай Св. Імшы прынялі ўдзел дапаможны біскуп з Мінска Кірыл Клімовіч, дыяцэзіяльнае і законнае духавенства, законныя мужчынскія і жаночыя супольнасці, якія працуюць на тэрыторыі дыяцэзіі, а таксама свецкія вернікі. Катэдральны касцёл быў перапоўнены, а ўрачыстасць упрыгожыў катэдральны хор «Gloria» з Мінска. У гаміліі духоўны айцец дыяцэзіі а. Марэк Пасют OFM Cap сказаў, што сэрцам Касцёла і кожнага святара з’яўляецца і павінен быць табэрнакулюм і Эўхарыстыя. Пасля Св. Камуніі прайшоў абрад устанаўлення. Святары-канонікі, апранутыя ва ўрачыстыя шаты (чорная сутана з кантам і гузікамі фіялетавага колеру, фіялетавы пояс, комжа з чырвонай падшыўкай, фіялетавая накідка і г.зв. дыстынкцыя ці ланцуг з раўнабедраным крыжам і пярсцёнак), склалі ў прысутнасці дыяцэзіяльнага біскупа Вызнанне Веры і прысягу выконваць абавязкі ў капітуле. Потым ксёндз біскуп запрасіў новага каноніка заняць адпаведнае месца ў прэзбітэрыі.

Пасля заканчэння Св. Імшы адбыўся святочны абед, а затым (у дыяцэзіяльнай курыі) – першая сесія Віцебскай катэдральнай капітулы.

Кс. канцлер Пётр Сялкоўскі