У студзені 2001 г. у свеце жыло больш за 2 мільярды хрысціянаў, на той час колькасць усіх жыхароў нашай планеты складала крыху больш за 6,1 млрд. Гэтыя лічбы 23 студзеня падало ватыканскае місійнае прэс-агенцтва Fides, спасылаючыся на Міжнародны бюлетэнь даследавання місій (МБДМ) у ЗША. З дадзеных таксама вынікае, што ў той жа час на свеце жыло больш за 1,2 млрд. мусульманаў, амаль 824 млн. індусаў, каля 364 млн. будыстаў і 150,5 млн. атэістаў. 774,3 млн. людзей не прызнаваліся ў прыналежнасці да якой-небудзь рэлігіі, але і не заяўлялі, што яны няверуючыя. Новыя рэлігіі вызнавала больш за 103,3 млн. асобаў, а рэлігіі плямёнаў і родаў – 231,3 млн. Значна менш вернікаў мелі такія народныя рэлігіі як сіхізм (каля 23,7 млн.) і юдаізм (больш за 14,5 млн.).

З хрысціянскіх рэлігій самая колькасная – каталіцызм – больш за 1,07 млрд. вернікаў, розныя адгалінаванні пратэстантызма маюць 346,7 млн. вернікаў, праваслаўе – 216,2 млн., англікане – амаль 81 млн. Статыстыка МБДМ змяшчае таксама прадбачанні на 2025 год. Паводле іх на свеце будзе жыць больш за 7,8 млрд. людзей, у тым ліку крыху больш за 2,6 млрд. хрысціянаў, амаль 1,8 млрд. мусульманаў і больш за мільярд індусаў. У апошнія дзесяцігоддзі наступіў вельмі хуткі прырост колькасці вызнаўцаў ісламу і індуізму (у сярэдзіне ХХ ст. іслам вызнавала няпоўныя паўмільярда асобаў, а індуізм яшчэ менш). У 1990 г., калі на свеце жыло каля 5,3 млрд. людзей, хрысціянаў было больш за 1,7 млрд. (у тым ліку 929,5 млн. католікаў), мусульманаў – 962,4 млн., індусаў – 686 млн., будыстаў – 323,1 млн. Ацэньваючы вышэй пададзеныя лічбы, трэба памятаць, што яны паказваюць агульную колькасць вызнаўцаў дадзенай рэлігіі без унікання ў ступень іх атаясамлівання з дэклараванай верай. Гэта асабліва істотна ў выпадку ісламу, дзе вельмі цяжка ўстанавіць адсотак сапраўды веруючых і практыкуючых з-за недахопу выразных паказчыкаў рэлігійнасці, як, напрыклад, абавязак наведвання святыні ў святочныя дні альбо карыстанне з сакрамантаў.

Па матэрыялах выдання «Gość Niedzielny»