Прайшло крыху менш за год з таго часу, як у часопісе «Ave Maria» было надрукавана паведамленне сястры бэтанкі з Віцебска Нікадэмы Ляйнерт «Запрашаем маліцца за святароў». Гаворка ў ім ішла пра Бэтанскую Місію Падтрымкі Святароў, якую праводзяць законніцы з Кангрэгацыі Сясцёр Бэтанскай Сям’і. Мы вырашылі зноў пагутарыць з сястрой Нікадэмай па гэтай праблеме.

— Сятра Нікадэма, калі ўзнікла ваша Місія і чым яна займаецца?

— Кангрэгацыя Сясцёр Бэтанскай Сям’і была заснавана ў Вялікі Чацвер 17 красавіка 1930 года Слугой Божым ксяндзом Юзафам Малысякам. Нашым асаблівым пакліканнем з’яўляецца дапамога святарам: праца ў парафіі, малітоўная і духоўная падтрымка. Бэтанія — гэта лучнасць працы і малітвы, гэта, як мы памятаем з Евангелля, — Марыя, Марта і Лазар, якія былі добрымі сябрамі Езуса. У гэтым — сутнасць Бэтаніі.

— Таму вашая супольнасць і носіць такую прыгожую назву?

— Так. Мы імкнемся працаваць і служыць Богу, каб тыя, каго Ён выбраў на сваю службу, атрымлівалі нашу падтрымку. Часта гэтая падтрымка нябачная, але, можа, самая важная, бо яна — у малітве. Мы ў сваёй Кангрэгацыі практыкуем штодзённую малітву, штодзённую адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі святароў.

— Ведаю, што ў Місіі Падтрымкі Святароў, якая нарадзілася ў вашай Кангрэгацыі, удзельнічаюць не толькі законніцы, але і свецкія людзі.

— І гэта цудоўна, бо свецкія людзі таксама адчуваюць сваю адказнасць за святарства і прагнуць яму дапамагаць. Часта можна пачуць нараканні на таго ці іншага святара, і тады мы пытаемся: «А ці молішся ты за свайго святара?» Адказ не заўсёды бывае сцвярджальным. Людзі іншы раз нават не задумваюцца над тым, колькі цяжкасцяў, спакусаў, розных падножак можа быць на шляху святара і як няпроста яму бывае адолець усе выпрабаванні. Таму за святароў трэба шчыра і ахвярна маліцца. Так і нарадзілася ідэя далучыць да малітвы законніц свецкіх людзей, якія жадаюць падтрымліваць святарства. Дарэчы, гэтая ідэя ўзнікла падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту...

— Скажыце, як людзі адгукнуліся на вашу прапанову маліцца за святароў? Які быў рэзананс пасля леташняй публікацыі ў часопісе «Ave Maria»?

— Да мяне літаральна пасыпаліся лісты з розных куткоў Беларусі. Людзі пісалі пра сваё жаданне малітоўнай падтрымкі святарства, пра тое, што за святароў на Беларусі трэба асабліва моцна маліцца, бо наш Касцёл працяглы час жорстка руйнаваўся. Часам нашы адрасаты падаюць прозвішчы знаёмых святароў і просяць, каб Місія атуліла іх сваёй апекай.

— Найбольш вы моліцеся за святароў Віцебскай дыяцэзіі?

— Вядома. Наша дыяцэзія ўтварылася нядаўна, праблемаў шмат і многія з іх кладуцца, вядома, на плечы святароў. Зразумела, што аднымі дыскусіямі, размовамі, а то і спрэчкамі складаных праблемаў не вырашыш. Патрэбна малітва. Таму я напачатку зрабіла спісы святароў дыяцэзіі, які хутка стаў пашырацца — яго павялічваюць самі людзі. Асабліва шмат лістоў прыходзіць з Гродзеншчыны. Мы лістуемся, размаўляем па тэлефоне, абмяркоўваем розныя праблемы — і неўпрыкмет становімся сябрамі.

— Вельмі важную справу робяць сёстры бэтанкі сваёй Місіяй, бо сапраўды: нараканні на святароў не-не ды й пачуеш, а вось пра тое, як дапамагчы таму ж святару, людзі не думаюць.

