Пост, міласціна, малітва — тры ўмовы перажывання Вялікага посту. Гэтыя выдатныя спосабы дадзены нам для таго, каб 40 дзён посту пражыць як мага бліжэй да Евангелля. |
ПОСТ
На жаль, значэнне гэтага слова стала менш зразумелым у наш час. Пасціць — азначае «адмовіцца ад дабра дзеля чагосьці большага».
Да прыкладу, малады чалавек адмаўляецца ад футбольнага матчу дзеля спаткання з каханай. Яна, у сваю чаргу, адмаўляецца ад ежы, каб талія была тоненькай, як у асы.
Мы часта думаем, што пасціць — азначае не ўжываць мясной ежы, — толькі і ўсяго. Так многія з нас вельмі часта разумеюць гэтую важную евангельскую параду на «кулінарным узроўні».
А гэта толькі пачатак. Вельмі сціплы пачатак. Зразумей, што нельга «замкнуць» сваю рэлігійнасць у кавалачку кілбасы ці шынкі. Гэта не можа быць у цэнтры твайго перажывання посту. Як, дарэчы, і попел. Абрад пасыпання попелам — гэта не нейкі «восьмы сакрамант», у нечым магічны. Не, за гэтым знешнім знакам пакоры павінна ісці сэрца кожнага з нас. Сэрца, гатовае парваць з грахом, залежнасцю, звычкамі, і таму пост датычыць не толькі адмаўлення ад мясной ежы, але павінен дапамагчы табе навесці парадак у тваім сэрцы. Нават адно добрае канкрэтнае рашэнне будзе сведчыць пра тое, што пост мы прынялі як шлях годнага перажывання 40 дзён Вялікага посту.
МІЛАСЦІНА
Гэтае слова адразу атаясамліваецца з жабракамі, якія працягваюць руку да нас, просячы грошай. Мы адразу хапаемся за кашалёк, каб як мага хутчэй вызваліцца ад назойлівых «прыставалаў» альбо ад папрокаў свайго сумлення. А можа, рэагуем гневам ці злосцю? Адмахваючыся, хочам уцячы ад праблемаў?
Міласціна ж — гэта таксама спосаб добрага перажывання Вялікага посту. Міласціна — гэта мудрая дапамога грашыма, гэта час, прысвечаны іншай асобе, гэта чын любові, добры ўчынак, выкананы ў імя любові да Бога і бліжняга. Можа, цяжэй прыдумаць нешта на карысць бліжняга, можа, цяжэй знайсці час, лягчэй даць нешта са сваёй «касы» і знікнуць. Пастарайся ў гэты перыяд зрабіць больш намаганняў для таго, каб даць міласціну тваёй любоўю, тваім часам, ахвяраваннем сябе.
МАЛІТВА
Пост і міласціна павінны дапамагчы табе сустрэцца з Панам Вялікага посту — Езусам. Усё, што робіш, усё, што даецца вельмі цяжка: рашэнні, пост, унутранае змаганне, — усё гэта павінна давесці да сустрэчы з Ім. Аскеза цялесных патрэбаў, аднаўленне чуйнасці на патрэбы іншага чалавека, паглыбленне любові да Бога і бліжняга, шчырае пакаянне дапамогуць табе ў духоўным, глыбокім адчуванні падзей, якія будзем перажываць на пачатку другога года трэцяга тысячагоддзя.
Гэты ўнутраны і знешні радыкалізм гарантуе аднову веры, надзеі і любові, а яны вядуць да Нябеснага Айца.
Таму няхай на сустрэчу з Айцом вядуць цябе тры шляхі: малітва, пост і міласціна.