З паслання Святога Айца Яна Паўла ІІ на Сусветны дзень міру 1 студзеня 2002 г.

Умілаваныя браты і сёстры,

1. У гэтым годзе Сусветны дзень міру адзначаецца пад знакам драматычных падзеяў, якія адбыліся 11 верасня. У той дзень было ўчынена страшнае злачынства: за некалькі хвілінаў былі жахліва знявечаны тысячы бязвінных людзей рознага этнічнага паходжання. З таго часу людзі ва ўсім свеце па-новаму ўсвядомілі сваю слабасць і пачалі глядзець у будучыню з глыбокім, нязнаным да гэтага часу, страхам. Улічваючы такі стан духу, Касцёл прагне даць сведчанне сваёй надзеі, угрунтаванай на перакананні, што зло, mysterium iniquitatis, не мае апошняга слова ў людской гісторыі. Пададзеная ў Святым Пісанні гісторыя збаўлення праменіць вялікае святло на ўсю гісторыю свету, даказваючы, што гэтай гісторыі заўсёды спадарожнічае міласэрная і прадбачлівая Божая апека, якая ведае, на якіх шляхах закрануць найбольш зацвярдзелыя сэрцы і здабыць добрыя плады нават з неўрадлівай і сухой глебы.

Менавіта гэтая надзея ажыўляе Касцёл на парозе 2002: з Божаю ласкаю свет, у якім яшчэ раз, здавалася б, перамагае сіла зла, сапраўды пераменіцца ў свет, дзе будуць задаволены самыя высакародныя імкненні людскога сэрца і дзе запануе сапраўдны мір.

2. (...)

3. Аднак жа як у сённяшняй сітуацыі гаварыць аб справядлівасці і разам з тым аб прабачэнні як аб крыніцы і ўмовах міру? Мой адказ такі: можна і трэба гаварыць, нягледзячы на цяжкасці, якія вынікаюць адсюль у сувязі з існуючай тэндэнцыяй думаць пра справядлівасць і прабачэнне ў альтэрнатыўных катэгорыях. Прабачэнне - супрацьлеглае выношванню крыўдаў і жаданню помсты, аднак яно не супрацьлеглае справядлівасці. Сапраўдны спакой - гэта «справа справядлівасці» (Іс 32, 17). Як канстатаваў ІІ Ватыканскі Сабор, мір ёсць «вынікам парадку, нададзенага чалавечаму грамадству яго Боскім Заснавальнікам, над ажыццяўленнем якога павінны працаваць людзі, што прагнуць усё больш дасканалай справядлівасці» (Gaudium et spes, 78). Ужо больш за пятнаццаць стагоддзяў у каталіцкім Касцёле гучыць навучанне Аўгустына з Гіпоны, які нагадвае нам, што мір, да якога трэба ўсім імкнуцца, заснаваны на tranquillitas ordinis, на спакойным ладзе (гл. De civitate Dei 19, 13).

Таму сапраўдны мір - гэта вынік справядлівасці, маральнай дабрадзейнасці і заканадаўчай гарантыі, якая сочыць за поўным захаваннем правоў і абавязкаў, а таксама за роўным падзелам дабротаў і цяжараў. Аднак паколькі людская справядлівасць заўсёды слабая і недасканалая, аддадзеная эгаізму і абмежаванасці як асобных людзей, так і цэлых групаў, яе трэба практыкаваць у духу прабачэння і ў пэўным сэнсе дапаўняць «прабачэннем, якое гоіць раны і аднаўляе парушаныя сувязі паміж людзьмі». Гэта аднолькава важна як у выпадку напружання паміж асобнымі людзьмі, так і ў канфліктах у больш агульным маштабе, таксама і ў міжнародным. (...)

З'ява тэрарызму

4. Менавіта мір, заснаваны на справядлівасці і прабачэнні, атакуецца сёння міжнародным тэрарызмам. У апошнія гады, асабліва пасля заканчэння халоднай вайны, тэрарызм перамяніўся ў рафінаваную сетку асяроддзяў палітычных уплываў, тэхналагічнага і эканамічнага абмену, які пераступае межы краінаў і пашыраецца, ахопліваючы ўвесь свет. Гаворка ідзе пра сапраўдныя арганізацыі, якія часта фінансуюцца агромністымі капіталамі, што апрацоўваюць шырока задуманыя стратэгіі, мецячы ў бязвінных асобаў, абсалютна не замешаных ў планы тэрарыстаў.

