Чужы па крыві чалавек часам становіцца родным па духу. У гэтым няма нічога дзіўнага. Мы ж усе дзеці адзінага Бога, усе браты і сёстры. У валадарстве Божым няма сваіх і чужых. Усе родныя. І як жа важна ўжо тут, на зямлі, любіць адзін аднаго, маліцца за тых, хто яшчэ далёкі ад Бога, рабіць усё, каб яны таксама спазналі і прынялі свайго Нябеснага Айца. Мы адказныя адзін за аднаго. Чужая радасць — гэта мая радасць, чужы боль — гэта мой боль. А колькі сёння гэтага болю! Самы моцны — дзіцячы. Боль маленькіх ненароджаных дзетак. Іх крыкі ускалыхваюць неба. Іх кроў ліецца бясконцым патокам. І няма граху страшнейшага за гэты — забойства свайго дзіцяці.

Што рабіць? Як спыніць гэта вар’яцтва? Перадусім, канешне ж, маліцца.

Цешыць тое, што каталіцкі Касцёл вялікую ўвагу надае праблеме абароны жыцця ад моманту зачацця. Апошнім часам расце і набірае моц рух «Духоўнае ўсынаўленне ненароджаных дзяцей». Сэнс яго ў тым, каб на працягу 9 месяцаў маліцца за адно дзіця, якому пагражае небяспека аборту. Дзякуючы гэтай малітве нехта спыніцца і не пераступіць парог клінікі, дзе забіваюць дзяцей. І гэта будзе тваё дзіця (духоўнае). У вечнасці Пан Бог нам яго пакажа. Ці ж гэта не цуд!?

У нас у Бабруйску ў парафіі Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі афіцыйна і ўрачыста гэты рух распачаўся ў пазамінулым годзе на свята Звеставання. Пад кіраўніцтвам у той час пробашча кс. Антонія Клімантовіча і з яго благаслаўлення група парафіянаў далучылася да руху духоўнага ўсынаўлення ненароджаных дзяцей. У гэта цудоўнае свята падчас Святой Імшы мы прынялі з рук святара запаленыя ад Пасхала свечкі — знак, які мае для нас усіх вельмі глыбокі сімвалічны сэнс. Як Езус Хрыстус уваскрос з мёртвых, так і маленькае дзіцятка, зачатае ва ўлонні маці і духова ўсыноўленае, не памрэ, але народзіцца, каб споўніць тое прадвызначэнне, якое яно атрымала ад свайго Нябеснага Айца.

Сабраўшыся каля алтара разам з законнымі сёстрамі з ордэна Яна Боскі Ганнай, Ірынай, Алай, якія з’яўляюцца натхняльніцамі і памочніцамі руху ў нашай парафіі, мы прамовілі словы малітвы-прысягі, паабяцаўшы Пану Богу маліцца адну таямніцу ружанца на працягу 9 месяцаў за ненароджанае дзіця, памятаючы пра яго ў малітвах ужо усё сваё жыццё.

Прайшоў год. І зноў на свята Звеставання група духоўнага ўсынаўлення са свечкамі ў руках стаяла каля алтара, каб прамовіць словы прысягі і разам з Паннай Марыяй і святым Юзафам маліцца аб выратаванні самых маленькіх і самых безабаронных ненароджаных дзетак. Прыемна зазначыць, што ахвотных працаваць на ніве абароны жыцця ў нашым касцёле становіцца ўсё больш і больш.

На працягу гэтага года Пан Бог даў ласку нават убачыць плён нашых малітваў.

Алеся. Ёй трохі больш за 20 гадоў. Сірата. Сустракалася з хлопцам і зацяжарыла. Даведаўшыся пра гэта, каханы знік. Алеся сабралася на аборт, але яе сяброўкі прыйшлі ў касцёл і папрасілі дапамогі ў сясцёр салезіянак. Сёстры адразу ўзялі Алесю пад сваю духоўную апеку. Пачалася барацьба за жыццё дзіцяці. Настрой Алесі, яе жаданне захаваць у сабе зачатае жыццё вельмі часта мяняліся са станоўчага на рэзка адмоўнае. Толькі любоў, цярплівасць, ахвярнасць і малітвы блізкіх людзей дапамаглі маладой жанчыне змірыцца з цяжарнасцю. Цуд адбыўся! Алеся нарадзіла здаровенькую прыгажуню, якой дала імя Дар’я.