— Кепскае, негатыўнае праяўляецца выразна, яно, як кажуць, само лезе ў вочы, яго і шукаць не трэба. Але мы часта забываем, што мы, хрысціяне, маем добрую «зброю» для змагання з тым негатыўным — малітву. Дарэчы, мы ў нашай Місіі Падтрымкі Святароў прызнаем толькі такую «зброю», а не размовы і перасуды. Словам, мы не асуджаем штосьці негатыўнае, але молімся, каб той ці іншы святар знайшоў сілы адпавядаць свайму пакліканню.

— Сучасны чалавек перажывае столькі непамыслотаў, цяжкасцяў, што ён почасту замыкаецца ў іх, як у шкарлупіне. Неяк адна жанчына казала, што толькі пералік праблемаў займае ў яе малітвах шмат часу, а каб яшчэ за каго іншага маліцца, дык і ногі змярцвеюць. Казала яна тое жартам, але штосьці, мабыць, у гэтым ёсць і сур’ёзнае.

— Вядома, няпроста вызваліць чалавека з шкарлупіны праблемаў, але калі мы ўсё ж здолеем гэта зрабіць, то наколькі ж пабагацеем! Я часам не магу надзівіцца мужнасці і велічы сэрцаў удзельнікаў Місіі Падтрымкі Святароў, калі чытаю іх лісты, у якіх расказваецца пра няпростыя, іншы раз гаротныя лёсы. І гэтыя людзі гатовыя маліцца за іншых! Побыт некаторых нашых адрасатаў вельмі суровы, але яны сярод гэтай шэрай, а то і жорсткай рэальнасці знаходзяць у сабе сілы на штодзённую малітву за святароў! Ці ж гэта не сведчыць пра вялікую красу іх сэрцаў?

— Вы так нераўнадушна гаворыце пра ўдзельнікаў сваёй Місіі, што я баюся пераблытаць, хто тут за каго моліцца і падтрымлівае.

— Вы жартуеце, але ж на гэтым і грунтуецца хрысціянства — на бескарыслівай падтрымцы адзін аднаго, нават калі ты сам патанаеш у няпростых праблемах і перажываеш далёка не лепшыя часы.

— Таямніца хрысціянства: чым больш ты аддаеш, тым больш атрымліваеш.

— Менавіта так. І радуе, што гэтак жа разумеюць хрысціянскія ўзаемаадносіны многія ўдзельнікі Місіі Падтрымкі Святароў. Я таксама не магу застацца абыякавай да лёсаў тых, хто ў сваіх лістах раскрывае сэрца. Думаю, што гэта своеасаблівае выпрабаванне і мяне самой. Бо калі Бог у пэўны час скіроўвае да мяне нейкага чалавека з яго праблемамі, то ці не заклікае Ён тым самым мяне адгукнуцца на той крык душы?

Ведаеце, часам, калі чытаю лісты маіх адрасатаў, перажываю пачуццё сораму. Бо я жыву ў выгодных умовах, маю кавалак хлеба, маю магчымасць штодня быць на Святой Імшы, прымаць Езуса ў Святой Камуніі, маю радасць штодзённай малітвы, сустрэч і размоў з людзьмі, якія вераць у Бога. Хтосьці час ад часу мяне пахваліць за нейкую добрую справу, падтрымае, я таксама кагосьці пахвалю ды падтрымаю... Прыйшоў неяк ліст ад чалавека, у якога ўся сям’я так п’е, што часта ён не мае чаго апрануць, што з’есці... Ён не бачыць блізкай перспектывы ў сваім жыцці і разам з тым хоча маліцца за святара, за чалавека, якога ён, можа, ніколі не бачыў, а то і не ўбачыць. Чаму? Бо гэты чалавек толькі на Бога ўсклаў усю сваю надзею і ведае, што Бог прыходзіць да людзей праз святара. Вось дзе самаахвярнасць і святасць!

— Даруйце, але ці правільна я зразумела: удзельнік вашай Місіі можа ўсё жыццё маліцца і не ведаць, за каго канкрэтна ён моліцца?

— Можа быць і так. Калі чалавек проста паведамляе нам, што ён згодны ўдзельнічаць у Місіі Падтрымкі Святароў і выказвае жаданне ўсё жыццё маліцца за нейкага святара, то я пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту ў першы чацвер месяца са скрынкі, у якой знаходзяцца запіскі з прозвішчамі святароў, цягну жэрабя і на наступны дзень паведамляю свайму адрасату гэтае імя. У нас прынята паведамляць толькі імя. Ведаеце, у гэтым нешта ёсць, поўная бескарыслівасць, ці што...

— Ну, а калі я, напрыклад, напісала б вам, што хачу маліцца за нейкага канкрэтнага святара?

