Калі вы глядзіце на Крыж, вы разумееце,
як моцна Езус любіў вас. Калі вы глядзіце
на Святую Гостыю,
вы разумееце, як моцна Езус любіць вас цяпер.
Маці Тэрэса з Калькуты.

Езус Хрыстус у Эўхарыстыі — жывы сапраўдны Бог. Ён сціпла хавае сваю веліч і прыгажосць у Святой Гостыі, каб мы не баяліся прыходзіць да Яго. «Ён, будучы багатым, абяднеў дзеля вас, каб вы разбагацелі Яго ўбоствам» (2 Кар 8, 9). Цуд з цудаў: такі Вялікі Бог у такім малым Хлебе! Для нас, людзей, гэта вялікая таямніца, якую спазнаем вераю.

У каплічцы Маці Божай Будслаўскай касцёла святых Сымона і Алены Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакраманце нястомна, удзень і ўначы, чакае сваіх дзяцей. І сапраўды, тут, каля Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, заўсёды знойдзеш падтрымку і суцяшэнне. Сумна бывае толькі тады, калі трэба адыходзіць, а Ён застаецца адзін, самотны — Адвечны Вязень Любові.

Людзей у каплічцы то шмат, а то і нікога. У параўнанні з тым, колькі вернікаў бывае ў нашых касцёлах, тут іх няшмат. Напэўна, многія яшчэ не да канца ўсведамляюць, што Езус Хрыстус рэальна прысутнічае ў Эўхарыстыі. А магчыма, проста не вераць. Бо вера непарыўная з учынкамі. Калі мы верым, што Езус прысутнічае ў Найсвяцейшым Сакраманце, мы ідзем да Яго, мы прыходзім да Яго, мы бяжым да Яго.

— Калі б мы маглі бачыць Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакраманце, ці ж не знайшлі б хоць гадзіну на тыдні, каб пабыць разам з Ім?! — задаецца рытарычным пытаннем падчас нашай размовы Леанід Калінін.

Гэтага чалавека многія парафіяне Чырвонага касцёла добра ведаюць. У мінулым годзе ён быў тут неаднойчы. Некаторыя нават прымалі Леаніда за ксяндза, бо вельмі краналі душу словы, якія ён прамаўляў падчас Святых Імшаў. Яго заўсёды можна было бачыць у каплічцы каля Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Бывала, што і са слязьмі на вачах, калі Езус заставаўся самотны. Леанід Калінін родам з Масквы. Цяпер жыве ў Чэхіі. Належыць да руху бесперапыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Гэты рух узнік па ініцыятыве італьянскага святара з супольнасці місіянераў Найсвяцейшага Сакраманту Марціна Лючыя. У яго ўваходзяць не толькі святары і манахі, але і свецкія людзі. Місія руху — распаўсюджванне па свеце бесперапыннай адарацыі Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакраманце.

Даведаўшыся, што ў Мінску ў касцёле святых Сымона і Алены ёсць каплічка, у якой пастаянна выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамант, Леанід прыехаў сюды з мэтай арганізаваць тут бесперапынную адарацыю. Дзякуючы пробашчу касцёла кс. Уладзіславу Завальнюку і яго святарскаму благаславенню Леанід распачаў сваю працу.

— На ўласным вопыце я адчуў шчасце прысутнасці Езуса, — гаворыць Леанід. — Па волі лёсу я апынуўся ў чужой краіне без знаёмых і сяброў, без ведання мовы. Гэта вельмі цяжка. І калі ўжо быў на парозе адчаю, мне дапамог Хрыстус. Я лічыў гадзіны і хвіліны да раніцы, каб хутчэй пабегчы ў каплічку да Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Там, у Італіі, я зразумеў, што гэта такое — бесперапынная адарацыя Езуса ў Эўхарыстыі.

Леанід сапраўды жыве тым, аб чым гаворыць, і з усяе душы імкнецца перадаць гэта іншым. «Кожны з нас бясконца мілы Езусу Хрысту, але мы не зможам гэтага адчуць, пакуль не пазнаем Яго ў Найсвяцейшым Сакраманце», — такое галоўнае перакананне Леаніда.

У Катэхізісе Касцёла сказана, што Эўхарыстыя — гэта крыніца ўсяго хрысціянскага жыцця. Аднак вельмі часта мы забываем пра сутнасць хрысціянства. Забываем, што Езус — Збаўца. Паўтараючы словы малітвы, не задумваемся над іх сутнасцю, як і аб тым, што кожная Святая Імша — гэта працяг у часе і прасторы бясконцай каштоўнасці адной здзейсненай Ахвяры Хрыста на Крыжы. Кожны дзень падчас Святой Імшы Езус складае сваё жыццё за нас. Ён ратуе нас бесперапынна. І таму яшчэ трымаецца гэты свет. Для хрысціяніна галоўнае — прымаць Ахвяру Хрыста. Чым больш ты хрысціянін, тым больш разумееш значэнне гэтай Ахвяры. І, канечне ж, больш любіш свайго Збаўцу і хочаш Яго праслаўляць. Бесперапынная адарацыя Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі — гэта бесперапынная хвала Богу. Гэта таксама бесперапынная малітва парафіі.

