Планавалася, што гэты матэрыял выйдзе пры жыцці Яна Якімовіча. Вельмі хацелася пацешыць хворага чалавека, які сваёй адданай працай для касцёла заслужыў самых добрых слоў. Але мы спазніліся. 11 сакавіка а 5-й гадзіне раніцы Ян Аляксеевіч Якімовіч на 68 годзе жыцця адышоў у вечнасць. Роўна праз 12 гадзін пасля нашай з ім размовы.

Гэтага чалавека я ўпершыню ўбачыла ў 1993 г., калі ён уладкоўваў крыж на касцёле святых Сымона і Алены. Падумалася тады: які ж адважны і які шчаслівы. Адважны, бо такая вышыня, што з вокнаў вежы страшна ўніз глянуць, а ён на самым вастрыі даху працуе. Шчаслівы, бо ўзнімае крыж на Божым храме, які шмат гадоў стаяў знявечаны. У бязбожныя часы камуністычнага рэжыму на людзей, якія скідвалі са святыняў крыжы, большасць глядзела са страхам і нават спачуваннем: не міне іх Божая кара. І натуральна, што Божая ласка атуліць таго, хто зноў падыме крыж на гэтых вежах...

Самая вялікая ласка, якую Ян Якімовіч атрымаў ад Бога, — шчырая вера. Паходзячы з сям’і католікаў, ён, як і большасць з нас, у камуністычныя часы не меў магчымасці практыкаваць сваёй веры. Ды і не вельмі імкнуўся, як потым сам прызнаўся. Выдатны майстар-высотнік, ён меў залатыя рукі. Праз ксяндза Эдмунда Даўгіловіча Божы Провід прывёў яго на працу ў касцёл. Спачатку ў Даўгінава, потым у Касцяневічы, Ваўкалаты, Нясвіж, Рубяжэвічы, Мінск (Чырвоны касцёл, касцёл св. Роха, Катэдра).

Да глыбокай веры ішоў паступова — вучыўся на сваіх і чужых памылках. У нашай размове з жалем і сумам гаварыў пра свае грахі і памылкі. Нібыта спавядаўся:

— Аднойчы, калі я працаваў яшчэ на будоўлі ў кампаніі п’яных мужыкоў і сам быў п’яны, вылаяўся мацерным словам, памянуўшы Бога. Не ведаю, якое шаленства найшло... І з таго часу ў маім жыцці ўсё пачало рушыцца. Развалілася сям’я, стала моцна піць дачка... Не хачу ўсяго нават успамінаць. Я моцна шкадаваў за той грэх, потым спавядаўся з яго. Але, відаць, чалавек павінен спаўна адпакутаваць. Трэба, каб усе ведалі, што Бога нельга зневажаць...

Расказаў Ян Аляксеевіч і пра тое, як раз і назаўсёды зразумеў важнасць выканання Божай запаведзі: памятай дзень святы святкаваць. Колькі працаваў у касцёлах, у асноўным на даху і вежах, ніколі не было такога, каб пахіснуўся ці нават зваліўся — працаваў амаль без страхоўкі. І вось аднойчы родны брат папрасіў парамантаваць на хаце дах. А было тое ў нядзелю. Абодва разумелі, што грэх, але брат супакоіў, сказаўшы, што яны памоляцца і Бог прабачыць. І толькі Ян узлез на сяміметровую вышыню, як паляцеў уніз. Абышлося без сур’ёзных пашкоджанняў, затое ўрок атрымаў на ўсё жыццё...

Пра свае добрыя ўчынкі ці нейкія заслугі Ян Аляксеевіч амаль не гаварыў, спасылаючыся на стомленасць. Затое шмат самых цёплых, шчырых, пяшчотных слоў сказалі пра яго парафіяне капліцы святога Валянціна, што ў Смалявічах. Вось некаторыя з іх:«Ён такі добры, якіх мала. Дзякуючы яму я і многія з нас былі не раз у Будславе на фэсце. Ён вазіў нас на сваёй машыне». «Ян — майстар на ўсе рукі. Рамантаваў гэты вагончык, дзе цяпер служыцца Святая Імша, і дапамагаў будаваць новую капліцу». «Ахвяраваў шмат грошай на будаўніцтва капліцы...»

