Сямігадовы анёлак — дзяўчынка Радка ў белай кашульцы з белымі крылцамі запаліла сімвалічны агонь каляднай выставы мастакоў Гародні...

Адкрылася выстава традыцыйна: хор «Бацькаўшчына» спяваў калядныя песні, святар праваслаўнай Каложы Аляксандр крыху паўшчуваў мастакоў за тое, што на выставе мала традыцыйных твораў. Святар каталіцкай Фары айцец Віктар падараваў выставе яселькі і расказаў аб традыцыі ўбірання яселек, якую пачаў святы Францішак з Асізі. У 1223 г. ён у скале выразьбіў яселькі і фігуры святога Юзафа, Маці Божай Марыі, Діцятка Езуса і ўсіх, хто да іх прыйшоў, — пастушкоў з жывёлкамі, трох каралёў з дарамі. З таго часу ў касцёлах свету на Каляды аздабляюцца яселькі. Святы Айцец Ян Павел ІІ у апошні тыдзень Адвэнту асвячае яселькі... Ксёндз Віктар расказаў і аб традыцыі ламання аплаткам, якая пачалася ад ахвярнага хлеба, астатак ад кансэкрацыі якога раздавалі бедным. Айцец Віктар падзяліўся аплаткам з гасцямі, а хор выканаў гімн «Магутны Божа».

Калядная выстава гродзенскіх мастакоў — з’ява унікальная, святочная.

Філасофскім эмацыйным цэнтрам тут сталі дрэвы як сімвалы касмапланетарнай будовы свету. Крона іх сімвалізуе вышыню, Боскасць; карэнне — мінулае, роднае, несмяротнасць. Калядная кампазіцыя чатырох дзічак Вікі Ільіной з нетрадыцыйных дрэваў, якія традыцыйна ўпрыгожаны самой прыродай: на залатым тле — зялёная дзічка, кучаравая, з залатымі грушкамі, на сярэбраным тле — цёмна-зялёная з срэбнымі барвамі-ценямі і срэбнымі ці то грушкамі, ці то каляднымі шарамі, на цёмным тле ночы — светлая ад месяца ці ліхтароў дзічка, на фіялетавым начным, асветленым неонавым святлом тле — дзічка ненатуральнага колеру мора ці нейкіх нетутэйшых нябёсаў. Грушкі на амаль шарападобных дзічках можна ўспрыняць як гульню свята на сілуэтах дрэўцаў, як зоркі, якія спяць на дрэвах. Дзічкі Вікі Ільіной — яскрава-святочныя, вытанчанай прыгажосці. Карэнне тоўстых кароткіх ствалоў ажурнае, лапік грунту ўспрымаецца сцэнічна-тэатральным, лёгкі нахіл ствалоў надае кампазіцыі спакойны драматызм. Карціна Вікі Ільіной «Старая сядзіба» таксама калядна. Начная, з пакалечанымі сукамі таполя запрашае падумаць пра спрадвечнае — пачатак і старасць, збаўленне і ачышчэнне. Традыцыйнае ў гэтым творы — сам дом, дзе засталіся духі продкаў, закінуты, паўразбураны, на цёмным тле нябёсаў, які па-старому абараняе паўразабраны частакол. Але змрок гэты супакойвае сваёй гармоніяй, змрок прыгожы, не страшны, хочацца зайсці ў прастору карціны, адчыніць дзверы дома і асвятліць яго святлом. Але святла няма... У доме няма гаспадароў.

Анёлы. Анёлы добрыя і трывожныя. Анёлы Сяргея Асапрылкі — вырай анёлаў, які злучае нябёсы з зямлёй і адмяжоўвае жыццё ад смерці, ад пекла.

Анёлы Жаны Чыстай — з трывогай у вачах і цяжкімі німбамі над галовамі. Спакойны, мажорны анёлак Аляксандра Сільвановіча.

Кампазіцыю дрэваў, анёлаў і зімовых пейзажаў яднае кованая скульптура Юрася Мацко — Езус Укрыжаваны. Пакуту мастак перадаў праз надламаныя калені Збаўцы і балесна ўзнятыя рукі. Падсвечнікі гэтага мастака і калядны казёл паядналі калядную выставу — прастору залы, запоўненай стылёва рознымі творамі — у адно цэлае... Гэтую стракатасць настрояў і мастацкіх стыляў і сродкаў.

Вельмі прыгожыя графічныя паштоўкі Валянціны Шобы: ноч — чорная дама з месяцам-галоўкай, конік з гномікам і гномік з лютняй запрашаюць на вячэру. Дзве гравюркі Ю. Якавенкі імітуюць старажытныя пісьмёны — быццам святыя нам прыслалі на каляды свае віншаванні...

Два творы П. Янушкевіча — «Зімовы пейзаж» і «Каляды». Каляды. Адзінота. Жанчына паклала галоўку на падваконне, мае ў гаршчочку вазон, і болей нічога не мае. Але над ёю, над яе светам белы галубок ці Святы Дух асвятляе прастору і праз шчыліны фіранкі віднеецца чырвоны касцёл на даляглядзе — Бог яе чакае...

«Зімовы пейзаж» П. Янушкевіча — мястэчка з касцёлам на пагорках, засыпаных снегам. Зусім мала зелені і чырвані, у снезе дамы, дрэвы і камень на пярэднім плане. Паміж гурбамі — прыцярушаная лагчына зелені як надзея на цяпло і вясну. Касцёл на самым высокім пагорку займае амаль усю прастору неба.

Калядная выстава гродзенскіх прафесійных мастакоў, арганізаваная іх лідэрам Сяргеем Асапрылкам і гаспадыняй залы на вул. Ажэшкі Марысяй Мацко, — гэта сведчанне таго стану, у якім сёння знаходзіцца наша грамадства: няма эйфарыі святочнасці, няма поўні высокай радасці ад самага важнага свята Зямлі — Божага Нараджэння. Ёсць трывога за гэты куток зямлі, за свой Край, за свой дом, і ціхая надзея, што Бог нас не пакіне, не пакіне прыгажосці і гармоніі, дапаможа яе зберагчы і абараніць.

Усім мастакам, пра якіх апавядалася ў гэтым эсэ, і тым, якія засталіся па-за аповедам (як Валодзя Панцялееў з яго малымі пластычнымі скульптурамі рыбкі і лучніка і інш.), недзе каля сарака гадоў. Усе яны вучыліся ў мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце, цяперашняй Акадэміі мастацтва ў адзін час, усе ўдзельнічаюць у выставах у галерэях Еўропы.

Данута Бічэль.