У Віцебскай дыяцэзіі апошнім часам створана шмат новых парафій. Большасць з іх нешматлікія, бо паўсталі там, дзе касцёл быў альбо вельмі даўно, альбо і ўвогуле не было. Зразумела, што там цешацца кожнаму чалавеку, які прыходзіць на супольную малітву. Сёння ж размова пойдзе пра адну з найвялікшых парафій Віцебшчыны — касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім. Чым жыве яна? Якія тут ёсць праблемы? А, можа, іх і зусім няма, бо прасторны касцёл цалкам запоўнены амаль на кожнай Святой Імшы? На гэтыя пытанні я папрасіла адказаць пробашча Крыштафа Вітвіцкага.

— Думаю, што праблемы ёсць заўсёды і ўсюды: там, дзе ёсць чалавек, там ёсць і праблемы, большыя альбо меншыя. А душпастырскага клопату ў вялікай парафіі таксама хапае. Можа, ён якраз у тым, што парафія вялікая і ёсць небяспека абысці кагосьці ўвагай. Святару заўсёды прыкра, калі ён разумее, што ў ягонай парафіі хтосьці не атрымаў патрэбнай духоўнай апекі. Заўсёды з болем думаеш пра аддаленыя вёскі, у якія не заўсёды можна даехаць у патрэбны час. Дык гэта цяпер, калі на парафіі нас двое святароў, а раней тут увогуле неяк даваў рады адзін святар.

— Дзе яшчэ, апрача Глыбокага, вы адпраўляеце Святую Імшу?

— Ездзім у Азярцы. Там, дарэчы, плануем пабудаваць невялікі касцёл. Калі добрае надвор’е, то молімся ў Гірстунах пад крыжам, а ў непагадзь на малітву запрашаюць у хату гасцінныя вяскоўцы. Моладзі тут мала, дзяцей таксама, але вернікі сталага веку ёсць: з 37 двароў толькі ў дзвюх хатах жывуць праваслаўныя, астатнія ж — католікі. Як жа не будзеш туды ездзіць? Таму трэба думаць і там пра капліцу.

— Ведаю, што вы яшчэ абслугоўваеце і Дом састарэлых.

— Так, у Петрунове кожную суботу адпраўляецца Святая Імша для адзінокіх дзядуль і бабуль. Там у самім доме ёсць утульная капліца, якую наведваюць і католікі, і праваслаўныя. Нашым братам па веры, калі яны таго просяць, мы, вядома ж, таксама не адмаўляем у духоўнай апецы. Імша праходзіць па-беларуску, таму моўнага бар’еру няма, усе мы можам разам маліцца.

Зрэдку адпраўляем Святую Імшу пад крыжам у Прыперным. Час ад часу святар бярэ Найсвяцейшы Сакрамэнт і едзе ў бальніцу: хто з хворых захоча спавядацца і прыняць Святую Камунію, то мае такую магчымасць. Гэта таксама вельмі важная і патрэбная праца. Пакуль што не наладжана ў нас сталае душпастырства ў Беразвецкай турме. Трэба гэта неяк выпраўляць.

— Але ж і ў самім Глыбокім шмат працы...

— Як самі бачыце, нямала. У нядзелю, напрыклад, першую Святую Імшу адпраўляем па-польску, потым — Святая Імша па-беларуску для дзяцей. Пазней — галоўная Імша нядзелі — сума. Яна адпраўляецца таксама па-беларуску з абавязковым удзелам парафіяльнага хору. Увечары ёсць яшчэ Імша для моладзі, а ў буднія дні адпраўляюцца дзве Святыя Імшы — рана і ўвечары, па-беларуску і па-польску.

— Так што, ніхто не пакрыўджаны.

— Спадзяюся. Вядома, гэта вельмі важна, каб кожны меў магчымасць у зручны для яго час прыйсці на малітву. І, вядома, важна, каб не было моўнага бар’еру, бо калі чалавек прыходзіць у святыню, ён павінен добра разумець тое, што яму кажа Хрыстус. Тады наша вера будзе сапраўднаю, калі мы будзем не механічна мовіць завучаныя малітвы і адказваць на Святой Імшы, але разумець і сэрцам успрымаць кожнае слова. І, вядома ж, тлумачэнне Божага слова для старэйшых людзей павінна быць адным спосабам, іншым — для дзяцей і моладзі.

— Дарэчы, выпадкова чула сёння, як дзяўчаты з хлопцамі на касцельным цвінтары змаўляліся прыйсці на сустрэчу ў касцёл. Калі не сакрэт, што гэта за сустрэча?

— Які ж тут можа быць сакрэт? Наадварот, мы імкнемся, каб як найбольш моладзі прыходзіла на спатканні, якія праходзяць кожны чацвер. Напачатку адпраўляецца Святая Імша, а потым ладзіцца наша сустрэча. Разам молімся, размаўляем, абмяркоўваем пытанні хрысціянскай веры, якіх заўсёды шмат, калі толькі ты ставішся да веры як да найкаштоўнейшага скарбу. І заўсёды трэба дбаць, каб гэты скарб быў чысты, без дамешку фальшу. У гэтым сэнсе наша моладзь мяне радуе. Неяк на нашай сустрэчы мы дзяліліся ўражаннямі аб мінулым леце. Хлопцы і дзяўчаты столькі распавялі цікавага і так нераўнадушна, што многія іхнія гісторыі я і цяпер памятаю.

