Дарма атрымалі, дарма давайце.
Мц 10, 8

Умілаваныя браты і сёстры,

1. Мы рыхтуемся прайсці шлях Вялікага посту, які давядзе нас да ўрачыстага святкавання галоўнай таямніцы веры, таямніцы мукі, смерці і ўваскрэсення Хрыста. (...) Збаўчы план Нябеснага Айца здзейсніўся праз тое, што Яго Адзінародны Сын дабравольна і цалкавіта ахвяраваў сябе людзям. «Ніхто не забірае ў Мяне жыцця, але Я сам аддаю яго» (гл. Ян 10, 18), - гаворыць Езус, ясна ўказваючы, што Ён сам, па ўласнай волі, ахвяруе сваё жыццё для збаўлення свету. Каб пацвердзіць веліч гэтага дару любові, Адкупіцель дадае: «Ніхто не мае любові большай за тую, калі хто аддасць душу сваю за сяброў сваіх» (гл. Ян 15, 13).

Вялікі пост, гэтая падараваная нам Божым Провідам нагода для навяртання, дапамагае нам захапляцца цудоўнай таямніцай любові. Гэта час вяртання да асноваў веры, бо, разважаючы над бязмежным дарам ласкі, якім з'яўляецца Адкупленне, мы ўсведамляем, што ўсё гэта мы атрымалі дзякуючы клопату і любові Бога. (...)

2. Бог даў нам дабравольна свайго Сына. Хіба ж хто мог бы альбо здольны заслужыць сабе такі прывілей? (...) Бог палюбіў нас у сваёй бязмежнай міласэрнасці, не зважаючы на стан глыбокага разрыву, у які ўвёў чалавека грэх. Ён спагадліва схіліўся над нашай слабасцю, робячы яе нагодаю для новага і яшчэ больш цудоўнага праяўлення сваёй любові. (...)

«Дарма атрымалі, дарма давайце!». Няхай гэтыя евангельскія словы прагучаць у сэрцы кожнай хрысціянскай супольнасці падчас пілігрымкі пакаяння да Вялікадня. Няхай Вялікі пост, у які мы прыгадваем таямніцу смерці і ўваскрэсення Пана, паспрыяе таму, каб кожны хрысціянін адчуў захапленне перад веліччу такога дару! Так. Мы атрымалі дарма! Ці ж усё нашае жыццё не пазначана Божай дабрынёй? Дарам ёсць зараджэнне жыцця і яго цудоўнае развіццё. І менавіта таму, што гэтае жыццё з'яўляецца дарам, нельга лічыць яго тваёй прыватнай уласнасцю, хоць магчымасці выправіць яго якасць, якія сёння ёсць у нашым распараджэнні, могуць схіліць да думкі, што чалавек з'яўляецца «гаспадаром» жыцця. (...)

Трэба выразна падкрэсліць, што не ўсё тое, што магчыма тэхнічна, дапускаецца мараллю. Калі намаганні навукі забяспечыць больш адпаведную годнасці чалавека якасць жыцця вартыя захаплення, то нельга забываць, што жыццё чалавека з'яўляецца дарам і не перастае быць каштоўнасцю, нават, калі яно пазначана цярпеннем і абмежаваннямі. (...)

3. Вялікі пост, паказваючы нам яшчэ раз прыклад Хрыста, які за нас стаў ахвяраю на Кальварыі, асаблівым чынам дапамагае нам зразумець, што ў Ім было адкуплена нашае жыццё. Ён праз Духа Святога аднаўляе яго і робіць нас удзельнікамі Божага жыцця, якое ўводзіць нас у глыбіню Бога і дазваляе зведаць Яго любоў да нас. (...)

Паколькі мы дарма атрымалі дар жыцця, то і самі павінны дарма аддаваць яго братам. Гэтага Езус патрабуе ад вучняў, пасылаючы іх у свет як сваіх сведкаў: «Дарма атрымалі, дарма давайце!». І першы дар, які мы павінны ахвяраваць, - гэта дар святога жыцця, якое з'яўляецца сведчаннем бескарыслівай любові Бога. Няхай гэтае велікапоснае itinerarium будзе для ўсіх веруючых нястомным заклікам да паглыблення гэтага нашага асаблівага паклікання. Нашае жыццё, жыццё веруючых людзей, павінна мець знак гэтай «дармовасці» дзякуючы якой мы без вагання пасвячаем сябе саміх Богу і бліжняму.

4. «Што ты маеш, - заўважае св. Павел, - чаго б не атрымаў» (гл. 1 Кар 4, 7). Любіць братоў, пасвячаючы сябе ім, - гэта патрабаванне, якое вынікае з такой свядомасці. Чым большыя патрэбы яны маюць, тым больш неадкладным з'яўляецца абавязак веруючага служыць ім. Ці ж не дапускае Бог узнікнення такіх патрэбаў, каб мы, выходзячы насустрач іншым, навучыліся пазбаўляцца нашага эгаізму і жыць сапраўднай евангельскай любоўю? (...) Касцёл праз свае шматлікія інстытуты дае сведчанне менавіта гэтай любові, ускладаючы на свае плечы цярпенне хворых, бяздомных, бедных і тых, каго выкарыстоўваюць. Такім чынам хрысціяне становяцца апосталамі надзеі і будаўнікамі цывілізацыі любові. (...)

(...) Так рабілі Апосталы на пачатку хрысціянства, і кожны, хто з імі сустракаўся, бачыў у іх людзей, якія прыносілі пасланне, што пераўзыходзіла іх саміх. Таксама і сёння, як некалі, дабро, здзейсненае веруючымі, становіцца знакам, а часта і запрашэннем да веры. (...)

5. Умілаваныя браты і сёстры! Няхай стылем падрыхтоўкі да перажывання Вялікага посту будзе дзейсная вялікадушнасць у адносінах да нашых найбяднейшых братоў! Адкрываючы ім нашыя сэрцы, усведамляйма ўсё больш, што наш дар для бліжніх з'яўляецца адказам на шматлікія дары, якімі Пан Бог не перастае нас адорваць. Дарма атрымалі, дарма аддавайма!

Ці можа быць больш адпаведны час, чым перыяд Вялікага посту, для таго, каб даць сведчанне бескарыслівасці, якая так патрэбна свету? Любоў, якою адорвае нас сам Бог, заклікае, каб і мы таксама бескарысліва аддавалі сябе іншым. (...)

Марыя, Панна і Маці прыгожай Любові і Надзеі, няхай вядзе і падтрымлівае вас на гэтым шляху Вялікага посту. Запэўніваю ўсіх у маёй шчырай малітве, удзяляючы кожнаму - асабліва тым, чыя штодзённая праца звязана са справамі міласэрнасці, - асаблівае Апостальскае благаславенне.

Ватыкан, 4 кастрычніка 2001 г., у свята св. Францішка з Асізі.
Ян Павел ІІ, Папа .