Метадысты навуковага цэнтра народнага мастацтва збіралі выставу легендаў і паданняў Гродзеншчыны. Атрымалася выстава пейзажаў з касцёламі гэтага рэгіёна. У пераважнай большасці твораў — пагоркі, вёсачкі, мястэчкі, на якіх узвышаецца святыня з крыжам. Невялічкі музей, дзе выстаўлены «скарбы душы» таленавітых людзей-самавукаў, уяўляе сабой доўгі пакой у былым кляштары дамініканаў. Засталося ў будынку святло намоленага месца, чыстая спакойная аура духоўнага мінулага.

На гэтай выставе амаль няма твораў вядомых на Гродзеншчыне майстроў.

Аляксандр Ліпень паказаў дуб Яна Чачота, твор успрымаецца як замалёўка з натуры, а вартасць яго ў тым, што як ні аберагаў Аляксандр Ліпень амаль тысячагадовы дуб недзе недалёка ад Парэчча, дуб упаў, памёр натуральнай смерцю, бо і такія волаты маюць абмежаваны час.

Славутая вышывальшчыца Аляўціна Кавалеўская паказала вышытую легенду свайго дзяцінства. Сонечны Край. Пагорак. Вятрак. Двое дзяцей — дзяўчынка і хлопчык. Козачкі сярод рамонкаў. За пагоркам відаць каміны, лес, неба. На пагорку спелае жыта.

Сям’я Кавалеўскіх была вывезеная ў Казахстан, але ж тата апавядаў дзецям пра Беларусь. Вось і адбілася ў памяці дачкі чыстая згадка з тых татавых аповедаў.

Млыноў з ветракамі на Беларусі ўжо засталося зусім мала — як музейныя экспанаты, напрыклад, у Дудутках. А на выставе ёсць яшчэ адзін млын з ветраком Юры Качука з Зэльвы. Карціна выканана алеем на кардоне, але фарбы пакладзены так па-дзіцячы чыста і прымітыўна, што твор імітуе вышыўку або нават аплікацыю. Жоўтае жыта, карычневы домік, зялёная трава і кусты. Вятрак у жыце, што і сцвярджае яго забытковасць, забытасць. На жаль, на чорна-белым адбітку гэта ўсё прападае.

Самае цікавае на выставе — творчасць мастакоў, якія не маюць мастацкай адукацыі, не ведаюць законаў перспектывы, а малююць, бо маюць жаданне, бо любяць і фарбы, і тое месца, дзе іх Бог стварыў.

Цікавыя колеры, каларыт зеляніны на пейзажах У. Шымановіча.

З краямі поўнымі, як шклянка,
срабрыстай змейкаю Ашмянка
градой Ашмянскаю цячэ,
а нехта знік з маіх вачэй...

На пейзажы Ашмянкі зашмат, такой шырокай я яе не ведаю. На беразе пад дрэвамі пасвяцца тры кароўкі, у адной надта цікава намаляваны светлыя латкі. За рэчкай — сенажаць, светлыя нізкія кусты, цямнейшыя кусты вышэй, а на пагорку цёмны лес і неба з хмаркамі, а ў цэнтры ўсяе прасторы — жупранскі чырвоны неагатычны касцёл. З усяе вялікай вёскі толькі адна хатка пастаўлена збоку перад кустамі. Шмат паветра, неба, чысціні.

Найбольш цікавы пейзаж Шымановіча з канём і аратым у цэнтры. Прастора карціны падзелена роўна на тры часткі. Унізе — жоўтая, стракатая сенажаць з дзьмухаўцамі. За кветкамі не відно плуга.

Конік надта выцягнуты ў памерах — такі доўгі конік з тоўстымі нагамі. Такі спрацаваны і паслухмяны. Араты з жоўтымі валасамі, у карычневай шапцы, блакітнай кашулі і сініх штанах (тая самая фарба, што і на небе). Ужо яны скончылі работу — уся сярэдняя пакатая паласа цёмнага свежаўзаранага поля адпачывае. Злева яшчэ аблатка дзьмухаўцоў, яшчэ зігзаг з травой і высокімі кустамі. А справа — касы клін лесу. І нябёсы. Нябёсы. За лесам. За пакатым пагоркам поля.

Гэты ўпарты стомлены конік з абведзенымі цёмнай фарбай натапыранымі вушамі і араты з мінулага краю, з тоўстым хамутом, пазвязванымі вузлякамі набэдрыкаў, эмацыйна варты тамоў гісторыі.

Самадзейныя творцы «адклікаюцца» на настрой грамадства. Таму прадметы на іх карцінах з’яўляюцца менавіта такія, якіх жадаюць іх «заказчыкі» — спажыўцы, людзі, сярод якіх майстры жывуць.

Касцёлы. Анёлы. Свечкі. Калядныя зоркі.

Чатыры пейзажы з касцёламі мастака Сяргея Шэмета: Жупраны. Гервяты. Баруны. Варняны. Карціны ствараліся ў 1988 — 1989 гг. Мастак на адвароце не толькі паставіў дату, але і час напісання, што дае вельмі шмат інфармацыі адносна святла:
Гервяты. 7 жніўня ў 13.55.
Варняны. 25 жніўня ў 17.45.
Баруны. 26 кастрычніка 1989 г. у 17.55.

