Ордэн цыстэрцыянцаў заснаваны ў 1098 г. у Францыі па ініцыятыве св. Роберта. Асноўныя прынцыпы манаскага жыцця былі ўзятыя заснавальнікам у бенедыктынцаў. Паводле легенды, св. Роберт і 20 манахаў, якія шукалі месца для першага кляштара, пачулі голас з неба: «Sistre hic!» («Застанься тут!» — лац.). На гэтым месцы і быў пабудаваны першы кляштар, названы паводле пачутага загаду «Citeaux» на французскай мове, ці «Cistercium» на латыні. З тых часоў манахі і завуцца цыстэрцыянцамі.

Колькасць кляштараў павялічвалася з года ў год. На тэрыторыі Беларусі цыстэрцыянцы з’явіліся ў 1711 г. Менавіта ў гэтым годзе святар-цыстэрцыянін Бенедыкт Ружанскі прыехаў на Мазырскае Палессе. У прыгарадзе Мазыра — Кімбараўцы, у вельмі маляўнічым месцы на правым беразе Прыпяці ён вырашыў заснаваць мужчынскі кляштар. Шаноўныя мазыране спадарыні Камароўская, Бахманава, сям’я Шукштаў ахвяравалі абложную зямлю і лясы ў Чорнай Даліне Кімбараўкі. Сродкі на будаўніцтва даў наваградскі кашталян Антоній Аскерка. У 1740-я і 1780-я гады фінансава падтрымлівалі Рафал Алаіз і Казімір Мацей Аскеркі. У 1717 г. кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ даў кляштару 30 валок зямлі, у 1742 г. кароль Аўгуст ІІІ — яшчэ 20 валок. У 1825 г. цыстэрцыянцы мелі юрыдыку ў Кімбараўцы з 6 хатамі, вёскі Навінкі і Юхнаўка (18 дымоў), 24 валокі зямлі ворнай і пад лесам. Парафія пры кляштары мела таксама капліцы ў вёсках Кошчычы, Кузьмічы, Нароўля, Навінкі, Санюкі, Юзафаўка. Працавала школа для дзяцей і моладзі, бібліятэка, у якой налічвалася 850 тамоў.

У 1744 г. у Даліне Анёлаў («Vallis Angelica») той жа Кімбараўкі быў заснаваны і жаночы кляштар цыстэрцыянак. Казімір Сапега ахвяраваў на яго 30 тысяч злотых, дапамагала і мазырская шляхта. У 1745 г. пабудавалі касцёл — цудоўны помнік архітэктуры позняга барока. Пры кляштары цыстэрцыянак дзейнічаў пансіён для дзяўчат. У 1809 г. у гэтай школе вучылася 28 дзяўчат.

Мужчынскі кляштар у 1864 г. быў зачынены царскімі ўладамі, а касцёл пераабсталяваны пад праваслаўную царкву. Усе будынкі добра захаваліся, але сёння ў іх месціцца мэблевая фабрыка.

У 1886 г. быў скасаваны і жаночы кляштар. Цыстэрцыянкі тэрмінова з’ехалі ў Імбрамовіцкі кляштар (Польшча). Пасля будынкі былі то прыватнай, то дзяржаўнай уласнасцю, інтэрнатам для дзяцей-сіротаў, музычным вучылішчам, цэнтрам веславання.

24 кастрычніка 1990 г. былы касцёл кляштара цыстэрцыянак быў перададзены рыма-каталіцкай парафіі Мазыра. З 1991 г. вялася яго рэканструкцыя. 29 верасня 1995 г. адбылася рэкансэкрацыя святыні. Сучасны выгляд касцёла нагадвае першапачатковы.

Касцёл св. Міхала Арханёла ў Мазыры — не проста велічны помнік архітэктуры, але і помнік духоўнаму подзвігу братоў і сясцёр цыстэрцыянцаў. Яны праз сваю малітву і працу, праз самаадрачэнне і ахвярнае служэнне людзям крочылі да Нябеснага Айца, праслаўляючы Бога і збаўляючы душы палескіх вернікаў. Гэта яны заклалі падмурак будучага адраджэння Касцёла на Мазырскім Палессі.

Руслан ГАРОДКА, г. Мазыр.
Фота аўтара.