З гісторыі каталіцкага Касцёла на Шклоўшчыне

"Свабоду недастаткова толькі мець,
яе неабходна пастаянна здабываць, тварыць".
Ян Павел ІІ
(з прамовы да пілігрымаў з Беларусі)

Звесткі пра існаванне каталіцкіх святыняў у Шклове сустракаюцца з пачатку ХVІІ ст. У гістарычных крыніцах паведамляецца, што ўжо на той час у Шклове існавалі фарны касцёл і кляштар ордэна дамініканаў, заснаваны ў 1623 г. тагачасным уладаром Шклова Аляксандрам Хадкевічам на месцы кальвінскага збора1.

Пасля заключэння ў 1569 г. Люблінскай уніі і ўтварэння Рэчы Паспалітай дзейнасць Касцёла значна актывізавалася. Аляксандр Хадкевіч, да якога Шклоў перайшоў у спадчыну, запрасіў у горад святароў дамініканаў. Яго намаганнямі забяспечвалася будаўніцтва і ўтрыманне кляштара, стваралася бібліятэка. Вопіс, які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі, дае ўяўленне пра знешні выгляд кляштара дамініканаў. Галоўнае месца ў комплексе займаў мураваны касцёл са званіцай. Побач размяшчаўся драўляны кляштар, які меў падсобныя памяшканні: клець, люднік, сянніцу, дзве канюшні, вазоўню, мураваную піваварню, старую драўляную лазню, а таксама калодзеж з драўляным колам і вялізны сад2.

Па дадзеных польскай даследчыцы старажытнага Шклова Марыі Тапольскай, шклоўскі кляштар быў, мабыць, найвялікшым сярод дамініканскіх кляштараў на Беларусі. Тут знаходзіліся вельмі каштоўныя абразы і вялікая бібліятэка. Законнікі (каля 20 чалавек) вывучалі філасофію і тэалогію. Усяго ж на той час у Шклове налічвалася 30 асобаў каталіцкага духавенства, каля 300 вернікаў каталікоў (ад 3,5 да 5,0 працэнтаў жыхароў горада)3.

Які лёс напаткаў гэтыя найбольш старажытныя каталіцкія пабудовы? У «Магілёўскай хроніцы Трофіма Сурты і Юры Трубніцкага» паведамляецца, што ў 1690 г. «Пан Бог адведаў агнём горад Шклоў, амаль увесь замак з вялікай вежай, фарны касцёл і крамы пагарэлі»4. Пасля гэтай даты фарны касцёл у Шклове ў гістарычнай літаратуры больш не згадваецца, а вось кляштар дамініканаў праіснаваў да 1832 г. (па іншых звестках - да 1840 г.) і быў зачынены па загадзе імператара Мікалая І у сувязі з мерапрыемствамі па русіфікацыі Беларусі, якія праводзіліся Расійскай імперыяй. Як і большасць іншых зачыненых кляштараў, ён быў прыстасаваны для воінскага пастою, а клерыкі адпраўлены ў Пінск. Забальзамаванае цела Аляксандра Хадкевіча перанеслі ў касцёл на каталіцкіх могілках і, як сведчаць гістарычныя крыніцы, яго магіла была цэлай яшчэ ў пачатку ХХ ст.5

Пра месца, дзе калісьці знаходзіўся кляштар, нагадваюць курганы. Вяскоўцы, якія жывуць побач, і сёння гавораць «кляштар», калі размова датычыць тых курганоў.

Вельмі сціплыя звесткі захаваліся пра каталіцкую святыню на «Новым месцы» (сучасная тэрыторыя Шклова). Будаўніцтва горада на новым месцы за 2,5 км на поўнач пачалося ў 1769 г., калі вялікі пажар знішчыў амаль 300 дамоў «Старога месца». У інвентары 1763-1764 гг. гаворыцца пра выкарчоўванне лесу і складзіраванне вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў пад кляштарам за горадам. Ужо тады тагачасны гаспадар Шклоўскага графства Адам Чартарыйскі задумаў пашырыць горад. Будаўніцтва «Новага месца» завяршылася каля 1778 г. Галоўнаю пабудоваю быў комплекс гарадской ратушы з гандлёвымі радамі, а таксама будынкі пошты, праваслаўнай царквы, жаночага манастыра, яўрэйскай школы6.