Тэрарыстычныя арганізацыі, выкарыстоўваючы сваіх прыхільнікаў у якасці зброі, якую яны ўжываюць супраць безабаронных і выпадковых людзей, выяўляюць трывожны інстынкт смерці, які імі кіруе. Тэрарызм нараджаецца з нянавісці і выклікае ізаляцыю, недавер, замкнутасць. Насілле развязвае насілле ў трагічнай спіралі, што ўцягвае таксама новыя пакаленні, што такім чынам наследуюць нянавісць, якая падзяляла папярэднія генерацыі. Тэрарызм заснаваны на пагардзе да людскога жыцця. Менавіта таму ён не толькі рухавік недаравальных злачынстваў, але і сапраўднае злачынства супраць чалавецтва, бо выкарыстоўвае тэрор як палітычную і эканамічную стратэгію.

5. Таму існуе права на абарону перад тэрарызмам. Гэта права, як і ўсе іншыя, павінна адпавядаць маральным і юрыдычным прынцыпам як у выбары мэтаў, так і ў выбары сродкаў. Трэба, каб ідэнтыфікацыя вінаватых была праведзена належным чынам, бо юрыдычная адказнасць заўсёды асабістая і таму яе нельга расцягваць на народы, на этнічныя групы ці рэлігіі, да якіх належаць тэрарысты. Міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарыстычнаю дзейнасцю павінна таксама ахопліваць асаблівыя палітычныя, дыпламатычныя і эканамічныя намаганні, каб адважна і рашуча ліквідаваць магчымыя сітуацыі насілля і ізаляцыі, якія могуць правакаваць з'яўленне тэрарыстычных праграмаў. Бо лягчэй вербаваць тэрарыстаў у тым грамадстве, дзе ігнаруюцца законы і занадта доўга дапускаецца несправядлівасць.

Нягледзячы на гэта, трэба ясна падкрэсліць, што несправядлівасць, якая існуе на свеце, не павінна ніколі выкарыстоўвацца як апраўданне тэрарыстычных замахаў. (...) Адгаворкі тэрарызму, што ён, быццам бы, дзейнічае ў імя бедных, з'яўляюцца відавочным фальшам.

У імя Бога не забіваюць!

6. Хто забівае ў выніку тэрарыстычных актаў, носіць у сабе пачуццё пагарды да чалавецтва, маніфестуючы безнадзейнасць перад жыццём і будучыняй. У такой перспектыве ўсё можна ўзненавідзець і знішчыць. Тэрарыст лічыць, што праўда, якую ён вызнае, альбо цярпенні, праз якія прайшоў, такія абсалютныя, што даюць яму права таксама знішчаць бязвіннае людское жыццё. Часам тэрарызм - гэта плод фанатычнага фундаменталізму, які нараджаецца з пераканання, што ўсім можна навязаць уласнае бачанне праўды. Тым часам, нават калі можна асягнуць праўду (а гэта заўсёды робіцца спосабам абмежаваным і недасканалым), яе ніколі нельга навязваць. Павага да сумлення іншага чалавека, у якім адлюстроўваецца вобраз самога Бога (гл. Быц 1, 26-27), дазваляе толькі прапанаваць яму праўду, а ўжо ён сам вырашае, наколькі адказна ён яе прыме. Прысваенне сабе права навязваць іншым насільна тое, што лічыцца праўдаю, азначае знявагу годнасці чалавека і ў выніку - знявагу Бога, вобразам якога ён з'яўляецца. Таму фундаменталісцкі фанатызм - гэта пазіцыя цалкам супрацьлеглая веры ў Бога. На самай справе, тэрарызм інструменталізуе не толькі чалавека, але таксама і Бога, робячы з Яго боства, якое служыць уласным мэтам.