Касцёл у Барунах з абедзвюма вежамі, сцежка, па якой ідзе жанчына, маленькая постаць пад крыжам. Варняны. Касцёл і возера з астраўкамі. Гярвяты. Касцёл сярод стракатай густой зеляніны. Злева — хаціна. Сцежка вядзе да святыні. Хмаркі ў нябёсах падобныя да кустоў каля касцёла. Успамінаецца Максімаў верш пра касцёл святой Ганны ў Вільні:

Як лёгка да гары, як красна
узносіць вежы ён свае!
Іх зарыс стройны ў небе ясна
ізломам дзіўным устае.
А вастрыя іх так высока,
так тонка ў вышу неба тнуць:
што міг — і ўжо, здаецца воку,
яны ў паветры паплывуць...

Жупраны... Касцёл на прасторы палатна займае адметнае месца. Але тут мастак пастараўся стварыць на палатне той цуд, які стварыў на той зямлі сам Бог, нездарма каля жупранскага касцёла пахаваны класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч, яго бацькі і дзяды, яго браты і дзеці, а ў самім касцёле доўга захоўваўся яго партрэт як галоўнага фундатара гэтай святыні, аж пакуль бальшавічкі яго адтуль не сцягнулі — гэтыя нахабныя «дзяячкі» ад культуры.

Жупраны.
Світальныя песні паэта
на дудцы зайграны.
Жупраны.
Тут кожны яго зразумеў
як даследчык старанны...

На карціне мастак дэталёва размаляваў каляровыя вясковыя хаты. У некалькі вуліц. Грады перад сядзібамі. Самы росквіт зеляніны на градах. Каляровы свет. Шмат прасторы. За вёскай — пагоркі і далячыні. Шмат нябёсаў, якія дыхаюць чыстымі хмаркамі. Сонца, промні якога рассяваюцца гатычнымі вежамі касцёла. Карціна створана па строгіх законах станковага жывапісу.

Ёсць на выставе вышываныя касцёлы і цэркаўкі, аплікацыі з саломкі, ёсць макет цэркаўкі, пабудаванай з запалак. Ёсць ілюстраваныя легенды: пані пашкадавала галодную сям’ю, дала працу — вартаваць яе лес, — так узнікла вёска Леснікі.

«Казкі слонімскага краю» — вытканыя дыванкі з дзіцячымі малюнкамі буслоў сярод ружаў, дзяўчынкі з сабачкам, хлопчыка з мядзведзікамі і вавёркай.

Абараняе выставу кованы анёл — гэта постаць вышэй чалавечага росту, увесь вытанчаны, выцягнуты, крылы і рукі ўдоўж тулава. За анёлам — кованае сонейка. Мастак Аляксандр Вараб’ёў.

Каваль-мастак Круш Юра пракаваў куфар металёвымі абручамі. Кованыя падсвечнікі з падковамі. Цікавыя і драўляныя падсвечнікі Уладзіміра Галавана, які выбірае сучкі, пянёчкі дрэва і дасканаліць прыроду. Лялькі. Лялька Тэклечка сплецена з саломкі мастачкай з вёскі Гезгалы Дзятлаўскага раёна. Закаханых хлопца і дзяўчынку, як у Купалы «Яна і Я» — Яе і Яго стварылі майстры з Шчучына пад кіраўніцтвам мастакоў сям’і Чарнадзедавых. Твары і рукі прыгожых беларусаў зрабілі з гліны. Капялюш, вяночак на дзявочую галоўку і лапцікі сплялі з саломкі. Выткалі ім з лёну кашулькі і вышылі іх, аздобілі карункамі. Спаднічка ільняная ў чорна-чырвоныя клеткі, нагавіцы ў палоскі. Паяскі да капялюша і да пояса сплеценыя. Усё ідэнтычнае, як у Шчучынскім рэгіёне. Строй вытрыманы стылёва, этнаграфічна. Да таго ж ёсць адчуванне, што Яго і Яе вадой не разліць...

Ёсць такі Край на планеце Зямля, дзе час не мае істотнага значэння. Такі Край мусіць быць шчаслівым і святым, ён прыгожы і чысты. Калі свет «малюе» краявіды каляровымі фотаапаратамі і кампутарамі, тут, на Гродзеншчыне, людзі нараджаюцца, растуць, бяруць у рукі алоўкі, пэндзлікі, нейкія дапатопныя прымітыўныя фарбы, мальберты, кардон, анучкі, няўмела вымалёўваюць сваіх любімых конікаў і каровак, козачак, анёлкаў на вежах касцёлаў, — так, як рабілі спрадвеку прадзеды, для чыстай красы, каб душа разгарнулася. «На Беларусі Бог жыве... І няхай бясконца жыве», — сказаў Уладзімір Караткевіч.

Д. Б.
Фота Юрыя Каласкова.