У 1803 г. Шклоў наведаў вядомы рускі акадэмік В.В.Севяргін, які, апісваючы галоўныя пабудовы горада, называў і драўляны касцёл. Пра існаванне каталіцкага касцёла ў Шклове на працягу ХІХ ст. паведамляюць і іншыя крыніцы, а з другой паловы стагоддзя згадваецца ўжо мураваны касцёл7.

Даследчык гісторыі Шклова А.Лукашэвіч сцвярджае, што для будаўніцтва мураванага касцёла выкарыстоўваліся рэшткі будынка і цэгла тэатра, які быў пабудаваны ў Шклове ў 1780 г.8

З першых шклоўскіх ксяндзоў вядома прозвішча Пржыалкоўскага, якое згадваецца ў дакументах нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года. Разам з палкоўнікам Антоніем Аленскім Пржыалкоўскі быў адным з кіраўнікоў атрада паўстанцаў у фальварку Чарнаручча (непадалёк ад Шклова). Атрад быў разгромлены, Аленскі і Пржыалкоўскі расстраляны царскімі карнікамі9...

Існавалі каталіцкія парафіі і ў іншых населеных пунктах Шклоўшчыны. Каля 1765 г. А.Чартарыйскі заснаваў рыма-каталіцкую парафію і місію ордэна езуітаў у вёсцы Фашчаўка, дзе быў пабудаваны велічны і прыгожы касцёл. Вось як пісаў пра гэтую парафію ў пачатку ХХ ст. святар Канстанцін Стэповіч, вядомы ў беларускай літаратуры як паэт Казімір Сваяк: «Стройны касцёл, найвялікшы на Беларусі, ёсць асяродкам парафіі. Кругом гавораць чыстай мовай беларускай. Айцы езуіты калісьці далажылі вялікай працы, каб беларус не страціў сваёй мовы. Выдалі яны беларускі катэхізм, навучалі па-беларуску, вучылі песняў... Люд тутэйшы аказаў да веры прывязанасць. І сягодня яшчэ не зменшылася гэта любоў да касцёла. Ідуць туды ахвотна, і не чуваць між імі жыцця распушчанага, немаральнага... Вялікія святы-фэсты збіраюць у Хвашчоўцы цэлыя грамады беларусаў, нават з мест далёкіх - бо далёка разышлася слава Дзевы Марыі Хвашчоўскай»10.

Гэтая святыня была знішчана зусім нядаўна, на пачатку 70-х гг. ХХ ст. Шмат каго ўсхвалявала тое варварства. Прыгадаем артыкул Яўгена Меркушэвіча-Саськаўскага «Рэквіем фашчаўскаму касцёлу», змешчаны ў раённай газеце «Ударны фронт». Аўтар пісаў: «Прайшоў праз лясок і ўбачыў вялікую кучу цэглы і смецця - гэта былі руіны касцёла. Вёска Фашчаўка выдалася не той. Стаялі маленькія, убогія хацінкі, пуні, хадзілі куры, мычэлі каровы, снавалі людзі. Але гэта здавалася шэрым, змрочным, бессэнсоўным і нікому непатрэбным. Я заплакаў...»11.

Між тым, на фашчаўскіх могілках да сённяшняга часу захавалася высокая цагляная калона, на самым версе якой знаходзіцца драўляная, часткова пашкоджаная, выява старажытнага вайскоўца. У архіўным дакуменце, датаваным 1912 годам, сцвярджаецца, што калона ўзведзена манахамі-езуітамі ў гонар рыцара Сімпліцыяна, які тут загінуў12.

Існавалі касцёлы ў вёсках Стараселле і Заходы, дзейнічала каталіцкая святыня ў Копысі. Вось як паведамляў пра гэта ў 1846 г. часопіс Міністэрства ўнутраных спраў: «Ён (Копысь) цягнецца на вярсту і састаіць з бедных вясковых хат, набітых, як тут водзіцца, яўрэямі. Над халупамі ўзвышаецца старадаўняя мураваная каталіцкая царква і ўсё тут»13.