7. Ніхто з тых, хто адказвае за рэлігію, не павінен паблажліва адносіцца да тэрарызму, а тым больш не павінен яго прапагандаваць. Абвяшчэнне сябе тэрарыстам у імя Бога, гвалт над чалавекам у імя Бога - гэта прафанацыя рэлігіі. Тэрарыстычнае насілле - супрацьлеглае веры ў Бога, Творцу чалавека, які клапоціцца пра яго і любіць яго. Яно супрацьлеглае асабліва веры ў Хрыста Пана, які вучыў сваіх вучняў малітве: «І даруй нам даўгі нашыя, як і мы дароўваем даўжнікам нашым» (Мц 6, 12).

Хрысціяне, ідучы за вучэннем і прыкладам Езуса, перакананыя, што аказваць міласэрнасць азначае жыць ва ўсёй паўнаце праўдаю нашага жыцця: мы можам і павінны быць міласэрныя, бо такую міласэрнасць аказаў нам Бог, які ёсць Любоўю міласэрнаю (гл. Ян 4, 7-12). (...)

Вучні Хрыста, ахрышчаныя ў Яго смерць і ў Яго змёртвыхпаўстанне, павінны быць заўсёды людзьмі міласэрнасці і прабачэння.

Неабходнасць прабачэння

8. Аднак, што канкрэтна азначае прабачэнне? І для чаго прабачаць? Разважанне аб прабачэнні не можа абмінуць такіх пытанняў. Вяртаючыся да думкі, якою я падзяліўся ўжо з нагоды Сусветнага дня міру ў 1997 г. («Прабач - і спазнаеш спакой»), хачу нагадаць, што прабачэнне жыве ў сэрцы кожнага чалавека, і толькі пазней становіцца грамадскім фактам. Толькі тады, калі з'явяцца этыка і культура прабачэння, можна мець надзею на «палітыку прабачэння», якая выяўляецца ў грамадскіх паводзінах і ў дзейнасці ўстановаў, звязаных з заканадаўствам, у якіх справядлівасць таксама павінна набыць больш чалавечае аблічча.

На справе прабачэнне - гэта перадусім асабістая пастанова, выбар сэрца, якое працівіцца спантанічнаму інстынкту адплочваць за зло злом. Найбольшым заахвочваннем да такога выбару з'яўляецца любоў Бога, які атуляе нас, нягледзячы на нашы грахі. Такая пастанова бярэ прыклад з найвышэйшага ўзору Хрыста, які маліўся на крыжы: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). (...)

Прабачэнне - галоўная дарога

10. Не ўдасца ў адначас ані зразумець, ані лёгка прыняць прапановы прабачэння. Па розных прычынах яна з'яўляецца парадаксальным пасланнем. Бо прабачэнне заўсёды нясе з сабою кароткачасовую ўяўную страту, але гарантуе доўгатэрміновую карысць. З насіллем адбываецца зусім наадварот: яно выбірае кароткачасовую карысць, але надоўга прыводзіць да рэальнай і трывалай страты. Прабачэнне можа здавацца слабасцю, аднак на справе яно дае вялікую духоўную сілу і маральную адвагу. Уменне прабачаць далёкае ад прыніжэння асобы, яно вядзе яе да абагачэння і паўнаты чалавечнасці, якая здольна быць водсветам хараства Творцы.

Паслуга, якую я выконваю на службе Евангеллю, дае мне магчымасць жыва адчуць абавязак і адначасова дадае мне сілы, каб настойваць на неабходнасці прабачэння. Я раблю гэта таксама сёння, падтрыманы надзеяй, што ў перспектыве генеральнай адновы здолею абудзіць спакойную і сталую развагу ў сэрцах людзей і ў сувязі паміж народамі на зямлі. (...)

Пагадненне і супрацоўніцтва паміж рэлігіямі

12. У гэтым вялікім намаганні кіраўнікі рэлігій маюць сваю ўласную спецыфічную адказнасць. Хрысціянскія веравызнанні і вялікія рэлігіі ўсяго чалавецтва павінны супрацоўнічаць паміж сабою, каб выключыць грамадскія і культурныя прычыны тэрарызму, навучаючы велічы і годнасці асобы і імкнучыся паглыбіць усведамленне еднасці роду чалавечага. Гаворка ідзе пра стварэнне прасторы канкрэтнага дыялогу і экуменічнага, а таксама міжрэлігійнага супрацоўніцтва, каб рэлігіі неслі такую патрэбную службу на карысць міру паміж народамі. У прыватнасці, я перакананы, што габрэйскія, хрысціянскія і мусульманскія рэлігійныя іерархі павінны выступіць з ініцыятывай публічнага асуджэння тэрарызму, адмаўляючы асобам, якія ў ім удзельнічаюць, у якой бы то ні было форме рэлігійнага або маральнага апраўдання.

