Ружа Найсвяцейшага Адкупіцеля склалася ў Дзевятоўцы ў 1976 годзе, калі не было там ні парафіі, ні капліцы, ні тым болей касцёла, — і вымаліла ў Бога такі касцёл.

6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у Дзевятоўцы адбылася Імша Жывога Ружанца, а пасля яе — аплаткавае спатканне аніматараў ружанца. На спатканні за гарбатай і пернікамі, якія прывёз пробашч Вальдэмар з Тухова, мы і размаўлялі, і спявалі калядныя песні, і жартавалі. І ўсе думалі пра адно — пра наш касцёл, які, нягледзячы на цяжкасці, паўстае ў Дзевятоўцы, і мы з’яўляемся яго малітоўнай духовай асновай. Мы хочам, каб так было, таму ў нашай парафіі добра арганізаваны ланцужок Жывога Ружанца (цяпер з 22 ружаў, але будзе і болей).

На ўвесь 2002 год створаны каляндар святкавання ружанцовых апекуноў — усе 22 складковыя Імшы і ўрачыстасці. У першую нядзелю месяца наша капліца перапоўненая. Пасля Імшы пробашч выходзіць да моўніцы і апавядае пра ружанцовыя традыцыі католікаў свету, пра Жывы Ружанец у асяродках дзяцей. Запала ў памяць цяжка хворая Мадзя, якая кіруе ружай дзяцей у двары свайго дома...

Пробашч прапануе інтэнцыі ружанца на месяц. Так, у студзені мы молімся за Святога Айца Яна Паўла ІІ. Пробашч благаслаўляе аніматараў і абразкі-таямніцы ружаў (для гэтага кожны аніматар кленчыць перад святаром і атрымлівае благаслаўленне). Адмаўляем 10 разоў «Вітай, Марыя...», выходзім з капліцы і мяняемся таямнічкамі...

Парафіянка Галена Рожка стварыла альбом, у якім даецца гісторыя і дакладнае апісанне ўсіх ружаў з абразкамі святых апекуноў, са спісам парафіянаў, іх адрасамі і тэлефонамі. Кожны аніматар мае ліст з дакладнай інфармацыяй сваёй ружы.

Ружа, якой я кірую, носіць імя Маці Божай Ліхэньскай. З санктуарыем у Ліхэні ў нашай парафіі асаблівая сувязь. Кожны год у Ліхэнь адбываюцца пілігрымкі, парафіяне наладзілі сталую перапіску, атрымліваюць адтуль кнігі, прэсу і малітоўную ласку. Жывы ружанец пры парафіі не перапыняецца з 1996 года, але ёсць ружы, якія жывуць вельмі даўно.

Ружа імя Яна Хрысціцеля ў вёсцы Малышчына сабралася ў 1936 годзе. Ланцужок таямніцаў перадаваўся ў сем’ях ад памерлых да жывых.

У вёсцы Лапенкі дзве ружы — імя Маці Божай Фацімскай і Маці Божай Ружанцовай — моляцца з 60-х гадоў.

Пры капліцы створаны дзве ружы хлопцаў-міністрантаў: імя св. Станіслава Косткі і св. Дамініка Савіо; адна ружа дзяўчат-бялянак імя Маці Божай Прыгожай Любові, некалькі ружаў дзявочых і хлапечых і зборная моладзевая імя Божай Міласэрнасці. Ёсць дзве мужчынскія ружы — імя св. Клеманса і св. Антонія; склалася ружа настаўнікаў імя св. Максіміліяна Кольбэ. Самая маладая ружа «зацвіла» ў красавіку 2001 г. і носіць імя св. Агаты. Апякуецца нашай парафіяй Маці Божая Нястомнай Дапамогі, і ёсць такая ружа. Кожную сераду ў капліцы адбываецца пастаянная навэнна да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а 27 чэрвеня, у Дзень Найсвяцейшай Маці Божай Нястомнай Дапамогі, у нашай парафіі ладзіцца ўрачыстае адпустовае свята.

Наш пробашч Вальдэмар натхняе нас да малітваў і найболей да Жывога Ружанца. Ён умее настроем святла і ўдумлівасці прыблізіць да нас чыстае Боскае адчуванне. Нябёсы спачываюць над нашым недабудаваным касцёлам, які мы ўзводзім у тым ліку і святым Жывым Ружанцам.

Ірэна Вярбіцкая.