Змястоўным і насычаным было ў перадкалядныя дні жыццё парафіі віцебскага катэдральнага касцёла св. Барбары. У першай палове снежня 2001 г. тут адбыліся рэкалекцыі, якія правёў кс. Уладзіслаў Лазар з Докшыцаў. А 16 снежня, у трэцюю нядзелю Адвэнту, адбылася візітацыя кс. біскупа Уладзіслава Бліна.

Парафія св. Барбары — найстарэйшая ў горадзе. Першыя звесткі пра яе адносяцца да другой паловы ХVІІІ ст. Паводле дакументаў, касцёл быў асвечаны ў гонар св. Барбары ў 1785г. арцыбіскупам магілёўскім Станіславам Богушам-Сестранцэвічам. У ХІХ ст., пасля скасавання царскім урадам манаскіх ордэнаў і перадачы каталіцкіх святыняў праваслаўным вернікам, касцёл св. Барбары застаўся асяродкам каталіцкага жыцця горада. У 1884 г. у сувязі з ростам парафіі касцёл быў перабудаваны і асвечаны ў гонар святых Барбары і Юзафа.

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю святыні і яе парафіянаў у паслярэвалюцыйны час, калі тут зрабілі склад штучных угнаенняў, а пасля вырашылі былую святыню абсталяваць пад залу арганнай музыкі. Становішча змянілася з прыездам у Віцебск у 1990 годзе кс. Януша Скенчэка. У 1992 г. было афіцыйна пацверджана ўзнаўленне парафіі св. Барбары. Быў заснаваны Легіён Марыі, колы Жывога Ружанца, пачаў развівацца Хатні Касцёл. Напрыканцы 1999 г. утвараецца Віцебская дыяцэзія. Каталіцкі люд Віцебшчыны, згодна з дэкрэтам Папы, узяў пад сваю пастырскую апеку кс. біскуп Уладзіслаў Блін. У сувязі з утварэннем у горадзе трох новых парафій колькасць парафіянаў у катэдральным касцёле зменшылася да 250 чалавек, але хрысціянскае жыццё не заціхла. За апошнія два гады тут створаныя хор «Гасанна», група скаутаў, праводзіцца належная праца з дзецьмі і моладдзю, працягваецца аздабленне святыні. На думку пробашча кс. Міхала Ермашкевіча, парафія і надалей будзе родным домам для вернікаў самых розных узростаў.

«Адчуваецца клопат пра знешні выгляд і змястоўнасць унутранага жыцця парафіі», — сказаў падчас Св. Імшы ў дзень візітацыі кс. біскуп Уладзіслаў Блін. А яшчэ гаварылася пра ласкі, якія ідуць ад Бога, Ягоны клопат пра нас. «Бог — айцец наш, бацька, а бацька заўжды хоча, каб дзецям было як найлепш», — гэтыя словы кс. біскупа знайшлі жывы водгук у сэрцах парафіянаў.

Пасля Св. Імшы адбыліся сустрэчы кс. біскупа з Хатнім Касцёлам, Легіёнам Марыі, моладдзю. У гэты ж дзень кс. біскуп удзяліў Сакрамант бежмавання васемнаццаці вернікам Віцебска.

Візітацыя ў парафію св. Барбары — адна з больш як васьмідзесяці, якія правёў ардынарый Віцебшчыны з красавіка 2000 года.

25 снежня кс. біскуп цэлебраваў Імшу з нагоды візітацыі ў парафію св. Антонія. У гэты ж дзень адбыліся «Віцебскія калядкі» з удзелам узорнага фальклорнага ансамбля «Перапёлачка» і парафіяльных дзяцей, якія вынеслі на суд гледачоў сваю інтэрпрэтацыю Божага Нараджэння.

Ф. Сіўко
Фота Максіма Федасеева.