Рэквіем
Вішнева ў снежных вішнях
Маці Божая выйшла
з Дому з Вострае Брамы
да Вішнева — Нашага Храма
у жыцці не было жыцця
па жыццё ішлі да ксяндза
тут калечылі людзям душы
гаіў душы таму што быў дужы
быў Ён памяццю ў людзях без веку
быў на Вёску Вялікую лішні
тут па грошы пабеглі ад веры
і за дзверы ў начальнікі выйшлі
крыўду подласць бяду і абразу
Ён цярпеў і чакаў свайго часу
але мала тут месца Святому
і забраў Яго Божа Дадому
Д. і А.

22 снежня 2001 г. закончылася зямное жыццё святара Уладзіслава Чарняўскага MIC.
Кс. Уладзіславу выпала жыць у няпростыя часы. Нарадзіўся ён 14 студзеня 1916 г. Закончыўшы Віленскую каталіцкую семінарыю, працаваў спачатку ў літоўскіх парафіях, што знаходзіліся пры беларускай мяжы, а з 1953 г. вёў сваю душпастырскую дзейнасць на Беларусі. У апошні час працаваў пробашчам касцёла ў Вішневе Валожынскага раёна. Яшчэ з 50-х гадоў кс. Ул. Чарняўскі вёў набажэнствы на беларускай мове. Шмат часу ён прысвяціў перакладам на беларускую мову літургічных тэкстаў.
24 снежня ў Вішневе адбылася жалобная Святая Імша, якую канцэлебраваў кс. кардынал Казімір Свёнтэк. У жалобным набажэнстве прынялі ўдзел архімандрыт а. Сергій Гаек, візітатар Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў для католікаў візантыйскага абраду на Беларусі, святары з закону марыянаў, ксяндзы з Беларусі і Польшчы.
Пахаваны святар пры парафіяльным касцёле ў Вішневе.
Прапануем чытачам ліст Генеральнага суперыёра Кангрэгацыі айцоў марыянаў Беззаганнага Пачацця а. Марка Гэрава ў сувязі са смерцю святара.

Ваша Эмінэнцыя, найдастойнейшы ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк, вялебныя святары і дыяканы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Пасля доўгага жыццёвага шляху, поўнага службы і пастырскай руплівасці, Пан Бог паклікаў да Сябе нашага сабрата айца Уладзіслава Чарняўскага. Усе 63 гады свайго марыянскага манаскага жыцця і 57 гадоў святарства ён нястомна працаваў «для Хрыста і Касцёла» аж да апошняга моманту, калі слабое здароўе не дазволіла яму працаваць далей. З прычыны надзвычайных умоваў і патрэбаў Касцёла айцец Уладзіслаў пражыў большую частку свайго жыцця па-за манаскай супольнасцю. Тым не менш ён адчуваў вялікую любоў да свайго манаскага паклікання.

Ён асабліва запомніцца сваёю любоўю да Касцёла ў гэтай краіне і да беларускага народа, асабліва ў гады пераследу. Яго пастырская руплівасць і вялікая культурная праца былі важнай крыніцай натхнення і заахвочвання для шматлікіх груп маладых і сталых людзей, інтэлектуалаў і сялян. Ён асабліва клапаціўся пра тое, каб данесці Божае Слова да людзей, і таму актыўна ўдзельнічаў у справе перакладу Святога Пісання на беларускую мову. Яго святарская і манаская руплівасць з’яўляюцца пахвальным прыкладам не толькі для яго сабратоў ў нашых беларускіх супольнасцях, але і для ўсіх вернікаў. Нам будзе вельмі не хапаць а. Уладзіслава.

Сёння, 24 снежня, мы даручаем нашага памерлага сабрата Божай Міласэрнасці. У гэты дзень (24 снежня), 57 гадоў таму, айцец Уладзіслаў быў пасвечаны ў святары ў нашай Кангрэгацыі і як святар марыянін аддаў сваё жыццё служэнню «для Хрыста і Касцёла». Сімвалічна, што менавіта ў дзень гадавіны яго святарскіх пасвячэнняў даручаем яго душу Міласэрнаму Богу, якога ён так доўга і так аддана любіў.

Ад імя Кангрэгацыі айцоў марыянаў Беззаганнага Пачацця хачу падзякаваць усім тым, хто дапамагаў нашаму сабрату, і асабліва тым, хто даглядаў яго падчас апошняй хваробы. Асабліва хачу падзякаваць Яго Эмінэнцыі ксяндзу кардыналу Казіміру Свёнтку, Яго Эксцэленцыі біскупу Кірылу Клімовічу, ксяндзу Уладзіславу Завальнюку з Мінска і медыцынскаму персаналу шпіталя ў Вішневе.

Шкадую, што па незалежных ад мяне прычынах, не магу быць асабіста з вамі. Хочам вас запэўніць, што ўсе мы ў Генеральным Доме застаемся ў духовай лучнасці з вамі, ахвяруем Святыя Імшы і малітвы за спачын нашага памерлага сабрата.

Няхай міласэрная любоў Бога атуляе айца Уладзіслава і давядзе яго да хвалы ўваскрашэння разам з блаславёнымі мучанікамі айцамі марыянамі з Росіцы!

Ваш у Хрысце а. Марк Т. Гэраў.