13. Рэлігійныя іерархі ўсяго свету, даючы супольнае сведчанне маральнай праўды, паводле якой дабравольнае забойства нявіннага чалавека - заўсёды цяжкі грэх, прычым паўсюль і без выключэння, спрычыняюцца да фармавання маральна правільнай публічнай думкі. Гэта абавязковая ўмова пабудовы міжнароднай супольнасці, якая зможа захоўваць спакойны лад у справядлівасці і свабодзе.

Такога роду намаганне з боку рэлігіі стане дарогаю прабачэння, якая вядзе да ўзаемаразумення, павагі і даверу. Паслуга, якую рэлігіі могуць зрабіць справе міру, выступаючы супраць тэрарызму, заснавана менавіта на педагогіцы прабачэння, бо чалавек, які прабачае альбо просіць прабачэння, разумее, што існуе Праўда, большая за яго, а прымаючы яе, ён можа ўздымацца над самім сабой.

Малітва за мір

14. З гэтае прычыны малітва за мір - не другасны элемент, які «наступае пасля» намаганняў на карысць міру. Наадварот, яна - сэрца высілкаў, скіраваных на пабудову міру ў парадку, справядлівасці і свабодзе. Маліцца за мір азначае адкрыць людскія сэрцы, каб іх магла напоўніць жыватворная моц Бога. (...) Маліцца за мір азначае прасіць справядлівасці, усталявання адпаведнага парадку ўнутры дзяржаваў і ў адносінах паміж імі; азначае таксама прасіць свабоды, асабліва свабоды рэлігійнай, якая з'яўляецца галоўным, асабістым і грамадзянскім правам кожнай асобы. Маліцца за мір - азначае прасіць ласкі прабачэння Бога, а разам з тым аб узрастанні адвагі для кожнага, хто са свайго боку хоча прабачаць знявагі, якія спазнаў.

Улічваючы гэтыя прычыны, я запрасіў прадстаўнікоў рэлігій свету прыбыць 24 студзеня ў Асізі, у горад св. Францішка, каб маліцца за мір. (...)

15. Няма міру без справядлівасці, няма справядлівасці без прабачэння - менавіта гэта я хачу абвесціць у сваім пасланні веруючым і няверуючым, усім людзям добрай волі, якім неабыякавае дабро чалавечай сям'і і яе будучыня.

Няма міру без справядлівасці, няма справядлівасці без прабачэння - гэта я хачу нагадаць тым, хто адказвае за лёсы людскіх супольнасцяў, каб у цяжкіх і сур'ёзных рашэннях імі заўсёды кіравала святло сапраўднага чалавека ў перспектыве дабра агульнага.

Няма міру без справядлівасці, няма справядлівасці без прабачэння - не перастану паўтараць гэтага напамінку ўсім, хто з той ці іншай прычыны жывіць у сабе нянавісць, прагу помсты, знішчэння. Няхай у Дзень міру з сэрцаў усіх вернікаў узносіцца самая гарачая малітва за кожную з ахвяраў тэрарызму, за іх закранутыя трагедыяй сем'і і за ўсе народы, сярод якіх тэрарызм і вайна не перастаюць сеяць паніку і раны. Няхай прамень нашай малітвы агорне таксама тых, хто цяжка абражае Бога і чалавека такімі бязлітаснымі ўчынкамі - няхай будзе ім дадзена зазірнуць у сябе і ўсвядоміць зло, якое яны робяць, каб былі схільныя адкінуць усялякія планы насілля і шукаць прабачэння. Каб у гэты неспакойны час уся чалавечая сям'я знайшла сапраўдны і трывалы мір, такі, які можа нарадзіцца выключна са спаткання справядлівасці з міласэрнасцю!

Ватыкан, 8 снежня 2001 года.
Ян Павел ІІ, Папа.

(Па матэрыялах КАІ падрыхтавала К.Л.)