Мой дзед Вінцэнт, бацька маёй маці, дапамагаў будаваць парафіяльны касцёл у Мядзведзічах яшчэ ў 1907 годзе... Сэрцам і душою адданы веры ў Бога, ён перадаў сваю веру і дзецям, а яны ў сваю чаргу перадалі яе сваім дзецям, сярод якіх быў і я — Рычард Юнік, сын Юзафа і Яніны. Нарадзіўся я ў вёсцы Русінавічы ў год, калі выбухнула вайна. І менавіта ў касцёле ў Мядзведзічах мяне ахрысціў ксёндз Ляон Буйноўскі...

У 1950-1956 гг., калі наш ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі знаходзіўся ў турме, мы самі маліліся кожную нядзелю ў касцёле альбо дома. А з Баранавічаў часам даязджаў да нас ксёндз Станіслаў Рагоўскі, і тады мы вельмі спяшаліся да кацёла...

У маі 1956 г. ксёндз Вацлаў Пянткоўскі вярнуўся з турмы, і ў парафіі пачалося інтэнсіўнае рэлігійнае жыццё. Я памятаю, як ксёндз Вацлаў першы раз запрасіў мяне служыць падчас Святой Імшы, а дакладна гэта было 8 жніўня 1958г. Калі я ўпершыню надзеў комжу, гэта было для мяне вялікім, радасным перажываннем. З таго часу кожную нядзелю я праходзіў (альбо праязджаў на ровары) пяць кіламетраў, каб трапіць на Святую Імшу альбо на маёвае ці чэрвеньскае набажэнствы... А ксёндз інфулат пачаў вучыць мяне літургіцы, музыцы і лацінскай мове (бо менавіта на ёй у той час праходзіла ўся літургія).

Я палюбіў хараство літургіі і музыкі. Часта займаўся ігрой на аргане (дома нават меў невялікую фізгармонію, якую мне пазычыў ксёндз Вацлаў), увесь вольны час прысвячаў музыцы і нотам. Перапісваў у іншых арганістаў прэлюдыі, нават сам складаў простыя імправізаваныя творы. Гэта давала мне імпульс для фантазіі. Тады я пачаў іграць шматгаласавыя творы, і ўдаваліся яны мне не найгорш...

Такім чынам у сакавіку 1961 г. наш пробашч накіраваў мяне працаваць арганістам у Рубяжэвічы па просьбе мясцовага ксяндза. Арганы там былі добрыя, а ў мяне — запал малады. Марыў стаць святаром і вельмі хацеў дасягнуць мэты. Прываблівалі мяне таксама музыка, філасофія, гісторыя, тэалогія, псіхалогія, медыцына, антрапалогія і касмалогія, рэторыка, анталогія з эгзэгетыкай і кананічнае права. Да гэтага часу памятаю прозвішчы аўтараў кніг... Усю праграму семінарыі я вывучаў самастойна. Экзамены здаваў экстэрнам. Маім кіраўніком і духоўным айцом увесь час быў ксёндз Вацлаў Пянткоўскі — выдатны прафесар (прайшоў вучобу ў Рыме).

Я мог стаць святаром на 10 гадоў раней, але не спяшаўся прымаць такое важкае рашэнне, бо хацеў дакладней спазнаць сябе, усвядоміць сваё пакліканне: ці змагу належна і годна справіцца з такім адказным і вялікім заданнем? Ужо тады я добра ўсведамляў, што, каб весці людзей да святасці, перш трэба самому стаць «святым» — простым і разумным. Таму чытаў кнігі пра жыццё святых і нават рабіў занатоўкі з тэкстаў, каб пераняць нешта для сябе. Але мая вера была не заўсёды аднолькавая. Часам здаралася так, што вусны мае гаварылі, а сэрца маўчала: дух прагне, але цела млявае — звычайная людская слабасць... Добрыя імкненні часам не прымаліся блізкімі і знаёмымі — тады згасаў дух. Так праходзілі гады...

