На першы погляд, гэта зусім нескладанае пытанне. Ну, бо як жа інакш — мы ж вернікі, часта бываем у касцёле, молімся, спяваем пабожныя песні. І ўсё ж: ці прагнеш ты, каб Езус нарадзіўся ў тваім сэрцы? Якая твая вера: гарачая, жывая, што дапамагае ўвесь час адчуваць на сабе Божы позірк і Яго прысутнасць у тваім жыцці? Альбо яна, твая вера, — гэта штосьці ні халоднае, ні гарачае, штосьці такое, што ператварылася ў традыцыю, звычку і ты ўжо асабліва не задумваешся над зместам гэтай традыцыі?

Дык ці прагнеш ты, каб Езус нарадзіўся ў тваім сэрцы?

На гэтае, знешне простае, а адначасна такое глыбокае пытанне спрабавалі знайсці адказ маладыя хлопцы і дзяўчаты Віцебшчыны, якія на пачатку снежня мінулага года сабраліся на начное чуванне ў полацкім касцёле святога Андрэя Баболі.

Пачалося чуванне весела й гаманліва і спярша нагадвала большасць моладзевых «тусовак». Вернікі з розных парафій знаёміліся паміж сабою, з гумарам ды не без гонару распавядалі пра адметнасць сваіх парафій. Адны распавядалі пра свой стары касцёл, другія з захапленнем казалі пра законніц, што робяць жыццё ў парафіі цікавым ды змястоўным, а трэція, што іх пробашч... мае самую доўгую бараду ва ўсёй дыяцэзіі. Раз-пораз залу ўзрываў дружны, бесклапотны смех, і камусьці магло б здацца, што гэтая вясёлая гамана не надта адпавядае галоўнай мэце, дзеля якой моладзь сабралася тым зімовым марозным вечарам. Бо сабралася яна ўсё ж на малітоўнае чуванне!

Але знаёмства нарэшце скончылася, і ўся грамада дружна рушыла ў касцёл, дзе і чакала яе гэтае няпростае пытанне: «Ці прагнеш, каб Езус нарадзіўся ў тваім сэрцы?» Пытанне было напісана на вялікім планшэце і змешчана пры алтары. Так што ўнікнуць яго, зрабіць выгляд, што яно адрасавана не табе, не выпадала.

Пытанне пастаўлена. Як знайсці на яго адказ?

На дапамогу прыйшоў святар. Слова ксяндза Вячаслава Барка пра сэнс Хрыстовага збаўлення для чалавека, пра тое, што дае чалавеку вера ў Бога, ад чаго вызваляе і да чаго абавязвае, успрымалася так, нібы святар прамаўляў менавіта да кожнага, зразумеўшы менавіта яго праблемы.

Потым была пантаміма, якая зноў жа выразнымі пластычнымі рухамі ставіла ўсё тое ж пытанне пра сэнс жыцця. Пра тое, што шукаць гэты сэнс трэба настойліва, не адступаючыся перад выпрабаваннямі ды спакусамі больш латвага чалавечага існавання.

...Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Святая гадзіна, калі ты застаешся сам-насам з Богам. І гэта магчыма нават тады, калі касцёл перапоўнены тваімі аднагодкамі. Зрэшты, яны таксама ў гэтыя хвіліны трываюць на гэтай важнай, непаўторнай, кожны раз новай размове з Ім, для каго ты хочаш адчыніць сваё сэрца. І ў гэтыя хвіліны засяроджанай малітвы ты і твае аднагодкі так моцна адрозніваецеся ад тых хлапцоў і дзяўчат, што нядаўна бесклапотна пляскалі ў ладкі ў часе знаёмства. Вы цяпер — іншыя. У вас цяпер — размова з Ім, у часе якой раптам адкрываюцца самыя аддаленыя куточкі сэрца. І ты, неспадзявана для самога сябе пачынаеш разумець, што яно, тваё сэрца, моцна прагне ачышчэння. Нібы ў той прыгожай песні старажытнага псальміста:

Як лань, што прагне напіцца з крыніцы,
Так Цябе я прагну, Божа...

Адчуўшы вострую патрэбу ў гэтай блізкасці і паяднанні, ты падымаешся і паволі ідзеш да канфесіяналу, каля якога ўжо стаіць чарга тваіх аднагодкаў. Усе яны сцішаныя, засяроджаныя. Яны ўглядаюцца ў саміх сябе, сваё «я» з жаданнем пайсці праз нейкі час ад гэтага канфесіяналу ачышчанымі, лепшымі. Цуд сакраманту пакаяння. Ён здзейсніцца, калі ты, наблізіўшыся да спавядальні, адкрыеш сваё сэрца не перад чалавекам, але перад самім Богам. Няпроста гэта. Не заўсёды ўдаецца. Але тым каштоўнейшым для цябе будзе Яго прабачэнне, якое нясе палёгку і ўлівае ў цябе новыя сілы, а самае важнае — ты раптам адчуеш Яго вялікую, неспасцігальную, ашаламляльную любоў да цябе. Менавіта да цябе, які яшчэ нядаўна саромеўся сам сябе, сваіх непрыгожых учынкаў, думак, імкненняў. Саромеўся смецця, што назбіралася ў душы і перашкаджала адчуваць сябе вольным, спакойным, упэўненым. Тое смецце і бруд не зменшылі Яго любові да цябе, а, можа, наадварот: пераадолеўшы свой сорам і страх, ты адчуў, што цябе любяць яшчэ мацней. Цябе любіць Ён! І для Яго ты адкрываеш сваё сэрца. Яно, чыстае, прыгожае, святое, не хоча больш заставацца самотным. Адчуўшы вялікую любоў Творцы, яно прагне адказаць узаемнасцю. Так, як умее. Як здолее. Галоўнае — любіць шчыра і аддана. Бо любоў, як сказаў апостал, «не шукае свайго».

Ты абвострана і шчасліва разумееш гэта. І таму Святая Імша, хоць ужо даўно за поўнач, ператвараецца для цябе ў сустрэчу, жаданую і такую патрэбную для цябе сустрэчу з Ім. І, прыняўшы Цела Хрыста, ты ціха й пакорліва папросіш: «О, мой Езу, мая любоў, Ты для мяне — усё! Няхай жа, Езу, цяпер жыву не я, але Ты — ува мне».

Вось і сталася: ты расчыніў сэрца свайго Бэтлеему для Яго. Няхай Яму будзе ў тваім сэрцы добра і ўтульна. Як мага даўжэй.

А потым... Потым, ужо пасля чування, для цябе будзе дарога дахаты ў раўнадушным, не надта прыветным і сцюдзёным цягніку альбо аўтобусе. Навокал будуць людзі са сваімі штодзённымі праблемамі. Усё так звычайна й будзённа... Але ўсё гэта ўжо не адштурхоўвае, не раздражняе. Бо ты ведаеш, што і ў гэтай няпростай, почасту нецікавай, такой звычайнай штодзённасці ты хочаш быць з Ім. Ты прагнеш, каб Езус быў у тваім сэрцы. І гэтае перакананне дасць табе сілы на вельмі многае. Бо сам Пан Бог беражэ цябе.

Ірына Жарнасек
Фота аўтара.