Апостальскі нунцый наведаў Гродна

У дзень святарскай сустрэчы 4 снежня адбылося знаёмства новага Апостальскага нунцыя ксяндза арцыбіскупа Івана Юркавіча са святарамі Гродзенскай дыяцэзіі. Яго Эксцэленцыя канцэлебраваў Святую Імшу, у якой удзельнічалі святары і клерыкі духоўнай семінарыі. Упершыню ў Гродне новы нунцый гаварыў казанне. У семінарыйнай аулі Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Іван пазнаёміўся з прысутнымі, распавёў пра сябе і адказаў на пытанні.

Апостальскі нунцый пазнаёміўся і з малой гродзенскай базылікай, і з самім горадам.

Адрэстаўраваная капліца св. Барбары ў Лідзе

У Лідзе на старых могілках нарэшце адрэстаўравалі капліцу святой Барбары, апякункі добрай смерці. За два дні да літургічнага ўспаміну святой Барбары, у першую нядзелю Адвэнту, у капліцы адбылася Святая Імша, якую канцэлебраваў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч з кс. дзеканам Вінцэнтам Лісоўскім і кс. пробашчам Юзафам Багдзевічам. Было холадна, але на ўрачыстасць сабралася мноства вернікаў. У казанні кс. бп. Кашкевіч зазначыў, што могілкі — месца святое, рэліктавае месца касцёла. Адрамантаваная капліца св. Барбары сведчыць аб перамозе любові над нянавісцю, аб перамозе стваральнай працы над разбуральнай...

Святкаванне Божага Нараджэння
ў Гродзенскай дыяцэзіі

У галоўнай святыні дыяцэзіі, малой базыліцы святога Францішка Ксаверы, была нанова адчынена капліца (алтар) Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), апякункі студэнтаў. Рэстаўратары Аркадзь Шпунт, Аляксей Ліпскі і Уладзімір Нікіцін працавалі на працягу ўсяго Адвэнту. Добра, што амаль увесь комплекс кляштару былых езуітаў ужо належыць касцёлу (за выключэннем будынка, у якім па-ранейшаму ў цэнтры горада знаходзіцца турма). Рэстаўратары мелі магчымасць жыць унутры прыкасцельных пакояў... Працавалі па начах. Але, па іх словах, яны шчаслівыя, бо могуць нешта зрабіць для Маці Божай.

Адрэстаўраваны таксама абраз Маці Божай Баззаганнага Пачацця, якім засланяецца цудатворны абраз у буднія дні.

Думаю, што не толькі ксёндз біскуп і ўсе святары, але і вернікі парафіі ўдзячны мінскім рэстаўратарам за ахвярную працу па ўратаванні абраза і рэстаўрацыі самой капліцы Маці Божай Студэнцкай.

* * *

У сталоўцы для бяздомных, якую абслугоўваюць сёстры назарэтанкі, ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся аплаткам і пажадаў наведвальнікам сталоўкі шчодрых Божых ласкаў.

* * *

Ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка ў катэдральнай базыліцы цэлебраваў Пастэрку, якая пачалася ў калядны вечар пасля вігіліі ў 22 гадзіны.

* * *

Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч у калядны вечар быў у Лідзе ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, дзе апоўначы канцэлебраваў Святую Імшу і гаварыў казанне, у якім заклікаў вернікаў зберагаць любоў да бліжняга, асабліва пакрыўджанага і ўбогага чалавека, каб захаваць свае ўласныя сэрцы ў тым выглядзе, у якім іх стварыла Маці.

* * *

Пасля Святой Імшы, якую на свята Божага Нараджэння адправіў ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка, дзіцячы хор і хор «Бацькаўшчына», якім кіруе Вера Кунцэвіч, у малой базыліцы выканаў калядныя песні.

* * *

Гродзенскае аддзяленне дабрачыннага таварыства «Карытас» да свята Божага Нараджэння падрыхтавала 400 падарункаў для вязняў мясцовай турмы — сродкі гігіены, цукеркі, буклет са святымі малітвамі да Божай Маці.

Падарункі перадаў капелан вязняў айцец Казімір Жыліс у суправаджэнні сёстраў і моладзі.