Святы Айцец Ян Павел ІІ гаворыць, што зло ўсяго свету магло б быць знішчана магутнай сілай бесперапыннай Эўхарыстычнай адарацыі. Шатан уцякае з таго месца, дзе вернікі бесперастанку праслаўляюць Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Адной з першых ініцыятываў Рымскага Папы пасля замаху на яго ў 1981 г. было ўстанаўленне штодзённай адарацыі ў базыліцы св. Пятра. Сам ён актыўна ўдзельнічае ў ёй, адпраўляючы некалькі святых гадзін у дзень.

Маці Тэрэса з Калькуты шматразова сведчыла пра надзвычайную моц адарацыі: «Калі хочаце мець новыя пакліканні ў вашых парафіях, устанавіце штодзённую адарацыю».

Як жа практычна арганізаваць бесперапынную адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту? Галоўнае — гэта жаданне святара і благаславенне біскупа. Месца для Езуса Эўхарыстычнага заўсёды можна знайсці. Успомнім св. Юзафа. «...Не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 7). Але ён шукаў, пакуль не знайшоў. І месца нараджэння Хрыста ў Бэтлееме стала першай каплічкай бесперапыннай адарацыі. Пастухі першымі прыйшлі пакланіцца Яму.

У касцёле святых Сымона і Алены галоўная праблема вырашана — ёсць каплічка з Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце. Не хапае нас з вамі, каб прыйсці сюды на адну гадзіну раз на тыдзень. У тыдні 168 гадзін. На кожную патрэбны як мінімум дзве асобы (для поўнай упэўненасці, што хтосьці адзін прыйдзе). Рух бесперапыннай адарацыі ўзначальваюць каардынатары, але не начальнікі. Чалавек выбірае той час, які яму падыходзіць. Моліцца ў той форме, у якой жадае.

Памятайма, што Езусу Хрысту вельмі дарагая і мілая гэта падараваная гадзіна. У Аліўным Садзе Ён запытаў сваіх вучняў: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны не спаць са Мною?» (Мц 26, 40).

У адной са сваіх кніг а. Марцін Лючыя сказаў: «Няма ахвяры, якую мы маглі б прынесці, роўнай з той, якую Ён пастаянна прыносіць дзеля нас у Святой Эўхарыстыі. Але кожная ахвяра, якую мы прыносім дзеля Яго, суцяшае Яго Сэрца за ўсіх, хто не любіць Яго, і прыносіць незлічоныя ласкі для ўсяго свету».

— Са свайго вопыту ведаю, — гаворыць Леанід, — што святая гадзіна каля Езуса Эўхарыстычнага дапамагае стаць хрысціянінам не паводле хросту, а па сутнасці. Кожны раз узнікае праблема выбару — ісці да Езуса ў вызначаны час альбо... Шатан ведае, як нас звесці. Будзе з’яўляцца шмат праблем і неадкладных спраў. Аднак, прымаючы рашэнне ісці да Найсвяцейшага Сакраманту, чалавек пераацэньвае каштоўнасці і робіць выбар на карысць Бога.

Святая гадзіна — асабістыя адносіны з Езусам. Ты ведаеш, што ў гэты дзень, у гэты час Езус чакае менавіта цябе. І ты бяжыш, як закаханы на спатканне. Прыходзіш у каплічку ў розным настроі. Тут вучышся аддаваць Яму радасць, гора, крыўду. Калі ўсё аддасі Хрысту, згаджаючыся з Яго воляй, Ён заўсёды адкажа табе. І сэрца перапоўніцца незямной радасцю.

У адным са сваіх аб’яўленняў у Меджугор’і Маці Божая прасіла: «Маліцеся, маліцеся, маліцеся, пакуль малітва не стане радасцю». У апостала Паўла таксама ёсць словы: «Заўсёды радуйцеся. Несупынна маліцеся. За ўсё дзякуйце» (1 Фес 5, 16-18). Аднак многія з нас не ведаюць гэтай радасці, хоць і думаюць, што ўмеюць маліцца. Езус дапаможа і ў гэтым. Прыйдзіце да Яго, адчыніце сваё сэрца, прыміце Ягоную любоў.

Пан Бог нікога не абдзяляе сваёй любоўю, бо прыйшоў у першую чаргу да хворых, убогіх і грэшных. «Не здаровым патрэбны лекар, але хворым» (Мк 2, 17). І чалавек, які не можа прымаць Святую Камунію, павінен мець магчымасць прыйсці да Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Тут ён зможа атрымаць ласкі столькі, колькі здольна змясціць ягонае сэрца.

Сюды могуць прыходзіць людзі розных канфесій. «У маёй практыцы, — зазначае Леанід, — былі выпадкі, калі пакланіцца Езусу ў Найсвяцейшым Сакраманце прыходзілі мусульмане». Езус — гэта Той, да якога «ўвесь народ стараўся дакрануцца... бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх» (Лк 6, 19).

Галіна КАЛЕВІЧ.

Р. S. Па пытаннях бесперапыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту ў каплічцы Маці Божай Будслаўскай можна звяртацца ў закрыстыю касцёла святых Сымона і Алены.