Парафія Наведзінаў Маці Божай у Гарадку — адна з дваццаці чатырох, што паўсталі на Віцебшчыне з утварэннем дыяцэзіі. Дагэтуль, каб памаліцца, каталікі раёна мусілі ездзіць у абласны цэнтр ці запрашаць да сябе святара з суседняга Шуміліна. Імша адбывалася ў хаце Ванды Рыбачонак. І вось нарэшце, 21 чэрвеня 2001 года, была афіцыйна зарэгістраваная парафія, пачалося будаўніцтва капліцы. Пробашчам новай парафіі стаў віцебскі дзекан кс. Адам Дынак. Праект новай святыні распрацавала Людміла Каваленка.

Парафія зусім маладая, але праца тут ужо ідзе напоўніцу. Два разы на тыдзень прыязджаюць з Віцебска законныя сёстры, пятнаццаць дзяцей наведваюць катэхезу, дзве пары заключылі шлюб. А 24 снежня, у вігілію Божага Нараджэння, парафіянаў наведалі біскуп Уладзіслаў Блін, канцлер дыяцэзіяльнай курыі кс. Пётр Сялкоўскі, кс. рэктар Анджэй Шэўціў, пробашч парафіі св. Антонія кс. Аляксандр Амяльчэня, законныя сёстры.

Ва ўмовах, набліжаных да бэтлеемскіх, гасцей віталі ўласнымі вершамі самыя юныя парафіянкі — Каця Міраш і Оля Сабко. З кветкамі і словамі ўдзячнасці звярнуліся да пастыра дарослыя вернікі.

«Бадай, гэта будзе самае кароткае казанне ў маім жыцці, — зважаючы на ўмовы, сказаў падчас Св. Імшы біскуп. — Хачу маліцца сёння за свет, за Беларусь, за Гарадок. Езус патрэбны ўсім. Ён дае любоў, без якой нельга жыць. Сэнс жыцця, радасць, надзею дае нам Ён».

Пасля Св. Імшы адбылася вігілійная вячэра — ці не ўпершыню супольная для вернікаў новай парафіі. Цудоўныя падарункі атрымалі падчас яе і не менш цудоўна паказалі сцэнкі пра Нараджэнне Збаўцы гарадоцкія дзеткі, умацавалі дух і веру ў супольнай малітве і спевах дарослыя. Усім было добра ў гэты незабыўны святочны вечар.

«Дзякую Богу, што разам з вамі магу перажыць дні Божага Нараджэння», — сказаў перад пачаткам Св. Імшы ў капліцы пробашч А. Дынак. «Дзякуем Богу, што даў нам радасць адкрыць свае сэрцы ў гэты важны для нас дзень», — гаварылі парафіяне маладой яшчэ, але ўжо жыццяздольнай парафіі.

Ф. Сіўко
Фота кс. П. Сялкоўскага.