Іван ГАЙВАРОНСКІ

Нарадзіўся 21 кастрычніка 1955 г. у вёсцы Баяры Гродзенскага раёна. Скончыў школу ў Новым Двары Шчучынскага раёна, працаваў будаўніком; закончыў Гродзенскі палітэхнікум і завочна — факультэт біялогіі і экалогіі Гродзенскага універсітэта. Вучыўся ў катэхетычным інстытуце. Жыве і працуе ў вёсцы Новы Двор на Гродзеншчыне.

МАЛІТВА

А я не баюся ні здзекаў, ні кпінаў,
І крыж не пастаўлю на мове айчыннай,
І буду маліцца - далоні да хрусту -
На матчынай мове святой, беларускай.

Малюся, каб веру не страцілі дзеці,
Каб з Богам жылі на зялёнай планеце,
Каб розуму светлая Боская сіла
Страшны чарнобыльскі грэх замаліла.

З надзеяй прашу я, каб нашы салдаты
Ніколі не ведалі войнаў праклятых;
Прашу паратунку, каб з рулі вінтоўкі
Не кулі ляцелі - глядзелі рамонкі.

Прашу Цябе, Божа, каб выпала шчасце
Па жыце вясковым прайсціся і ўпасці,
Пяшчотна рукой каласоў дакранацца
І з роднай зямлёю навекі абняцца.

НАТХНЕННЕ

Снег страсу я з капелюша,
Памалюся, памаўчу...
Прад Вялікім Абсалютам
На калені упаду.

Бог пашле благаслаўленне,
Адчыніўшы скрынку слоў.
Белым Голубам натхненне
Заляціць ў маё вакно.

Ўпала знічка і растала
У нябёсах і ў рацэ...
Чыстай кропелькаю стала -
Слёзкай на маёй шчацэ.

На душы так чыста, ясна,
Боскай скроплена слязой.
Нават смерць з касой не страшна,
Хай глядзіць - Хрыстос са мной...

ПОРЫ ГОДА

Прашу - адгукніся вясеннім званочкам,
Травой маладою, ракой-ручаёчкам,
Нябеснае сферы струной.
Прашу я - прысніся чырвонай рабінай,
Бялюткай бярозай, калінай-малінай,
Асенняю казкай лясной.
Прайдзіся расою па золаце лета -
Знямогу пачуеш у шэпаце кветак,
Бухматых чмялёў перазвон.
А дожджык заплача - акрыйся цыратай,
Сатканай з валошак, рамонак, агатак, -
Дзівосны які парасон!
Марознымі ўзорамі шыбы малююць,
Сняжынкі пяшчотныя шчокі цалуюць,
Кладуцца на вейкі табе.
У водар зімовы прашу, апраніся,
Ляці каляінай лыжні!.. агляніся -
Каляды чакаюць цябе.

РАДЗІМЕ

Люблю я тваіх каляін бездарожжа,
Вясновай тугі запаволены крок
І неба птушынага крык пераможны,
На дрэвах - шпакоўняў заселены змрок.

Люблю я азёраў тваіх чараванне.
У чоўнах дубовых калышуцца сны -
Рыбацкага шчасця адлюстраванне:
У нерат заходзяць тарпеды-самы.

А водар тваіх, Беларусь, навальніцаў!
Па лужынах цёплых прайдзі басанож!
Рамонкі шчыруюць - плятуць небыліцы,
Хвастом-абаранкам хвалюецца Сож.

Люблю я тваіх курганоў безгалоссе,
Лясоў Белавежскіх асенні пажар
І мерныя крокі буслоў пры дарозе,
І зорачак-знічак раскіданы жар.

Люблю я твае снегавыя завеі.
Палітру рыхтуе марозік-мастак -
І так адштукуе і травы, і дрэвы,
Хоць вочы разуй - не пазнаеш ніяк!

НОВЫ ДВОР

Ты мой Новы Двор, хоць старое мястэчка.
Касцёл, сінагога... Яўрэйскі пагост
Журботна сумуе за чорнаю рэчкай,
Здзічэлай травою і мохам зарос.
А месяц у небе, як тое яечка.

Нядзельная вуліца раніцай звонкай.
Дрыжыць пазалотай спалоханы клён.
Гандлёвая плошча, і смех і гамонка.
На штрыфель прышпілена ягадаў гронка.
Дзяўчатаў салодкі палон.

Не цяжка згубіцца. Калёсы, фурманкі.
Аж слінкі цякуць - ледзянцы, абаранкі,
Вяндліны, каўбасы. А косы-кляпанкі,
Вугольныя прасы. Шархэблі-рубанкі.
Шляхцянкі ці навадваранкі.

Касцёл старажытны з бялюткаю брамай
І звон на званіцы не спіць.
Пусцеюць рады і гандлёвыя крамы.
Няма кірмашоў. Забываюцца драмы.
А Крыж як стаяў, так стаіць.