Тыдзень малітваў
за еднасць хрысціянаў.

З 18 па 25 студзеня Каталіцкі Касцёл разам з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх Касцёлаў і супольнасцяў маліўся аб духу еднасці сярод усіх вызнаўцаў Езуса Хрыста. У гэтым годзе Тыдзень малітваў праходзіў пад дэвізам «бо крыніца жыцця - у Табе» (Пс 36, 10).

Тэзэ - пілігрымка даверу па зямлі

У Будапешце закончылася 24-я Сустрэча моладзі Еўропы, арганізаваная экуменічнай супольнасцю Taize. Праходзіла яна з 28 снежня 2001 г. па 1 студзеня 2002 г. У сталіцу Венгрыі прыехала 70 тысяч вернікаў з усёй Еўропы.

«Любі і абвясці гэта ўсім сваім жыццём» - менавіта гэтымі словамі пачынаецца ліст брата Ражэ з Тэзэ ў 2002 годзе, і менавіта яны вызначаюць тэматыку разважанняў на сустрэчах ў Тэзэ і ў іншых частках свету.

Той, хто калі-небудзь прымаў удзел ў сустрэчы, арганізаванай братамі з Тэзэ, напэўна, адчуў тую атмасферу адкрытасці і ўнутранай сцішанасці, якая дапамагае зразумець, што шляхі да еднасці могуць і павінны існаваць сярод шматлікіх культур і хрысціянскіх традыцый.

Арганізоўваючы «пілігрымку даверу па зямлі», Тэзэ не стварае ніякага руху вакол сваёй супольнасці. Кожнага, хто наведвае Тэзэ, заклікаюць паглыбіць сваё ўнутранае жыццё, вучыцца разумець таго, хто таксама знаходзіцца ў пошуках сэнсу жыцця. Кожны павінен быць гатовым узяць на сябе нейкую новую адказнасць, каб палепшыць жыццё ў гэтым свеце.

Усе ўдзельнікі сустрэчы ў Будапешце прысутнічалі на супольных малітвах, на якіх тройчы ў дзень усхвалялі Бога, разважаючы словы Евангелля, праслаўлялі Творцу праз спеў і кантэмпляцыю. На працягу дня праходзілі сустрэчы, тэмамі якіх былі: «Прагненне Бога вяртае нашую душу да Бога», «Ці магчыма прабачэнне?», «Пра якую Еўропу мы марым?» і г.д. Былі і тэмы, звязаныя з мастацтвам. Такім чынам, кожны мог выбраць нешта цікавае для сябе.

Усе, хто прыбыў на сустрэчу ў Будапешт, былі запрошаны наблізіцца да вытокаў Евангелля праз малітву і кантэмпляцыю, а таксама адкрыць - можа, нанава - сэнс свайго жыцця.

Асізі - Сусветны міжрэлігійны
дзень малітвы аб міры.

Запрашэнне прадстаўнікоў розных рэлігій на малітву аб міры ў Асізі нельга лічыць рэлігійным сінкрэтызмам. «Хрысціяне і вызнаўцы іншых рэлігій могуць маліцца, аднак не могуць гэта рабіць разам», - напісаў старшыня Папскай рады па справах Адзінства Хрысціянаў кардынал Вальтэр Каспэр. Указваючы на агульныя для ўсіх рэлігій аднясенні да Бога, на шэраг маральных прынцыпаў, а таксама на імкненне да міру кс. кардынал падкрэсліў магчымасць іх супрацоўніцтва. «Сусветны дзень малітвы аб міры каталіцкі Касцёл лічыць магчымасцю даць супольнае сведчанне, што хрысціяне ўсё больш усведамляюць сваю адказнасць за справу міру. Хрысціяне таксама ведаюць, што разам з вызнаўцамі іншых рэлігій яны маюць зброю - малітву аб міры», - сцвердзіў кард. Каспэр і падкрэсліў, што «перад абліччам страшнага ланцуга насілля хрысціяне бачаць толькі адну альтэрнатыву - супольнае ўзаемапрабачэнне і згоду». «У гэтым духу просім усіх крочыць разам з намі тым самым шляхам надзеі, справядлівасці, паяднання і спакою», - напісаў ватыканскі іерарх.

Калі міжнародная раўнавага парушана тэрарыстычнымі актамі і злачынствамі, якія ўчыняюцца «ў імя Бога», імкненне да ўсталявання міру ў свеце з'яўляецца радыкальным заклікам. Сакратар Папскай рады «Справядлівасць і Мір» напісаў, што «ў такой драматычнай і няпэўнай сітуацыі галоўнае заданне Касцёла - гэта ўмацаванне вернікаў у веры, якая стварае атмасферу даверу і дыялогу, а таксама будаванне братэрства і міру паміж людзьмі». Таму міжрэлігійная сустрэча ў Асізі - не толькі малітва аб міры, але адначасова заклік да супольнага будавання радыкальнага міру.

Таццяна Мухляда