Ліст да хворых

Дарагі чытач! Боль і цярпенні падступіліся да цябе, праганяючы ранейшую радасць, весялосць, душэўны спакой. Ты цяпер хварэеш і вымушаны ўсё больш знаходзіцца ў сваім доме альбо і ўвогуле - у ложку. Ты перажываеш далёка не лепшыя дні свайго жыцця. Ды толькі сярод суму адзіноты, трывогі неспадзявана можаш зрабіць адкрыццё, што гэты час - не толькі час горычы і болю, але яшчэ і той час, калі можна сэрцам дакрануцца да Езуса. Блізка-блізка. Дакрануцца да Яго цярпенняў, горкай самоты. Дакрануцца і... стаць бліжэй да Яго. Зразумець тое, што раней ты не разумеў, не ўспрымаў, што не кранала цябе так востра.

Цяпер, калі ў цябе з-за хваробы з'явілася больш часу, ты можаш больш думаць пра сваё жыццё, яго сэнс. І, раздумваючы над пройдзенай жыццёвай дарогай, ты можаш іншымі, новымі вачыма зірнуць на тое, што было з табою. Ты, магчыма, убачыш каштоўнасць таго, чаго раней не заўважаў. А, магчыма, менавіта цяпер ты зразумееш штосьці з таго, чаго не разумеў раней. Дні, а то і месяцы, а то і гады хваробы не могуць быць страчаныя дарма. Яны таксама - дар Божы.

Чалавеку, якога трымае ў ложку хвароба, менш хочацца глядзець тэлевізар, слухаць бесклапотны голас, сузіраць чужое бесклапотнае, шматфарбнае і часта такое бессэнсоўнае, хоць і вясёлае жыццё. Позірк хворага, калі ён вернік, усё часцей спачывае на крыжы Хрыста, на абразе Езуса Міласэрнага альбо на абразе Маці Божай - Маці найвялікшага цярпення. Да Яе, аздараўлення хворых, прытулку грэшных, суцяшальніцы засмучаных, кіруецца тады пагляд. Пагляд просьбы, пакоры і надзеі.

Няхай жа нашая надзея ў хвіліны самых цяжкіх выпрабаванняў вырастае з крыжа Хрыста і вялікага даверу да Яго. Зрэшты, нам ёсць у каго вучыцца гэтаму. Пётр нашых часоў, Святы Айцец Ян Павел ІІ, які на вачах усяго свету так шмат і так высакародна церпіць цяжкія хваробы, вучыць нас, як трэба пераносіць немач і боль. Мы не можам не захапляцца трываласцю і вернасцю Хрысту гэтага найвыдатнейшага нашага сучасніка. Ён дае нам ці не найлепшы прыклад, як можна годна, не ўтойваючы, не ўцякаючы ад цярпенняў, несці крыж з дня ў дзень на вачах усяго свету. І пры гэтым вучыць іншых веры, надзеі, любові, заставацца патрэбным у свеце, патрэбным нават вельмі маладым, здаровым, здавалася б, цалкам бесклапотным людзям, якія толькі дзеля сустрэчы са Святым Айцом гатовыя перамераць тысячы кіламетраў, эканоміць грошы, адмовіцца ад чагосьці вартага і патрэбнага ў іх маладым жыцці.

Святы Айцец нясе свой крыж цяжка хворага чалавека годна, прыгожа і з бясконцай пакорай. І нездарма, мабыць, ён любіць цытаваць святога Паўла: «Цяпер радуюся ў цярпеннях маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй скрухаў Хрыстовых за цела Яго, якое ёсць Касцёл» (Кал 1, 24).

Хіба што гэтыя словы і пра цябе... Няхай жа «Евангелле цярпення» Святога Айца вучыць і цябе мець духоўную карысць з тваіх цяперашніх выпрабаванняў. Няхай яго ахвярнае служэнне Пану Богу і сучаснаму, такому супярэчліваму, а часам і жорсткаму свету дае табе сілы несці крыж цярпенняў.

І калі хтосьці з тых, з кім ты яшчэ нядаўна разам маліўся ў тваім парафіяльным касцёле, прыйдзе адведаць цябе, каб паразмаўляць, і зноў, ужо каля твайго ложка, разам памаліцца, - успрымай гэта як Божую ласку, якая лучыць усіх нас у каталіцкім Касцёле. Хіба што тая малітва болю і пакоры будзе найлепш прынятая Небам.

А калі старонкі нашага часопіса прынясуць табе хоць бы некалькі хвілінаў радасці і дапамогуць адчуць сваю еднасць з Касцёлам Хрыста, то наша праца недарэмная.

Няхай добры Пан Бог благаслаўляе кожную хвіліну твайго жыцця. Няхай Маці Божая, аздараўленне хворых, атуляе цябе сваёй Мацярынскай апекай, малітвай і падтрымкай!