Крыху больш як тры гады таму ў віцебскім касцёле св. Барбары адбылася прыміцыйная Імша выпускніка філасофска-тэалагічнага факультэта Кракаўскага калегіума айцоў дамініканаў а. Міхала Ермашкевіча. За гэты час а. Міхал паспеў папрацаваць у Баранавічах і вось ужо другі год з’яўляецца пробашчам парафіі св. Барбары ў Віцебску — горадзе, дзе рабіў першыя крокі на шляху да святарства. Прапануем чытачам інтэрв’ю з пастырам, які разважае пра ролю Касцёла ў фармаванні асобы.

- Айцец Міхал, напэўна, Касцёл сам па сабе можна лічыць таксама і ўстановай культуры. Але ж, відаць, тут на першым месцы не адно аздабленне, не агульнапрынятыя нормы паводзінаў, а ўсё-такі асоба святара?

- Лічу, што святар не мае права абыякава ставіцца да культуры, бо культура - гэта праява чалавечага духу, сфера дзейнасці чалавека, якая больш за ўсе іншыя датычыць нашых стасункаў з Богам. Безумоўна, непасрэднае заданне святара - здзяйсненне Святых Сакрамантаў і навучанне людзей Божаму Слову. Але ж як шмат людзей яшчэ да гэтага не дайшлі! І многія, прынамсі, і з ліку інтэлігенцыі, могуць так і не знайсці сябе ў Касцёле, калі будуць адчуваць, што іх прафесійная дзейнасць тут незапатрабаваная. А такая небяспека даволі вялікая, бо гэтай катэгорыі людзей найбольш пагражае спакуса стварыць са сваёй творчай дзейнасці ўласнага бажка, якому часам прысвячаецца ўсё жыццё. Калі ў гэтай дзейнасці не будзе месца Богу сапраўднаму, вельмі лёгка скалечыць і ўласны лёс, і прывесці да няшчасця іншых, бо інтэлігенцыя мае вялікі ўплыў на людзей. Безумоўна, ад таго, якія будуць адносіны да Бога ў нашых настаўнікаў, журналістаў, літаратараў, артыстаў, залежыць і месца Бога ў жыцці ўсяго народа. Таму адносінам Касцёла і культуры трэба надаваць як найбольшую ўвагу. Святар, які добра разумее праблемы людзей культуры, мастацтва, хутчэй прывядзе іх да Бога, а праз іх - і тых, на чыё ўспрыманне разлічана іх дзейнасць.

- Апошнім часам у парафіі св. Барбары і ў іншых парафіях горада адчуваецца тэндэнцыя да максімальнага выкарыстання сродкаў культуры ў справе супрацоўніцтва Касцёла з культурнымі ўстановамі: ладзяцца канцэрты арганнай музыкі, арганізоўваюцца выступленні прафесійных і самадзейных артыстаў і г.д. Ці не пярэчыць гэта галоўнаму прызначэнню святыні?

- Музыка, асабліва арганная, старадаўнія рэлігійныя спевы дапамагаюць не толькі ажывіць гісторыю, але і лепш зразумець, што Боскія дабро, прыгажосць і любоў непадуладныя часу. Не трэба забываць, што для многіх людзей такая сустрэча з прыгажосцю ў святыні можа стаць і першай сустрэчай з Богам. Згадаю, што тэатралізаваныя дзеі ў касцёле не з'яўляюцца выдумкай сучасных святароў: яшчэ ў часы Сярэднявечча былі вельмі папулярныя містэрыі на рэлігійныя сюжэты як у каталіцкім Касцёле, так і ў праваслаўнай Царкве. Водгукам тых містэрый на Беларусі з'яўляецца, да прыкладу, батлейка. Дарэчы, слова «марыянетка», якое сёння часцей за ўсё ўжываецца ў адмоўным сэнсе, бярэ пачатак ад лялечных пастановак, менавіта ад лялькі Панны Марыі.

Канечне, у наш час, калі пачуццё sacrum у большасці людзей вельмі слабае альбо адсутнічае ўвогуле, ёсць пэўная небяспека ўспрымання касцёла толькі як тэатральнай ці канцэртнай залы. Таму перад канцэртам святар у нашай катэдры заўсёды гаворыць уступнае слова, бо кожны, хто ўваходзіць у касцёл, павінен адчуць, што гэта ў першую чаргу - храм, Дом Божы і брама да неба.

- Асобная тэма ў касцёльным жыцці - мова набажэнстваў. Традыцыйна ёю з'яўлялася польская, але ў апошнія гады на роўных з ёю пачынае выступаць беларуская. Якія тут ёсць цяжкасці?

