Такога ў парафіі мінскай архікатэдры не было даўно. У апошні дзень перад пачаткам Адвэнту сакрамант хросту быў удзелены сям’і Хусаінавых: бацьку і траім дзецям. Адразу пасля хрышчэння бацька і маці гэтай шматдзетнай сям’і ўзялі шлюб і прынялі першую ў сваім жыцці Святую Камунію. Цяпер гэтых людзей можна часта бачыць у касцёле.

Перасяленцы
Сям’я Хусаінавых, у якой шасцёра дзяцей, тры гады таму прыехала ў Беларусь з Казахстана. Аселі, як кажуць, на голым камені і пачалі абжывацца. Гаспадар сям’і Мікалай, яго жонка Алена і чацвёра дзяцей нарадзіліся і выраслі ў Акцюбінску, але пасля распаду Савецкага Саюза жыць там з кожным годам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Галоўная праблема — нацыянальнасць. Абое — рускія, нягледзячы на азіяцкае прозвішча. Па словах Мікалая, у ім змяшалася кроў узбекаў, таджыкаў, палякаў, рускіх. Бабуля была замужам за ўзбекам Хусаінавым — адсюль і прозвішча.

У Алены таксама няпростая радаслоўная. З твару яна крыху падобная да казашкі, але як толькі справа даходзіла да шостай графы пашпарта (нацыянальнасць), ёй адмаўлялі ў працы. І яна, высокакваліфікаваны бухгалтар, які добра валодае камп’ютарам і ангельскай мовай, не магла знайсці нават самую звычайную працу. Дайшло да таго, што гатавала абеды і прадавала на рынку, абносячы кожную палатку, але такіх, як яна, было нямала, і нярэдка гэтыя абеды даводзілася несці назад. У мужа з працай было тое ж. А калі і ўдавалася ўладкавацца, грошай усё роўна не бачылі. Зарплату затрымлівалі па паўгода альбо выдавалі нейкімі рэчамі. А ў хаце чацвёра дзяцей. Іх будучыня непакоіла бацькоў. Аднойчы на сямейным савеце вырашылі кардынальна змяніць жыццё. Сэрца падказвала: Беларусь. У жніўні 1998 г. Мікалай з Аленай паехалі «ў разведку». Трапілі ў калгас пад Барысавам. Старшыня згадзіўся прыняць перасяленцаў, нават паабяцаў жыллё, але пакуль збіраліся і ехалі той старшыня пакінуў сваю пасаду, а новы, развёўшы рукамі, сказаў, што нічога не ведае і нічым не можа дапамагчы.

Аднак свет не без добрых людзей. Шматдзетную сям’ю прытуліла міласэрная жанчына — Марыя Мікалаеўна, якая потым дапамагла ім зняць дом. Праз некаторы час Мікалай уладкаваўся на крухмальны завод у вёску Весялова, што каля Барысава. Алена стала працаваць бухгалтарам. Атрымалі пакой у інтэрнаце.

Аднойчы на вочы трапіла аб’ява ў газеце, дзе гаварылася, што саўгасу «Лошыца» патрэбны галоўны бухгалтар. Паехалі дамаўляцца. Дырэктар нават паказаў ім жыллё. Хусаінавы звольніліся з працы, і 1 красавіка за імі прыйшла грузавая машына. Муж з хатнім скарбам паехаў у «Лошыцу» на машыне, а Алена з дзецьмі на электрычцы. Калі прыехалі, дырэктар паведаміў, што з жыллём пакуль нічога не атрымліваецца. Дзеці сядзелі на цюках і плакалі. Хусаінавым прапанавалі памяшканне былой канторы, абсалютна не прыстасаванае для жылля: сцены і дзіравы дах. Каб згатаваць ежу, хадзілі ў суседні дом да добрай бабулі — Аляксандры Кузьмінічны. Так пражылі паўгода, а потым засяліліся ў аднапакаёвую «кватэру» гэтай бабулі, якая пераехала ў іншае месца. Цяжка назваць памяшканне барачнага тыпу, дзе няма вады і туалета, кватэрай...

У гэты час Алена была ўжо цяжарнай. Пасля чатырох дзяўчынак нарадзіўся доўгачаканы хлопчык, якога назвалі Сашам. Сям’я не магла разлічваць ні на медыцынскую дапамогу, ні на дзіцячае харчаванне, паколькі не мела мясцовай прапіскі.

З нечай лёгкай рукі пра жыхароў барака і пра ўмовы іх жыцця напісала адна з рэспубліканскіх газет. Артыкул выклікаў рэакцыю мясцовых уладаў, і шматдзетнай сям’і Хусаінавых далі трохпакаёўку ў гэтым жа бараку.