Паступова Алеся вучылася быць мамай і гаспадыняй. Канечне ж, вельмі няпроста было ёй адмовіцца ад звыклага ладу жыцця, але цяпер Алеся клапатлівая, добрая маці, за якую ўсе мы вельмі рады.

Другі прыклад вельмі павучальны для тых, хто не да канца давяраецца Божаму Провіду. Тамара, маючы сына, вельмі хацела яшчэ адно дзіця. Муж быў супраць, але жанчына настойвала. І вось калі тэрмін цяжарнасці дасягнуў 16 тыдняў, пры абследванні на УЗІ урачы сказалі, што дзіця будзе інвалідам. У хлопчыка знайшлі пухліну пазваночніка. Медыкі вынеслі прысуд: перапыніць цяжарнасць. Тамара адмовілася. Яна ўсім сэрцам чакала сына і згаджалася на волю Божую. Роды скончыліся «кесаравым сячэннем». Пухліна ў хлопчыка была вялікай, але не на пазваночніку, як прадказвалі дактары, а на ягадзіцы. Тамары паведамілі, што дзіця хутка памрэ. Але яна малілася і дзякавала Богу за дар жыцця яе сыночку. Пасля аперацыі, якую рабілі ў Мінску, бацькам сказалі, што дзіця застанецца інвалідам і не зможа хадзіць. А Тамара па-ранейшаму верыла ў Божую міласэрнасць. І не падманулася ў сваім даверы Богу. Сын у развіцці не адставаў ад сваіх аднагодкаў. Цяпер бегае і скача, як і ўсе здаровыя дзеці.

...Адклаўшы спісаныя лісты, гляджу на сваіх дзяцей, якія ўжо спяць, і не магу нарадавацца. У нас з мужам іх шасцёра — пяць дачушак і адзін сынок. Укрываю самых маленькіх коўдрай, цалую ў шчочкі і адчуваю непаўторны дзіцячы пах, які нагадвае грудное малако. Я бясконца ўдзячная Пану Богу за вялікі дар мацярынства, за ўсіх маіх дзяцей, за мужа. Прашу міласці ў літасцівага Бога для тых, хто не разумее і не хоча прыняць Божых слоў, напісаных у Бібліі праз прарока Давіда: «Вось ад Бога дар: гэта дзеці, узнагарода Яго — плод чэрава. Быццам стрэлы ў магутнай руцэ, гэтак — сыны маладыя. Шчаслівы той чалавек, што імі напоўніў каўчан свой» (Пс 127, 3-5).

Ірына ШЫЦІКАВА,
г. Бабруйск.

ФОРМУЛА АБЯЦАННЯ ДУХОЎНАГА УСЫНАЎЛЕННЯ

Усе разам:
«Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты схаваў гэтыя рэчы ад мудрых і разважлівых, а аб’явіў іх дзецям. Так, Ойча, бо такім было Тваё ўпадабанне».

Паўтараем за святаром ці кожны асобна:
«Найсвяцейшая Панна, Багародзіца Марыя, усе Анёлы і Святыя. Ідучы за жаданнем несці дапамогу ў абароне ненароджаных, я, ................. моцна пастанаўляю і абяцаю, што з дня ............... у свята/ урачыстасць ...................... духоўна ўсынаўляю адно дзіця, імя якога ведае адзін толькі Бог, каб на працягу дзевяці месяцаў кожны дзень маліцца аб уратаванні яго жыцця, а таксама аб справядлівым і добрым жыцці пасля нараджэння.

       Гэтымі малітвамі будуць:
- адна таямніца ружанца
- мае добрыя ўчынкі .....................
- малітва, якую прачытаю сёння першы раз».

ШТОДЗЁННАЯ МАЛІТВА
Пане Езу, праз заступніцтва Марыі, Маці Тваёй, якая нарадзіла Цябе з любоўю, а таксама праз заступніцтва св. Юзафа, чалавека даверу, які апекаваўся Табою пасля народзінаў, – прашу Цябе ў інтэнцыі гэтага ненароджанага дзіцяці, якое духоўна хачу ўсынавіць і якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Прашу, дай яго бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў. Амэн.