Але часу дарма не губляў, цікавіўся мовамі: акрамя трох мясцовых (рускай, беларускай і польскай, якія вывучыў яшчэ ў дзяцінстве), лацінскай і нямецкай, прываблівалі мяне літоўская і латышская.

Хачу прыгадаць двух асобаў, якія дадавалі мне сілы: ксяндза Ежы Росека з Паланэчкі і ксяндза Люцыяна Хмялёўца з Дзераўной. Яны дапамагалі мне маральна і матэрыяльна. Таксама добры ўспамін застаўся з духоўнай семінарыі ў Драгічыне над Бугам — з рук кс. біскупа Уладзіслава Яндрушка я атрымаў ніжэйшыя пасвячэнні (акалітат і лектарат).

У 1977 г. скончыў вучобу. Рыхтаваўся да вышэйшых пасвячэнняў, але ўзніклі перашкоды з боку савецкіх уладаў, якія адмовіліся рэгістраваць мяне. Толькі праз год я атрымаў згоду пасля некалькіх просьбаў нашых духоўных: 28 чэрвеня 1978 г. адбылося пасвячэнне ў дыяканат, і адразу пасля гэтага, у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла я атрымаў святарскія пасвячэнні з рук біскупа Валяр’яна Зондакса ў Рызе, у касцёле св. Францішка. Гэта быў узнёслы, урачысты і гістарычны момант для мяне і Пінскай дыяцэзіі. На святарскіх пасвячэннях прысутнічала больш за 10 святароў, клерыкі з семінарыі і некалькі сотняў чалавек — палякаў і латышоў.

Урэшце «ego sum sacerdos» Божа! Ты зрабіў для мяне больш, чым я гэтага заслугоўваю... Што я магу аддаць Пану Богу за гэтыя дары? Хто я? Святар на вякі. Пане! У шчырасці майго сэрца аддаюся сёння Табе як верны слуга (гэты тэкст напісаў на прыміцыйным абразку). Пасля пасвячэння удзяліў прыміцыйнае благаславенства духавенству і Божаму люду ў касцёле. А людзі жадалі мне Божага благаславення ў працы і ў жыцці.

Распачаў я адміністрацыйна-душпастырскую працу вікарыем у Мядзведзічах. Потым працаваў амаль год у Новай Мышы пробашчам. Пазней на працягу года праязджаў сто кіламетраў да Рубяжэвічаў на два тыдні ў месяц. З кастрычніка 1980 г. і да сённяшняга дня працую там пробашчам. Парафія вялікая. Праца вельмі адказная. Атмасфера — савецка-атэістычная. Акрамя ўласнай парафіі, на працягу дзесяці гадоў абслугоўваў яшчэ 5 іншых, дзе касцёлы былі знішчаны альбо зачынены: у Волме, Койданаве, Хотаве, Івянцы, Камені. Шэсць парафій на аднаго! Дзякуй Богу, працы хапала...

За 13 гадоў не меў ніякага адпачынку, апроч некалькіх тыдняў, праведзеных у шпіталі. Вяду жыццё аскета і вегетарыянца. Вельмі патрабавальны да сваіх парафіянаў —хачу, каб яны добра ведалі катэхізіс. Да сябе патрабавальны яшчэ больш, бо я — фармаліст... Шмат працую фізічна. Перадусім — рамонты ў касцеле: вежы, вітражы, падлога. Перад Богам баюся быць грэшным, перад людзьмі — смешным. Хто мой ідэал? Святы Вінцэнт а Пауло, Ян Віяннэй, айцец Піо.

«Ad futuram rei memoriam» крыху статыстыкі з 1990 г. (занатоўваю яе штодзённа, сістэматычна, пашырана і дакладна): хростаў — 277, шлюбаў — 180, першая споведзь дзяцей і дарослых — 244, споведзь у касцёле — 5200, пахаванняў — 97, залатых юбілеяў — 3...

Dum spiro, spero — Finis coronat opus (пакуль жыву, не губляю надзеі — канец — справе вянец).

Кс. Рычард Юнік.
Фота з архіва парафіі.