Былі каталікі ў вёсках Дубраўка, Дубраўка-2, Княжыцы, Крывель, Саськаўка, Слабодка (Гарадзецкая), Чамаданы, Аляксандраўка, Вадва і некаторых іншых.

Безумоўна, насельніцтва Шклоўшчыны ў свой час далучылася і да Уніі. Уніяцкія святары з павагай ставіліся да мясцовых нацыянальна-культурных традыцый, выкарыстоўвалі ў рэлігійным жыцці беларускую мову. Захаваліся прозвішчы жыхароў Шклова - Прасаловічава, Мазурычава, Касабуцкая, Грасулевіч - якія ў 1726 г. «хадзілі да касцёла уніяцкага замест рыма-каталіцкага». У 1739 г. у горадзе дзейнічалі дзве уніяцкія царквы14. Згадаем, што уніяцкая Царква на Беларусі была ліквідавана ў 1839 г. паводле вядомых загадаў Мікалая І.

Савецкая ўлада з першых дзён свайго існавання вяла барацьбу з рэлігіяй. Пачаліся ганенні на святароў, а з 1930 г. «изъятие культовых сооружений у верующих». У ліку першых былі зачынены касцёлы ў Шклове, Фашчаўцы, Стараселлі15.

У гістарычных крыніцах захаваліся прозвішчы некаторых шклоўскіх каталіцкіх святароў, якія сталі ахвярамі гэтай барацьбы. З 1914 г. пробашчам парафіі ў Шклове быў святар Станіслаў Ярашэвіч (1889-1937). Ён скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу і ў 1912 г. прыняў сакрамант святарства. Быў таксама пробашчам парафіі ў Чэрыкаве. У 30-я гг. працаваў у Мінскай дыяцэзіі. Гэта быў апошні каталіцкі святар, які працаваў у сталіцы перад другой сусветнай вайной. Яго расстралялі ў Мінску ў 1937 годзе.

Пэўны час у парафіі Фашчаўка працавалі, а потым былі арыштаваны і расстраляны святары Ян Баравік, Альбін Шаціла, Пётр Януковіч. Арыштавалі і саслалі ў Вятку ксяндза Паўла Карповіча. Расстралялі таксама і старшыню рады фашчаўскага касцёла Ігната Давідовіча. У парафіі Стараселле знішчылі святара Юзафа Вярыгу. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік ахвяраў. Паводле даследавання ксяндза Дзванкоўскага, падчас рэпрэсій у 1924-1937 гадах толькі праз лагеры на Салаўках прайшло 105 каталіцкіх святароў16...

У 1936 г. улады распрацавалі дакумент, згодна з якім культавыя збудаванні пераабсталёўваліся ў збожжасховішчы. Такім чынам з шклоўскага касцёла быў зроблены кінатэатр, з фашчаўскага - калгасны гараж, а старасельскі проста ўзарвалі. Дзеянні савецкіх уладаў прывялі да поўнай ліквідацыі касцёльных структур у перадваенны час. Між тым акупацыйныя ўлады не перашкаджалі адчыняць цэрквы і касцёлы, аднак не дазвалялі святарам стала працаваць на тэрыторыі былой Магілёўскай акругі (зона тыла арміі «Цэнтр»), бо лічылі духавенства «ненадзейным элементам». Сярод тых, хто выехаў працаваць на землі Магілёўскай і Мінскай дыяцэзій, былі Станіслаў Глякоўскі, Дыянізі Малец, Казімір Рыбалтоўскі, Генрык Глябовіч, Антон Святаполк-Мірскі, Вітальд Раруха, але доўга яны не папрацавалі - у выніку даносаў гэтыя духоўныя асобы былі расстраляныя.

У верасні 1944 г. на вызваленую ад нямецкіх захопнікаў Магілёўшчыну прыехаў ксёндз Баляслаў Сперскі, які працаваў у Оршы і Магілёве да мая наступнага года. Абавязкі пробашча магілёўскага касцёла святога Станіслава з 1944 да 1947 г. выконваў ксёндз Мечыслаў Малыніч. На жаль, адзіны касцёл на Магілёўшчыне быў зачынены, а ксёндз Малыніч арыштаваны і сасланы ў лагер. Магчыма, хтосьці са згаданых святароў у той складаны час наведваў і парафіі Шклоўшчыны, але пасля 1947 г. свабодна адпраўляць каталіцкае набажэнства на Магілёўшчыне стала немагчыма17.

