У сярэдзіне лістапада каталікі Віцебска здзейснілі пілігрымку ў Вільню. Наведанне старажытнага асяродка беларускай культуры, далучэнне да высокага духу яго святыняў даўно было мараю многіх. І вось мара стала яваю. Пасля Святой Імшы ў капліцы Маці Божай Салятынскай вернікі з Віцебска і Верхнядзвінска — пераважна дзеці — з малітваю выправіліся ў жаданы, хоць і абцяжараны слотаю і моцным ветрам, шлях.

Той дзень у Вільні надоўга застанецца ў іх памяці. І найперш — дзякуючы знаёмству са знакамітымі святынямі: найпрыгажэйшым у Еўропе катэдральным касцёлам святых Пятра і Паўла, касцёлам Духа Святога і іншымі. Пабылі вандроўнікі з Прыдзвінскага краю і ў дамку, дзе жыла святая Фаустына. Хваляваліся: ці ўдасца трапіць у капліцу Маці Божай Вастрабрамскай? І толькі падрыхтаваліся да ўдзелу ў Імшы ў касцёле святой Тэрэсы, як сёстры-апякункі Бенедыкта і Самуэля абвясцілі: удалося знайсці гадзіну для Імшы ў капліцы. Не перадаць таго хвалявання, з якім падымаліся па прыступках да цудадзейнага абраза...

І вось Імша — на роднай беларускай мове, у зычлівым атачэнні віленчукоў і гасцей горада. Канцэлебравалі яе а. Міхал Ермашкевіч і а. Ежы Ліс. Дарэчы, у а. Міхала з гэтым святым месцам асаблівыя повязі. Каля дзесяці гадоў таму, яшчэ да святарскага пасвячэння, ён неаднойчы прыязджаў сюды, да Маці Божай, па блаславенне на свой далейшы шлях.

Як адно імгненне праляцела для ўсіх дараваная Богам гадзіна. З удзячнасцю да Божай Маці за раней атрыманыя ласкі і з надзеяй на Яе міласэрнасць у будучыні пакідаў кожны капліцу, каб пасля зноў і зноў, узносячы хвалу Богу за мажлівасць духоўнага ачышчэння, вяртацца да яе ў думках...

Па-добраму ўразіла стаўленне да гасцей ксяндзоў і сясцёр, што працуюць у святынях Вільні. Вельмі прыемна было акунуцца ў атмасферу спагады, дабрыні і ўзаемаразумення. Гэтая атмасфера панавала ўсюды: і падчас сціплага абеду ў касцельнай сталоўцы, і падчас наведання касцёлаў, і падчас экскурсіі па горадзе.

Значную, хоць, вядома, і не асноўную, частку вандроўкі заняло знаёмства з дарагімі для беларусаў мясцінамі Вільні. Будынак, дзе ў 1523—1525 гг. друкаваў свае кнігі Францішак Скарына, утульныя дворыкі універсітэта, якія, безумоўна, памятаюць знакамітых філаматаў ды філарэтаў, вязніца, дзе чакаў выраку Кастусь Каліноўскі, вуліца Завальная, дзе на пачатку мінулага стагоддзя мясцілася рэдакцыя першай беларускай друкаванай газеты «Наша Ніва» — усё пакінула незабыўны след у сэрцы кожнага пілігрыма.

Таму і развітваліся з горадам з пачуццём лёгкага смутку: калі яшчэ надарыцца тут пабываць? Знайшліся і аптымісты. Напрыклад, парафіянка Валянціна Адамцова з Віцебска ўпэўнена: каму-каму, а ёй надарыцца абавязкова. І распавяла такое: пайшла да споведзі ў касцёле святой Тэрэсы і незнарок прапусціла Імшу ў капліцы. Ці не знак гэта, што мусіць прыехаць сюды яшчэ раз?

Зрэшты, не адна яна марыць пра новую сустрэчу. Бо хіба ж можна не жадаць зноў наведаць гэты старажытны горад і ўкленчыць перад алтаром Маці Міласэрнасці.

Францішак ДУБРАЎСКІ.