- У пэўным сэнсе і ксяндзу-беларусу, які ведае польскую мову, лягчэй адпраўляць Імшу па-польску, бо дагэтуль няма ўсіх патрэбных літургічных кніг на беларускай мове, афіцыйна зацверджаных Касцёлам. Новы пераклад Імшалу з лаціны (безумоўна, лепшы, чым пераклады з перакладаў) яшчэ не прыняты. Ды і не кожная парафія мае поўны камплект нават недасканалых перакладаў - даводзіцца пазычаць, рабіць ксеракс і г.д. А пра афіцыйнае выданне беларускага лекцыянарыя наогул пакуль што застаецца толькі марыць. Такім чынам, падрыхтоўка да Імшы па-беларуску вымагае і большай падрыхтоўкі, і ахвяравання часам, але для большасці святароў такая цяжкасць не з'яўляецца вызначальнай у выбары мовы. Ёсць разуменне таго, што адмаўленне ад беларускай мовы ў набажэнствах прывяло б да пагаршэння яе і так незайздроснага становішча. Касцёл павінен выхоўваць у людзей паважлівае стаўленне да Бацькаўшчыны, да яе культуры і мовы.

- Напэўна, такі падыход мае і праціўнікаў?

- Некаторыя сцвярджаюць, што Касцёл - гэта не школа, дык, маўляў, ці месца тут для навучання роднай мове? Але ж мова не можа існаваць без асяроддзя, і для многіх, на жаль, такім моўным асяроддзем з'яўляецца толькі Касцёл. Дык лепей хоць нешта, чым нічога. Прыгадаем, што многія з палякаў на Беларусі ў свой час здолелі захаваць сваю нацыянальную адметнасць дзякуючы моўнаму асяроддзю ў Касцёле, бо ў сем'ях гаварылі пераважна «па-простаму», гэта значыць па-беларуску. Касцёл на Беларусі павінен спрыяць развіццю нацыянальнага яшчэ і таму, што беларусам, у адрозненне ад тутэйшых расіянаў ці палякаў, няма куды паехаць, каб яе пачуць. Сапраўдны хрысціянін не можа быць касмапалітам. Не навучыўшыся шанаваць сваё, наўрад ці будзеш належным чынам шанаваць чужое. З другога боку, нельга падтрымліваць і праявы вузкага нацыяналізму - гэта таксама не па-хрысціянску. Хоць, на маю думку, нацыяналізм беларусаў найчасцей вынікае з адвечнага жадання «людзьмі звацца», боязі страціць тое, што яшчэ ёсць. У беларусаў, на жаль, шмат комплексаў, ад якіх трэба пазбаўляцца, бо закамплексаваны чалавек не можа быць цалкам Дзіцём Божым. Трэба выхоўваць у сабе пачуццё чалавечай годнасці, якое ў вялікай ступені выцякае з разумення таго, што наш народ і яго мова не горшыя за іншыя. Толькі тады можна будзе казаць пра годнасць чалавека як Божага Дзіцяці і пра пакліканне да святасці.

- Сёння ў свеце адбываецца шмат падзей, якія выяўляюць не лепшае ў чалавеку: жорсткасць, эгаізм. Асобныя канфлікты, на жаль, здараюцца і на рэлігійнай глебе. Якое, на ваш погляд, месца экуменізму ў выпраўленні такога становішча?

- Уявім сабе, што некалькі рэстаўратараў ачышчаюць прыгожую фрэску - замаляваную ці моцна забруджаную. Адзін ачысціў пэўны фрагмент, другі - іншы і г.д. Што было б, каб яны не лічыліся з меркаваннем адзін аднаго, пачалі спрачацца наконт каларыту, манеры аднаўлення ўсёй фрэскі? Нічога добрага не атрымалася б. І наадварот, дружна працягваючы сваю агульную працу, яны вельмі хутка дасягнуць жаданай мэты. На жаль, непаразуменні здараюцца часам сярод хрысціянаў. Замест таго, каб паглыбляць свае адносіны з Богам, ачышчаць душу ад граху, зла і эгаізму - бо толькі чыстая душа адлюстроўвае сапраўднае Божае аблічча - хтосьці пачынае абсалютызаваць свой (альбо сваёй канфесіі) вопыт адносінаў з Богам і пазнання Яго, прыніжаць значэнне вопыту іншых. Пагарда і абмежаванасць ніколі не спрыялі сустрэчы з Богам, бо наўрад ці знойдзецца Яму месца ў душы, якая занятая толькі сабою. І наадварот, калі ўзбагачаешся духоўным вопытам іншых, хутчэй прыходзіш да адзінства з Ім, глыбей і лепш пазнаеш Божую любоў і прыгажосць.

- Дзякуй, айцец Міхал, за цікавую размову. Поспехаў Вам у Вашай высакароднай справе.

Гутарыў Франц СІЎКО.