...Жыццё няспынна ідзе наперад. На пачатку 1994 г. упершыню за апошнія гады да шклоўскіх католікаў прыехаў святар Браніслаў Карвоўскі. З той пары і пачаліся рэгулярныя набажэнствы ў Шклове. Напачатку вернікі збіраліся каля разбуранага будынка касцёла, а потым знайшлася і страха над галавой...

Прайшло пяць гадоў. Шклоўская святыня паволі набывала свой першапачатковы выгляд. І вось настала свята: 20 верасня 1999 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла святых Пятра і Паўла. Асвячэнне адноўленай святыні праводзіў кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі. Пасля ўрачыстай малітвы ён павіншаваў прысутных са святам і падкрэсліў, што касцёл у Шклове стаў чацвёртай каталіцкай святыняй на Магілёўшчыне. Акрамя яго на Шклоўшчыне паўстала каплічка ў вёсцы Княжыцы, а на месцы некалі велічнага касцёла ў вёсцы Фашчаўка ўзнёсся крыж. Пан Бог не пакінуў шклоўскіх вернікаў сіротамі.

А.ГРУДЗІНА,
сябра «Магілёўскага краязнаўчага таварыства»
Фота з архіва парафіі.


  1. Без-Корнилович М.О. Исторические сведения о примечательных местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений к ней же относящихся. С.-Петербург, 1855. / Перавыданне ООО «Алфавит», Мн., 1995. С. 207-210.
  2. Лукашэвіч А. Новае з гісторыі Шклова. Газета «Ударны фронт». 1991, 31 ліп.
  3. Topolska M. Szkłów i jego rola w gospodarce Białorusi wschodniej w 17 i 18 wieku. Poznań, 1969. S. 12-13.
  4. Анціпенка Л. Шклоў у «Магілёўскай хроніцы». Газета «Ударны фронт» №№ 81, 83, 84 за 1992 г.
  5. Россия. Полное географическое описание нашего отечества. Т. ІХ. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. С.-Петербург, 1905. С. 468.
  6. Ляўко В. Гісторыя Шклоўшчыны па археалагічных і пісьмовых крыніцах (да сярэдзіны ХVІІІ ст.). Беларускі гістарычны часопіс. № 2, 1996.
  7. Дембовецкий А.С. Опыт описания Могилевской губернии. Книга 2. Могилев на Днепре. 1884. С. 44-48.
  8. Лукашэвіч А. Новае з гісторыі Шклова...
  9. Турбінскі А. «Падзеі 1863 года на Шклоўшчыне» / Памяць. Шклоўскі раён. «Універсітэцкае», 1998. С. 62-63.
  10. Сваяк К. Адраджэнне Беларусі і унія. Часопіс «Унія». № 1, 1991.
  11. Меркушэвіч-Саськаўскі Я. Рэквіем фашчаўскаму касцёлу. Газета «Ударны фронт». 1991, 23 кастр.
  12. Архивная выписка. Газета «Шклоўскія навіны». 1993, № 1.
  13. Шчукін Н.С. Нататкі аб Беларусі. Газета «Ударны фронт». 1993, 31 сак.
  14. Topolska M. Szkłów i jego rola w gospodarce Białorusi wschodniej w 17 i 18 wieku. Poznań, 1969. S. 12-13.
  15. Прочаков Ю.В. Римско-католическая Церковь на территории бывшего Могилевского округа (1920-1990 гг.). Старонкі гісторыі Магілёва. Магілёў, 1998.
  16. Няхай сведчанне іх веры не забудзецца. Лёс каталіцкага Касцёла на Беларусі ў 1917-1953 гадах / Памяць. Шклоўскі раён... С. 141, 155.
  17. Прочаков Ю.В. Римско-католическая Церковь на территории бывшего Могилевского округа (1920-1990 гг.)..., Глябовіч А. Касцёл у няволі. Часопіс «Спадчына». 1994, № 1.