У нядзелю, 7 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, якое ўжо другі раз адзначалася ва ўсім каталіцкім Касцёле, католікі маліліся аб міры на Блізкім Усходзе. Ініцыятыва зыходзіла ад Яна Паўла ІІ, які скіраваў спецыяльны ліст да ватыканскага Сакратара Стану кардынала Анджэло Садано.

«Драматычная сітуацыя ў Святой Зямлі вымушае мяне ізноў звярнуцца да ўсяго Касцёла з палымяным заклікам, каб узмацніліся малітвы ўсіх вернікаў ў інтэнцыі яе жыхароў, якія пакутуюць ад нечуванага насілля. Менавіта ў гэты перыяд, калі сэрцы хрысціянаў скіраваны да тых мясцінаў, дзе Пан Езус цярпеў, памёр і ўваскрос, адтуль прыходзяць усё больш трагічныя весткі, якія ўплываюць на ўзмацненне абурэння грамадскай думкі з прычыны таго, што нялюдская жорсткасць не ведае межаў.

Бачачы ўпартасць, з якой, як адзін, так і другі бакі не перастаюць ісці шляхам адплаты і помсты, занепакоеныя вернікі лічаць неабходным звярнуцца са шчырай малітвай да Бога, бо толькі Ён можа змяніць сэрцы людзей, нават самых бязлітасных.

У нядзелю 7 красавіка Касцёл будзе з асаблівым пачуццём святкаваць таямніцу Божай Міласэрнасці і складаць падзяку Таму, Хто ўзяў на сябе беды нашага чалавецтва. Ці ж можа быць больш адпаведная нагода для таго, каб узнесці да Неба супольныя просьбы аб прабачэнні і міласэрнасці, якая выпрасіць у Божага Сэрца асаблівае ўздзеянне на тых, хто нясе адказнасць і мае ўладу, каб распачаць неабходныя, хоць і цяжкія крокі, з мэтаю схіліць варожыя бакі заключыць справядлівыя і годныя для ўсіх пагадненні?

Я быў бы асабліва ўдзячны, шаноўны Брат, калі б ты згадзіўся перадаць найбольш адпаведным, на тваю думку, спосабам, гэтае маё пажаданне Пастырам розных партыкулярных Касцёлаў, высылаючы яго ім на бліжэйшую нядзелю з просьбаю аб супольнай малітве ў гэты такі цяжкі для ўсяго чалавецтва час. Такім чынам гэтае пасланне стабільнага і трывалага міру змогуць пачуць вернікі трох монатэістычных рэлігій.

З гэтай надзеяй, якая выплывае з глыбіні майго сэрца, дасылаю Вашай Эмінэнцыі і ўсім маім Братам у Біскупстве спецыяльнае благаславенне».

У Ватыкане, 4 красавіка 2002 г.
Ян Павел ІІ, Папа