Паведамленне для сродкаў масавай інфармацыі

11 лютага 2002 г., у дзень памяці Маці Божай Лурдскай, Яго Святасць Папа Рымскі Ян Павел ІІ надаў Апостальскім адміністратурам для католікаў лацінскага абраду ў Расіі статус дыяцэзій. Рыма-каталіцкую архідыяцэзію Маці Божай з цэнтрам у Маскве ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Рыма-каталіцкую дыяцэзію Перамянення Пана з цэнтрам у Новасібірску ўзначаліў біскуп Юзаф Верт, Рыма-каталіцкую дыяцэзію Святога Клімента з цэнтрам у Саратаве ўзначаліў біскуп Клеменс Пікель і Рыма-каталіцкую дыяцэзію Святога Юзафа з цэнтрам у Іркуцку ўзначаліў біскуп Ежы Мазур.
Каб выказаць належную пашану епархіям Рускай Праваслаўнай Царквы і іх шаноўным арцыпастырам, каталіцкія дыяцэзіі Расіі атрымалі тытулы святых, а не гарадоў, у якіх знаходзяцца іх цэнтры.
Для ажыццяўлення сумеснай пастырскай дзейнасці і больш эфектыўнага супрацоўніцтва згодна з Кананічным Правам заснавана мітраполія на чале з мітрапалітам - галавой архідыяцэзіі Маці Божй з цэнтрам у Маскве арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якая аб'ядноўвае ўсе дыяцэзіі Расіі.
Узвядзенне існаваўшых на працягу дзесяці год Апостальскіх адміністратур у статус дыяцэзій адбылося з мэтай нармалізацыі стану Каталіцкага Касцёла ў Расіі і рэалізацыі права на свабоду веравызнання, у аснове якой ляжыць годнасць чалавечай асобы.

Каталіцкі Касцёл у Расіі мае багатую шматвяковую гісторыю, якая сваімі трагічнымі старонкамі мінулага стагоддзя ў многім падобная да гісторыі Праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і рэлігій. На тэрыторыі сучаснай Расійскай Федэрацыі яшчэ ў XIV-XV стст. дзейнічалі каталіцкія дыяцэзіі - Танская (з цэнтрам у Азове), Матгерская, Астраханская і іншыя. У XVII-XVIII стст. існавала Смаленская дыяцэзія.

У 1773 г. Кацярына ІІ без узгаднення з Апостальскаю Сталіцаю унесла шэраг пераўтварэнняў у структуры Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі, самаўладна заснаваўшы так званае «Беларускае біскупства» з цэнтрам у Магілёве, якое ў 1782 г. яна рэарганізавала ў Магілёўскую архідыяцэзію, праз год прызнаную Рымам. Імператар Павел І ў 1798 г. узвёў арцыбіскупа Магілёўскага ў сан мітрапаліта, пры гэтым ягоная катэдра дэ-факта знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу. Такім чынам, каталіцкі мітрапаліт у гісторыі Расіі ўжо быў, і 11 лютага 2002 года Папа толькі аднавіў гістарычную справядлівасць у адносінах да католікаў краіны.

У 1847 г. быў падпісаны Канкардат паміж Расіяй і Ватыканам, адным з палажэнняў якога было стварэнне Ціраспальскай дыяцэзіі на поўдні Расіі з цэнтрам у Саратаве.

Перад 1917 г. у Расійскай імперыі ў цяперашніх межах Расійскай Федэрацыі былі дзве біскупскія катэдры. У 1923 г. была ўстаноўлена Уладзівастоцкая дыяцэзія.

У 1991 г., пасля сямі дзесяцігоддзяў барацьбы з рэлігіяй у Савецкім Саюзе, у новых сацыяльна-палітычных умовах Апостальская Сталіца для душпастырства католікаў, раскіданых на вялізнай тэрыторыі Расіі, устанавіла дзве Апостальскія адміністратуры для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай і азіяцкай частак Расіі з цэнтрамі адпаведна ў Маскве і Новасібірску. У 1999 г. у сувязі з пастырскімі патрэбамі кожная з гэтых Адміністратур была падзеленая на дзве. У выніку ўзніклі Апостальская адміністратура для католікаў лацінскага абраду поўначы еўрапейскай часткі Расіі (з цэнтрам у Маскве) і Апостальская адміністратура для католікаў лацінскага абраду поўдня еўрапейскай часткі Расіі (з цэнтрам у Саратаве), а таксама Апостальская адміністратура для католікаў лацінскага абраду Заходняй Сібіры (з цэнтрам у Новасібірску) і Апостальская адміністратура для католікаў лацінскага абраду Усходняй Сібіры (з цэнтрам у Іркуцку).

Апостальскія адміністратуры ўстанаўліваюцца толькі ў выключных выпадках і па сваёй прыродзе як структуры з'яўляюцца часовымі. Цяпер у свеце засталося толькі 9 Апостальскіх адміністратур, у той час як дыяцэзій - каля 2500. У апошні час на тэрыторыі былога СССР Апостальскія адміністратуры Казахстана і Малдовы былі пераўтвораныя ў Карагандзінскую і Кішынёўскую дыяцэзіі.

Цяперашні стан Каталіцкага Касцёла ў Расіі і выклікі, якія стаяць перад ім, а таксама развіццё міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу, стасункаў з дзяржавай і грамадствам дыктуюць неабходнасць узвядзення часовых структур у ранг пастаянных. Сёння мы можам сказаць, што нарэшце ў Расіі з'явіліся нармальныя каталіцкія структуры, падобныя да тых, якія дзейнічаюць і ў іншых краінах.

Выказваю надзею, што апошнія пераўтварэнні структураў Каталіцкага Касцёла ў Расіі будуць з разуменнем успрыняты расійскім грамадствам і паслужаць яго далейшаму развіццю на шляху дэмакратыі і свабоды веравызнання, а таксама будуць садзейнічаць умацаванню міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт у Маскве,
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі.

Масква, 11 лютага 2002 г.
Успамін Маці Божай Лурдскай
А гэта вельмі цікава, што...