— Калі ласка. Як толькі вы мне гэта сказалі б, мы вызначыліся б, за каго вы моліцеся. Я выслала б вам маленькую кніжачку, у якой пазначана ваша імя і прозвішча, а таксама імя таго святара. У гэтай жа кніжачцы змешчаны таксама малітвы за святароў.

— А як святары ўспрымаюць вашу Місію?

— Па-хрысціянску. Яны радуюцца, вядома, калі даведваюцца, што хтосьці за іх штодня мовіць свае малітвы да Бога. Для нас жа важна не проста зрабіць прыемнае святару, але важна падтрымаць яго духоўна. Ведаеце, колькі радасці я адчуваю, калі выпадкова даведваюся, што наша Місія дае свой плён? Ну, напрыклад, сустракаю аднаго святара і кажу яму між іншым, што наша Місія за яго моліцца. І чую ў адказ, што да нядаўняга часу ён перажываў крызіс, але вось усё нібыта зноў наладзілася. Дык, можа, гэта плён малітвы? Мажліва. Ніхто ніколі не разгадае падобнай таямніцы, але ж мы хрысціяне, мы верым у моц малітвы і жывем ёю.

— Вельмі патрэбную робіце вы справу сваёй Місіяй. Шкада, што мала хто ведае пра гэта.

— Але наша Місія па сваёй сутнасці ціхая і знешне непрыкметная. Як мне здаецца, то зусім і не патрэбны шум вакол таго, што мы робім: маці ж у сваім клопаце пра дзяцей не аточана шумам ды славай, але яна робіць гэта ціха, самааддана, з любоўю. А зрабіць нам трэба яшчэ шмат: не ўсе яшчэ святары ахоплены нашай малітоўнай апекай, і таму запрашаю ўсіх, хто хоча ўдзельнічаць у Місіі Падтрымкі Святароў, дасылаць на мой адрас лісты. Будзем памятаць, што клопат пра святарства — гэта клопат пра наш Касцёл, а, значыць, і пра будучыню Беларусі, бо хіба можна ўявіць яе будучыню без Бога. Ды калі б так і было, то такая будучыня была б безвыходнай, а гэтага ніхто з нас не хоча.

— Вы так прыгожа гаворыце пра Беларусь...

— А гэта я таксама зачэрпнула ад удзельнікаў нашай Місіі. Адна дзяўчына з Гродзеншчыны напісала неяк, што малітва за святарства — гэта малітва за Беларусь. Памятаю, як уразіла мяне такая перакананасць, а адначасна і абрадавала, бо чалавек глыбока думае пра лёс сваёй Бацькаўшчыны, занепакоены гэтым лёсам і жадае штосьці змяніць на лепшае з дапамогай малітвы, ахвяры, посту, працы. Не, сапраўды, я шмат чаму вучуся ў гэтых людзей, найперш, уменню жыць для іншых, нягледзячы на ўсе асабістыя праблемы.

Адзін мужчына напісаў, што ён пражыў большую частку свайго жыцця без Касцёла, сакрамантаў, без святарскай паслугі. І святар, які нарэшце з’явіўся ў іх мясцовасці, на многае адкрыў яму вочы. Цяпер гэтага святара там няма, але мужчына хоча маліцца за яго, дзе б ён ні жыў, бо ён здольны дапамагаць людзям бачыць галоўнае ў іх жыцці. Ва ўсім гэтым — вялікі давер да Бога. Гэты давер з’явіўся ў чалавека пасля таго, як святар пакінуў па сабе прыгожае сведчанне веры, а яно, як мы разумеем, таксама патрабуе малітоўнай падтрымкі. Такі вось ланцуг людскіх узаемаадносінаў, у цэнтры якіх стаіць, зразумела, Бог.

— Шчыра дзякую за гэтую цікавую размову, а таксама дзякую і за працу Місіі Падтрымкі Святароў, нябачныя ніці якой з розных гарадоў ды вёсак Беларусі сцякаюцца да вас і прарастаюць прыгожымі ўсходамі малітвы. Няхай гэтая высакародная Місія жыве, дзейнічае і дае цудоўны плён. А для тых, хто таксама захоча далучыцца да Місіі Падтрымкі Святароў, паведамляем ваш адрас:

Сястра Нікадэма Ляйнерт
вул. Чкалава, 52/1—21
210032 Віцебск, п/с 133
Беларусь

Гутарыла Ірына Жарнасек.