— Напрыклад...

— Ну, вось хоць бы гэтую. Адна дзяўчына з нашай парафіі была на рэкалекцыях у Наваградку і вечарам ўдзельнічала ў набажэнстве Крыжовага Шляху. Яна распавядала, як у хвіліны найбольшай засяроджанасці ў малітоўную атмасферу раптам уварваліся гукі рок-музыкі — гэта мясцовая моладзь распачынала свае забавы, якія перамешваліся брыдкімі словамі, цыгарэтным дымам ды алкаголем. Дзяўчыну моцна ўразіў кантраст паміж тым, што перажывала яна, і паводзінамі равеснікаў на тым гучным гульбішчы.

Мяне вельмі цешыць, калі моладзь шчыра выказвае свае думкі, погляды, успрыманне той ці іншай з’явы, калі яна імкнецца зразумець і сябе, і навакольны свет. Гэта дапамагае знаходзіць сумеснае тлумачэнне няпростых пытанняў нашага часу. А дзеля таго, каб навучыцца бачыць усе складанасці і захаваць у сабе хрысціянскую сталасць, моладзь часта ўдзельнічае ў рэкалекцыях у тым жа Наваградку, Баранавічах, Друі.

— Вельмі парадавала мяне сёння, калі я ўбачыла ў вашым касцёле абразы блаславёных мучанікаў Мечыслава Багаткевіча, Станіслава Пыртака, Уладыслава Мацьковяка, якія ў 1943 годзе прынялі ў Беразвеччы, што паблізу Глыбокага, пакутніцкую смерць ад гітлераўцаў. Маеце добрых заступнікаў у небе.

— Так, дзякуй Богу. Стараемся пашыраць іх культ сярод парафіянаў, але разумею, што трэба яшчэ шмат папрацаваць дзеля гэтага. Бо, вядома ж, трэба, каб і стары, і малы дзе-дзе, а ў Глыбокім, то ўжо абавязкова ведаў гэтых людзей, шанаваў іх памяць, вучыўся ў іх вернасці Хрысту, дасканаліўся на гэтай вернасці і ахвярнасці.

Зрабіць яшчэ трэба шмат! Але не сумняваюся, што ўсё запланаванае, калі яно на хвалу Божую, будзе зроблена. Бо для ўсіх нашых добрых спраў ёсць у нас добрая падтрымка — малітва. Адны групы міласэрнасці ў нашай парафіі ды ружанцовыя колы здольныя на многае. Да прыкладу, ружанцовых колаў у нас 10. Кожны месяц мы молімся ў нейкай новай, актуальнай інтэнцыі. Стараемся пры гэтым не замыкацца на патрэбах толькі нашай парафіі, але жыць усім тым, што адбываецца ў свеце. Як, скажам, застацца раўнадушным і не маліцца за мір і згоду паміж народамі? Альбо як не маліцца за нейкага канкрэтнага чалавека, які перажывае жыццёвы крызіс? За моладзь, якая почасту імпэтна вылятае ў вялікі свет з нашага Глыбокага з надзеяй знайсці сваё шчасце, а замест гэтага мае небяспеку загубіцца ў тым складаным, супярэчлівым і часта такім жорсткім свеце? Часта молімся за памерлых, асабліва за тых, хто загінуў у аварыях, катастрофах без паяднання з Богам.

— І як вы даяце рады на такім агромністым полі жніва?

— Аднаму было б цяжка. Але цяпер, дзякуй Богу, ужо ёсць вікарый, ксёндз Павел Галіц. І ўсё ж у першыя пятніцы месяца, у часе посту вымушаныя карыстацца дапамогай святароў з дыяканату. Прызнаюся, калі б не яны, нам было б вельмі складана паспець усіх паспавядаць, удзяліць іншыя патрэбныя сакрамэнты.

— Колькі прыкладна вернікаў у вашай парафіі?

— Па спісах з апошняй Каляды недзе тры тысячы чалавек. Але я лічу, што прыкладна на дзве тысячы іх больш, бо пакуль што не да ўсіх мы яшчэ дайшлі з духоўнай апекай. Неяк аднаго разу палічылі ў нядзелю, колькі людзей прыняло на суме Святую Камунію. Аказалася — 720 чалавек. Гэтая лічба найвыразней кажа пра нашу парафію. Пакуль у нядзелю ўдзеліш Святую Камунію, дык рука забаліць...

— Але не сумняваюся, ксёндз Крыштаф, што гэты боль нясе вам радасць. Жадаю, каб менавіта гэткі, а не які іншы боль вы заўсёды спазнавалі ад сваіх парафіянаў. Жадаю, каб і старэйшыя, і моладзь па-сапраўднаму любілі сваю парафію і шчыра, бескарысліва супрацоўнічалі разам з вамі і законнымі сёстрамі дзеля карысці гэтай вялікай каталіцкай супольнасці.

Гутарыла Ірына Жарнасек.