Рознымі шляхамі чалавек прыходзіць да Бога. У аднаго яны простыя: з маленства за руку з мамай да касцёла ці да царквы. У другога пакручастыя, з перашкодамі, нярэдка праз розныя цэрквы ды рэлігіі. Што ж, чалавек шукае. І калі ён шукае Бога, а не нешта іншае, можна не сумнявацца — знойдзе.

А як прыходзіць да Бога цэлая сям’я? Вялікая па сённяшнім часе, з дзецьмі розных узростаў, як сям’я Гапоненкаў, да прыкладу. Вось яны на здымку — Уладзімір, Аляксандра, сястра Дамініка, Аліса, Юлік. Іх пазнае кожны, хто стала наведвае касцёл святога Роха на Залатой Горцы ў Мінску. Калі паняцце сям’я разумець шырэй, чым «муж, жонка і іх дзеці», то абавязкова прыгадаеш і сястру Аляксандры Вікторыю, яе мужа Юзафа і іх сыноў Стасіка і Ясіка — то ўжо сям’я Лысых. Заўсёды можна сустрэць у касцёле гэтых людзей. Бывае, што рабочы графік не дазваляе прысутнічаць на Імшы Уладзіміру, або ад’ехаў у вёску адведаць старых бацькоў Юзаф, ці хварэюць дзеці і трымаюць дома сваіх мам. Але сям’я заўсёды ўдзельнічае ў Імшы. Спяваюць у дзіцячым хоры Аліса і Стасік. Распачалі падрыхтоўку да першай Камуніі Юлік і Ясік. Ну, а сястра Дамініка навучае дзяцей у школе рэлігіі. Можна падумаць, што так было заўсёды. Але ж не. Усе мы выраслі за савецкім часам, калі ні ў школе, ні ў большасці сем’яў не было прынята выхоўваць дзяцей у пашане да Бога. Маўляў, калі ёсць Бог, то маліся да Яго ціхенька дома, нікуды не хадзі і не наклікай на сваю галаву непрыемнасцяў. Так і жылі. Каго гэта не задавальняла, той часам заходзіў у царкву і, праслухаўшы прыгожую, але незразумелую літургію, сыходзіў з пачуццём, што тое, чаго ён шукае і прагне, бліжэй да яго не стала і, значыць, трэба шукаць далей. Куды толькі не заводзіла людзей тая незадаволенасць. Іншы раз рухаліся ў зусім супрацьлеглым напрамку, траплялі ў розныя секты, накшталт «Белага брацтва», шукалі ісціну там, дзе яе ніколі не было. Дастаткова прыгадаць, як зусім нядаўна, крыху больш за дзесяць гадоў таму, народ зачаравана ўтаропліваўся па вечарах у экраны тэлевізараў, адкуль сумнавядомы Кашпіроўскі ў імгненне вока «ацаляў» усе іхнія балячкі. І колькі такіх «цудатворцаў» было — не ўпомніш.

Вось і Аляксандра хадзіла ў праваслаўную царкву, хоць ахрышчана была некалі ў касцёле. Хадзіла і не адчувала там сувязі з Богам, таму што малітвы ўсе былі на незразумелай мове, душа не адгукалася на іх. Нават дачку Лёлю Гапоненкі так і не ахрысцілі на той час.

А пасля сястра Вікторыя выйшла замуж, і яны паехалі ў госці да новых сваякоў у вёску. Там у касцёле і ахрысцілі Лёлю. З таго наведвання касцёла усё і пачалося. Былі яшчэ розныя перашкоды, непаразуменні, нават спрэчкі. Але ж у Бога сцежак многа, ды вядуць яны ўсе ў адным напрамку. Сям’я Гапоненкаў проста прыняла Божую волю, і гэта вырашыла невырашальныя, як падалося б многім, праблемы.

У час цяжкой хваробы звярнуўся да Езуса Уладзімір. І выздаравеў. Гэта і прывяло яго да касцёла. Павёз ён дачку Лёлю ў Магілёў да фігуркі Маці Божай Фацімскай, якая тады вандравала па свеце і да якой ішлі пакланіцца вернікі. Там і адбылася нязначная на першы погляд падзея. Дзяўчынку пагладзіла па галаве сястра-дамініканка. Натуральны і распаўсюджаны жэст, які, аказваецца, можа накласці адбітак на будучы лёс дзіцяці. І нам не павінна быць усё роўна, хто гладзіць па галаве нашых дзяцей. Лёля неўзабаве адчула ў сваёй душы жаданне стаць законніцай. Не так проста гэта далося сям’і Гапоненкаў. Прыйшлося прайсці праз неразуменне сваякамі і блізкімі, якія папракалі Аляксандру і Уладзіміра, што тыя «аддалі дачку ў кляштар». А яны нікуды дачку не аддавалі, проста не сталі перашкаджаць той ісці сваёй дарогай, якую яна сама абрала і на якую паклікаў яе Бог. Лёля скончыла Беларускі гуманітарны ліцэй, выпускнікі якога амаль стопрацэнтна паступалі ў ВНУ, але ў кожнага сваё прызначэнне ў гэтым свеце, і яна стала сястрой Дамінікай.

На той час у Гапоненкаў было ўжо трое дзяцей. Пасля нараджэння Алісы Аляксандру звольнілі з працы па скарачэнні. І нідзе яе прафесія будаўніка аўтамабільных дарог не спатрэбілася. Колькі жанчын упадае ў такой сітуацыі ў жорсткую дэпрэсію. А яна — у 38 гадоў — нарадзіла яшчэ сына Юліка і прысвяціла сябе сям’і. Цяжка гэта па сённяшнім часе, але ад гэтых людзей ніколі не пачуеш скаргаў, ныцця. Яны падпарадкоўваюцца Божай волі, і Бог шчодра адорвае іх душэўнай цеплынёй і добрым настроем. Трэба бачыць, колькі людзей пасля Імшы ў касцёле, калі ўсе пачынаюць разыходзіцца, падыходзяць да Гапоненкаў, каб прывітаць іх, пагаманіць, павіншаваць са святам, падзяліцца аплаткам...

Неяк мы з Аляксандрай размаўлялі пра будучае жыццё — вечнае. І яна з захапленнем распавядала, што там не будзе падзелу на маё-тваё, і чужыя дзеці будуць як свае і ўсіх будзеш любіць аднолькава. І мне падумалася, што яны да такога жыцця ўжо амаль гатовыя.

Вера Лойка.