Кс. Уладзімір Русак нарадзіўся 16.03.1977г. у г. Маладзечне Мінскай вобласці ў хрысціянскай сям’і. Адразу пасля заканчэння школы ў 1994 г. паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. Дыяканскія пасвячэнні прыняў 30.10.1999 г. Дыяканская практыка адбывалася ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску, у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве і ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Дэкрэтам кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, 06.01.2002 г. кс. Уладзімір прызначаны вікарыем мінскай архікатэдры.
 
Кс. Пётр Шарко нарадзіўся 27.01.1977 г. у в. Хімарады Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў каталіцкай сям’і. Закончыў сярэднюю школу ў в. Волма Дзяржынскага раёна і ў 1994г. паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. Дыяканскія пасвячэнні прыняў 13.05.2000 г. Дыяканскую паслугу выконваў у касцёле Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску і ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску. З 06.01.2002 г. дэкрэтам кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, кс. Пётр прызначаны вікарыем касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску.

7 снежня 2001 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з рук Яго Эмінэнцыі кс. кардынала Казіміра Свёнтка пры ўдзеле Апостальскага нунцыя на Беларусі кс. арцыбіскупа Івана Юркавіча і дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Кірыла Клімовіча сакрамант святарства прынялі выпускнікі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі Уладзімір Русак і Пётр Шарко.

На ўрачыстасць прыбылі святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выкладчыкі і семінарысты Гродзенскай і Пінскай вышэйшых духоўных семінарый, законныя сёстры, дэлегацыі з маладзечанскай і ракаўскай парафій, з якіх паходзяць новапрэзбітары, а таксама з тых парафій архідыяцэзіі, дзе яны праходзілі душпастырскую практыку ў якасці дыяканаў, вернікі мінскіх парафій.

Да такой урачыстасці нельга быць абыякавым, нельга прызвычаіцца – яна кожны раз іншая, па-свойму хвалюючая, заўсёды шчымлівая і асаблівая...

Урачыстая працэсія пад спеў катэдральнага хору «Gloria» — «Пане, Ты мяне паклікаў…», хвалюючы рытуал сакраманту пасвячэння: прысяга будучых святароў, Літанія да ўсіх святых, падчас якой кандыдаты на пасвячэнне ляжаць крыжам, ускладанне рук, кансэкрацыйная малітва, накладванне новапрэзбітарам стулы і арнату, якое суправаджаецца спевам гімну да Духа Стварыцеля «Veni, Сreator», намашчэнне рук, прыняцце хлеба на патэне і віна з вадой у келіху, а затым справаванне Эўхарыстычнай літургіі і гімн «Te Deum» — «Цябе, Бога, праслаўляем…». Пасіўна прысутнічаць пры гэтым немагчыма – урачыстасць прымушае суперажываць, кожны раз глыбей асэнсоўваючы бязмежную Божую ласку, якою з’яўляецца сакрамант святарства. Ды і як устрымацца, каб не расчуліцца, калі бачыш слёзы радасці на вачах кардынала і вернікаў, шчаслівыя твары новапасвечаных? А яшчэ ў сэрцах — глыбокая ўдзячнасць за гэты велічны дар святарства, які пакінуў нам бясконца Міласэрны Бог.

Узнёслым заключным акордам урачыстасці прагучалі словы падзякі новапрэзбітараў Пану Богу, выказаныя імі пасля святарскіх пасвячэнняў:

«Эўхарыстыя заўсёды з’яўляецца падзякай. Пане Езу, сёння нашыя сэрцы асаблівым чынам хочуць падзякаваць Табе за тое, што грэх не толькі не здолеў абмежаваць Тваю любоў, але яна заззяла яшчэ мацней падчас Крыжовай Ахвяры і штодзённага бяскроўнага здзяйснення яе на ўсіх алтарах свету. Дзякуем за тое, што, чынячы нас святарамі, Ты дазваляеш дакранацца істоты сваёй Любові, якая вучыць нас, святароў, любіць. Праз нас яна, гэтая Любоў, павінна разлівацца ў зачарсцвелыя сэрцы, у сэрцы, якія згубілі надзею... Дзякуем за тое, што Ты прызнаў нас годнымі такой паслугі, што дазваляеш нам, выконваючы Тваю волю, асягнуць сэнс нашага існавання.

Дзякуем вам, нашыя бацькі і родныя, за тое, што дазволілі нам з’явіцца на свет, за тое, што вучылі рабіць першыя крокі па зямлі і па жыцці, за тое, што выхоўвалі нас сваёю любоўю, цярплівасцю і патрабавальнасцю. За тое, што моліцеся за нас...

Асаблівыя словы падзякі хочам сказаць Вам, шаноўны ксёндз кардынал, бо менавіта праз ускладанне Вашых рук Пан Бог пажадаў далучыць нас да грона слугаў свайго алтара. Дзякуем за бацькоўскае разуменне нашых патрэбаў, за падтрымку, за клопат, за давер.

З першых дзён хрысціянства апосталы і іх наступнікі біскупы знаходзіліся на чале Касцёла не толькі ў кіраванні, але і ў любові, адданасці Богу і Яго Містычнаму Целу — Касцёлу. Сёння хочам падзякаваць таксама Вам, ксёндз арцыбіскуп Іван, Апостальскі нунцый на Беларусі, і Вам, ксёндз біскуп Кірыл, за прыклад, якім вы для нас з’яўляецеся, верна наследуючы першых пастыраў Касцёла…»

...Падзяка сэрцаў, перапоўненых радасцю, не ведае межаў. У такія хвіліны чалавек прагне выказваць яе ўсім, з кім Пан Бог даў яму сустрэцца, і за ўсё, што яму даводзіцца прымаць ў гэтым жыцці. І мы сваімі недасканалымі сэрцамі прагнем далучыцца да гэтай падзякі Пану Богу, і выказаць яе вам, ксёндз Уладзімір і ксёндз Пётр, пажадаць мужнасці да канца трываць у гэтай любові, дзякуючы якой вы ахвяравалі сябе для служэння Богу і людзям, выконваючы запавет Пана Бога: «Даўшы законы Мае ў думкі іх, напішу іх і на сэрцах іхніх…; усе, ад малога да вялікага, ведаць Мяне будуць» (Ер 31, 31-34).

І.Б.
Фота ў матэрыяле В. Царыка.