17 cтудзеня біскуп Віцебскай дыяцэзіі кс. Уладзіслаў Блін і правінцыял польскай правінцыі закона айцоў францішканаў канвентуальных у Варшаве Гжэгаж Бартосік заключылі дамову аб перадачы пад апеку закона душпастырства і адміністрацыі Удзельскай парафіі Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны, што на Глыбоччыне.

Закон айцоў францішканаў праводзіў тут душпастырства з 1643 г., з дня заснавання кляштара францішканаў канвентуальных. Пасля скасавання ў 1851 г. кляштара парафія абслугоўвалася дыяцэзіяльнымі святарамі. У 1948 г. касцёл быў зачынены, а ў будынку размясцілі калгаснае зернясховішча. Плябанію ж прыстасавалі пад школу і жытло для настаўнікаў. Вярнулі касцёл парафіянам толькі ў 1989 годзе. У 1989—2000 гг. душпастырства парафіі ўзяў на сябе пробашч з Мосара кс. Юзаф Булька. Пад яго кіраўніцтвам касцёл і плябанія былі адрамантаваныя, прыйшоў час адраджэння каталіцкага жыцця ў самім Удзеле і навакольных вёсках.

Цяпер у склад парафіі ўваходзіць 35 вёсак, а лічба практыкуючых вернікаў складае больш за 800 чалавек. У ліпені 2000 г. па запрашэнні біскупа Віцебскай дыяцэзіі ў парафію вярнуліся айцы францішкане.

Пасля заключэння дамовы ў парафіі з’явіліся большыя магчымасці адраджэння і развіцця францішканскай традыцыі на Беларусі. У чэрвені гэтага года тут мяркуецца правесці сустрэчу ўсіх біскупаў і святароў краіны.

Ф. Дубраўскі.