Да нашай размовы далучыўся і пробашч капліцы святога Юзафа з Мінска айцец Анатоль Ярошка:«Я вельмі ўдзячны Яну Аляксеевічу за яго ахвярнасць, за дапамогу. У той час, калі я не меў машыны, ён вазіў мяне ўсюды, дзе патрэбна была святарская паслуга. А потым, калі ён прадаў кватэру ў Мінску і пераехаў у Смалявічы, ахвяраваў больш за 1000 долараў на будаўніцтва капліцы св. Валянціна».

Гавораць, што міласэрны, ахвярны чалавек нібы магніт, які прыцягвае Божую ласку. Ян Якімовіч напэўна быў тым магнітам. Паступова ўзрастаючы ў веры, неяк адчуў, што не можа заставацца абыякавым хрысціянінам, што павінен несці вестку пра Хрыста тым, хто яшчэ не прыйшоў да веры. Адным з першых уступіў у«Легіён Марыі». Апостальскую працу з іншымі легіянерамі праводзіў у асноўным у анкалагічным аддзяленні 1-й клінічнай бальніцы Мінска. Быў ініцыятарам правядзення набажэнстваў у ждановіцкім доме-інтэрнаце для інвалідаў і састарэлых.

І вось цяжка захварэў. Дыягназ несуцяшальны: рак лёгкіх. Жыў ён з жонкай Ларысай Васільеўнай у вельмі сціплай драўлянай хатцы, якую цалкам аднавіў сваімі рукамі. Будаваў яшчэ цагляны дом, які думаў прадаць, каб дапамагчы сваім шасці ўнукам, а таксама ахвяраваць частку грошай на капліцу. Пра гэта гаварыў сам у нашай апошняй з ім размове. У канцы сказаў:«Смерці я не баюся. На ўсё воля Божая. Галоўнае — споўніць гэтую волю. Вельмі б хацелася яшчэ сваімі рукамі паставіць на нашай новай каплічцы крыж...»

У той апошні свой вечар ён быў вельмі спакойны. Дзякаваў жонцы за тое, што дала яму магчымасць прыступаць да святых сакрамантаў. Нягледзячы на праваслаўнае веравызнанне, яна згадзілася ўзяць з ім шлюб у касцёле святога Роха. Гаварыў, што сэрцам адчувае апеку і любоў Маці Божай. Потым сам падняўся з ложка і пайшоў у другі пакой (а гэта вымагала ад яго вялікіх сіл), каб сфатаграфавацца каля абраза Найсвяцейшай Марыі Панны. Сваёй улюбёнай малітвай, якую адгаворваў не раз у суткі, назваў вяночак да Божай Міласэрнасці...

У дзённіку святой Фаустыны ёсць словы:«Нястомна чытай гэты вяночак, якому Я навучыў цябе. Той, хто будзе яго маліцца, атрымае ласку вялікай Міласэрнасці ў гадзіну смерці...» (Дз 6).

Можна з упэўненасцю сказаць, што Ян Якімовіч атрымаў ласку шчаслівай смерці. Ён памёр, прыняўшы ў гэты дзень Святую Камунію, якую прывёз яму айцец Анатоль Ярошка, а перад гэтым уся парафія капліцы святога Валянціна на чале з ксяндзом малілася за свайго хворага брата ў Хрысце.

...Чалавеку часам вельмі няпроста зразумець сэнс пакутаў. Нават веруючыя нярэдка наракаюць: такі пабожны, а так цяжка хварэе... Вельмі добра на гэта адказала святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус у кніжцы «Дзея адной душы»: «Такія выпрабаванні азначаюць асаблівую любоў Езуса да цябе. Тым, каго Ён больш любіць, пасылае большыя выпрабаванні; тым, каго любіць менш, Ён дае іх менш».

Пачуўшы гэтыя словы, Ян Аляксеевіч увесь засвяціўся і з радаснай усмешкай адказаў:«Я згодзен».

Яго пахавалі, як ён і прасіў, на Гродзеншчыне, побач з магіламі бацькоў.

Вечнае спачыванне табе, дарагі наш брат у Хрысце, Ян Аляксеевіч.

Галіна КАЛЕВІЧ.
Фота з сямейнага альбома Яна Якімовіча.