Хутка пасля родаў Алена ўладкавалася на працу галоўным бухгалтарам у ЖЭСе. Старэйшыя дзеці даглядалі маленькага браціка. Здавалася, што паволі жыццё наладжваецца. У ЖЭСе абяцалі службовую кватэру, але, калі Алена зноў зацяжарыла, ёй адмовілі ў жыллі і нават хацелі звольніць з працы. Пачалі шукаць «вінаватых» — тых, хто ўзяў яе ў ЖЭС без прапіскі. Наслухалася такога, з чым нават у Казахстане не сутыкалася: і «панаехалі», і «панараджалі»... Усе ўгаворвалі зрабіць аборт. Пасля абследавання на ультрагукавой апаратуры ёй нават сказалі, што народзіць калеку. Але Алена з мужам вырашылі даць жыццё і гэтаму дзіцяці. Дзякуй Богу, нарадзілася здаровенькая, прыгожая дзяўчынка, якую назвалі Ганнай-Марыяй. Калі дачушцы споўнілася 4 месяцы, Алена выйшла працаваць. Клопаты і аб гэтым дзіцятку ляглі на плечы старэйшых дачок: Наталлі, якой хутка споўніцца 18 гадоў, Ірыны (15 гадоў), Веры (13 гадоў) і пяцігадовай Насці. Але яны не папракаюць маці, любяць і шкадуюць адна адну і вельмі шчаслівыя, што ў іх ёсць маленькія брацік і сястрычка.

Шлях да Бога
Гэты шлях быў няпросты, як амаль і ў кожнага з нас, хто жыў і выхоўваўся ў атэістычным грамадстве. Алена і трое старэйшых дзяцей былі ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, аднак веру сваю не практыкавалі. Больш таго, Алена ў Казахстане трапіла ў секту сведкаў Іеговы і невядома, як склаўся б яе далейшы лёс, калі б Хусаінавы не з’ехалі адтуль. Мікалая ў дзяцінстве не ахрысцілі, але тое, што душа яго хрысціянская, ён адчуваў заўсёды. І прыцягваў яго менавіта касцёл. «Напэўна, сярод тых, хто моліцца за мяне на тым свеце, а, можа, і на гэтым, больш католікаў, альбо іх малітва мацнейшая», — жартуе Мікалай. Менавіта на Беларусі цвёрда вырашылі ўсёй сям’ёй прыняць каталіцкую веру. І вось гэта адбылося. Адчуваецца, што яны сапраўды прынялі Бога ў свае сэрцы.

Трохі складаней са старэйшымі дзецьмі. Вялікай ахвоты практыкаваць веру ў іх пакуль што няма, але Мікалай і Алена вераць, што прыклад бацькоў, іх малітва зробяць сваю справу. Да таго ж, у Бога няма нічога немагчымага.

Хто дае, той атрымоўвае
Гэтае свята Божага Нараджэння сям’я Хусаінавых адзначала ўпершыню. У касцёл на пастэрку прыйшлі з прыгожымі пакункамі, якія прасілі перадаць для адзінокай маці, пра якую прачыталі ў часопісе «Дар жизни». Сказалі, што атрымалі гуманітарную дапамогу з фонду шматдзетных сем’яў і хацелі б падзяліцца ёю. Мікалай не без гонару зазначыў, што яго жонка ніколі не пройдзе каля чалавека, які просіць дапамогі. Хто дае, той атрымоўвае. Калі я нагадала пра гэта Алене, яна адказала, што Божую дапамогу сям’я адчувала заўсёды, але самая вялікая ласка Бога — тое, што яны цяпер у Касцёле.

У хуткім часе сям’я Хусаінавых атрымае службовую кватэру. Яны лічаць, што гэта таксама падарунак ад Бога. Праўда, для гэтага Алене трэба было перайсці з пасады галоўнага бухгалтара ЖЭСа ў дворнікі, але яна не баіцца ніякай працы. Такім і Бог дапамагае.

Нядаўна, пачуўшы, што ў раёне «Лошыца» плануецца адкрыццё рыма-каталіцкай парафіі, заплакала ад радасці і замілавання — Божы Провід так відавочна прысутнічае ў іх жыцці...

Вось так у працы і цярпенні, ва ўзаемнай любові і спадзяваннях на Бога жыве дружная сям’я Хусаінавых, якая нядаўна папоўніла вялікую сям’ю католікаў Беларусі.

Галіна Калевіч
Фота Ю. Лукашэвіча.