Гісторыя віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага, адной з трох наймаладзейшых у горадзе, цесна звязана з утварэннем Віцебскай дыяцэзіі. Менавіта праз год пасля таго, як у абласным цэнтры размясцілася сядзіба біскупа Уладзіслава Бліна і пачаўся новы этап каталіцкага жыцця на Віцебшчыне, жыхары паўднёвага мікрараёна горада ўпершыню сабраліся на сваю парафіяльную Імшу, што адбылася 22 кастрычніка ў катэдральным касцёле св. Барбары. А 16 лістапада, у дзень Маці Божай Вастрабрамскай і імянінаў благаславёнага Эдмунда Баяноўскага, заснавальніка згуртавання сясцёр служабнічак, якое ўзяло па закліку біскупа апеку над новастворанымі віцебскімі парафіямі, парафія Езуса Міласэрнага атрымала дазвол на пабудову часовай капліцы. Пасля асвячэння месца пабудовы распачалася праца. Гэта быў нялёгкі час, але і парафіяне, і кс. Адам Сікорскі, і дыякан Аляксандр Рэгіня, і сёстры Нікола, Дамарыс і Люцына з гонарам пераадолелі цяжкасці, звязаныя з будаўніцтвам. І ўжо 3 снежня, у першую нядзелю Адвэнту, адбылася Імша ў новай капліцы — за сталом замест алтара, на настылым, адно сагрэтым усхваляваным дыханнем парафіянаў, паветры. Гэты дзень першай супольнай малітвы і размовы з Богам добра запомніўся дарослым і дзецям, стаў найважнейшым момантам парафіяльнага жыцця. Цяпер, пасля ўдала завершанага будаўніцтва, настаў час клопатаў пра інтэр’ер капліцы і напаўненне ўнутранага жыцця парафіянаў. Зладжаная праца святароў і старшыні парафіяльнага камітэта Уладзіміра Папяленка і яго намесніка Пятра Глода вельмі хутка далі плён: з’явіліся адмысловы алтар, лаўкі, а сёстры служабнічкі прывезлі з Польшчы абраз Езуса Міласэрнага, рэліквіі св. Фаустыны Кавальскай, іншыя рэчы. Адначасова распачалася належная душпастырская і катэхетычная дзейнасць.

Сёння ў парафіі Езуса Міласэрнага каля 160 парафіянаў. У асноўным гэта людзі сярэдняга ўзросту з ліку інтэлігенцыі, шмат падлеткаў, дзяцей, моладзі. Парафія невялікая, таму ўсе адзін аднаго няблага ведаюць. Да нядаўняга часу пробашчам парафіі з’яўляўся кс. Дарыюш Кубіца, і вось ужо два месяцы як яго змяніў кс. Тадэвуш Дабравольскі, які да гэтага працаваў у Іркуцку і ў Браславе.

Сёстры працуюць у парафіі з дня яе заснавання, і дзейнасць іх, безумоўна, заслугоўвае ўвагі. Дзякуючы іх нястомнасці толькі сёлета ў капліцы праходзяць катэхізацыю 30 дзяцей старэйшага і 14 малодшага ўзросту. Жытло сясцёр Дамарыс, Ніколы і Люцыны даўно стала для некаторых дзяцей другім домам. Яны прыходзяць сюды нечаму павучыцца, паразмаўляць, урэшце — падсілкавацца, калі бацькі на працы і дома няма чаго з’есці. Тут рыхтуюцца сцэнары святаў, імпрэзаў, рэпетуюцца тэксты набажэнстваў. Здараецца, што людзі прыходзяць і па дапамогу: да сястры Ніколы — па музыцы (яна добра грае на гітары і флейце), да сястры Люцыны — наконт лекаў (яна медык), да сястры Дамарыс — наконт дэкарацый. Выконваючы наказ заснавальніка свайго згуртавання Эдмунда Баяноўскага клапаціцца пра дзяцей і хворых, сёстры ўжо даволі даўно апякуюцца адным з віцебскіх дамоў дзіцяці: наведваюць малых, дараць вопратку, цацкі, лекі. Гэткую ж працу яны робяць і ў дамах сіротаў і невідушчых у Гарадку і Езярышчы, куды ездзяць дызелем два разы на тыдні. Безумоўна, іх дабрыня і пяшчота не застаюцца неацэненымі. Людзі ўдзячныя сёстрам і ўжо не ўяўляюць жыцця без іх спагады. І нават гараджане памалу прывыкаюць да нязвыклых яшчэ нядаўна на вуліцах строгіх постацяў.

Усе мерапрыемствы, якія сёння праводзяцца ў маладой парафіі, цяжка і пералічыць. Сярод найбольш значных — сустрэчы Божага Нараджэння і Вялікадня, візітацыя біскупа Уладзіслава Бліна, рэкалекцыі і інш. Але самае галоўнае тут — малітва і тыя даброты, што ідуць праз яе ад Бога. І як усцешна, што ўсё больш людзей прыходзіць да разумення неабходнасці ўдзелу ў ёй! Калі на першай Імшы ў капліцы прысутнічала 37 чалавек, то цяпер у нядзелю лік даходзіць да 147. Паўдзесятку асобаў удзелены Сакрамант Хросту, столькім жа — Сакрамант шлюбу.

Зразумела, не абыходзіцца без цяжкасцяў. Галоўная з іх, апроч таго, што капліца не ацяпляецца, — недахоп месца. Няпроста наладзіць жыццё на невялікім лапіку прасторы, але, дзякаваць Богу, ёсць ужо рашэнне аб пабудове касцёла. Да яго ўзвядзення яшчэ вельмі далёка, але і мэтанакіраванасці, і натхнення парафіянам, сёстрам і пробашчу не займаць. Ды і курыя, вядома, не застаецца ўбаку ад такой патрэбнай і высакароднай справы.

На пытанне, якое месца займае ў яе жыцці капліца Езуса Міласэрнага, юная парафіянка Юля Нячай адказала так: «Гэта частка маёй душы. Тут пазбаўляешся нягодаў, забываеш, што ёсць зло на зямлі. Калі Бога няма ў душы — там пустка. Калі Ён ёсць — з’яўляецца сэнс жыцця». А яе сяброўка Оля Кучарэнка была яшчэ больш лаканічнай: «Для мяне капліца Езуса Міласэрнага — дом, у якім заўсёды адчынены дзверы, і я ведаю, што я кожны раз тут жаданы госць».

Родны дом — лепш не скажаш. Няхай жа ён і надалей будзе родным для кожнага, хто аднойчы ўвойдзе ў яго. Святла табе і Божае ласкі, парафія Езуса Міласэрнага!

Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва парафіі.