Ці можна за 3 хвіліны пазнаёміцца з 25 чалавекамі? Аказваецца, можна. Калі ты прыехаў на начное чуванне Віцебскай дыяцэзіі і на самым яго пачатку атрымаў такое адказнае заданне, то з усіх сіл будзеш старацца яго выканаць. Праўда, гэткіх зухаў у справе знаёмстваў аказалася не так ужо і багата, але затое гоману было даволі.

«Нішто сабе — чуванне! Вось для чаго злятаюцца гэтыя хлопцы ды дзяўчаты ў Полацк!» — скрушна ўздыхне стойкі прыхільнік традыцыі, для якога ўжо сам гоман на рэлігійнай імпрэзе — цяжкі грэх. Але праз нейкі час нават гэткі суровы традыцыяналіст суцешыўся б, бо пасля кароткага знаёмства моладзь, раздзяліўшыся на групы, разважала над тым, каго сустрэў Езус Хрыстус на сваім Крыжовым шляху. А потым быў і сам Крыжовы шлях, над стацыямі якога разважалі хлопцы і дзяўчаты з розных парафій. Зрабілі яны гэта глыбока і ўдумліва. Праўда, мне асабіста перашкаджаў на гэтым пакутным набажэнстве ультрасучасны спеў, які яшчэ раз нагадаў, як гэта адказна і няпроста ствараць сакральную культуру. І паспешлівасць тут можа прынесці шкоду.

На Святой Імшы моладзь сярод іншых дароў прынесла на алтар і вялікі планшэт, дзе былі напісаныя дары, якія кожны з іх атрымаў ад Бога. Хтосьці дзякаваў за дар здароўя, хтосьці — за бацькоў, братоў і сясцёр, настаўнікаў, нейкі талент. А хтосьці дзякаваў за нялёгкі дар цярпенняў, выпрабаванняў, болю. Ды, мабыць, кожны дзякаваў за дар веры, якая на такіх вось чуваннях, узіраннях у сваё «я» кшталтуецца і ўзрастае. Нялёгкі гэта працэс. Няпросты. Але патрэбны. Пра гэта яшчэ раз нагадаў ксёндз Аляксандр Чайкоўскі ў сваім казанні. Дзеля таго, каб пераканаць слухачоў у патрэбе чыстай, дзейснай веры, ён нават прынёс на Імшу... аўтамабільны акумулятар. Бо, коратка кажучы, як не паедзе машына без спраўнага акумулятара, так не зможа чалавек рухацца наперад у сваім духоўным развіцці без чыстай, сапраўднай веры. Акумулятар на прыступках прэзбітэрыя кагосьці развесяліў, кагосьці шакіраваў, але моладзь прыняла гэтую метафару і пагадзілася з тым, што акумулятар нашага духоўнага развіцця павінен быць чысты, без дамешку фальшу.

Чуванні моладзі. Нейкае з іх выдае больш удалым. Нейкае — менш. Часам можна пачуць скептычнае: «Ды ці патрэбныя яны ўвогуле? Старэйшыя вунь не ведалі ніякіх чуванняў і ад Касцёла не адышлі. Ці ёсць якая карысць ад гэтых чуванняў-спатканняў?» Ну, што тут скажаш: карысць тую надта цяжка ўзважыць, асабліва, калі ты сам ужо не належыш да моладзі. А што пра гэта думаюць самі хлопцы і дзяўчаты?

Вячаслаў Адамовіч, в. Фарынава Полацкага раёна.

- Што табе найбольш спадабалася на чуванні?
- Яго дэвіз: "Дарма атрымалі, дарма аддавайце". Ніколі не думаў раней, што хвароба, няшчасце, боль, нават калецтва таксама дар Божы. Разважанні кс. А. Буткевіча на гэтую тэму моцна ўзрушылі. Напэўна, таму пасля яго разважанняў усе імкнуліся зрабіць запіс на планшэце пра свае дары. Моладзь успрыняла ідэю вельмі сур'ёзна. Гэта цудоўна!
- На якія пытанні ты спадзяешся атрымаць адказы на гэтым чуванні?
- Прагну распазнаць сваё жыццёвае пакліканне.

Юля Боханка, г. Талачын.

- Чым запамятаецца табе чуванне?
- Я сустрэла тут шмат сяброў і знаёмых. А яшчэ шмат завязалася новых знаёмстваў.
- Якія моманты чування табе падаліся найбольш удалымі?
- Крыжовы шлях. Наша парафія разважала над тым, як Сымон Кірынэец дапамог Езусу несці крыж. Увогуле, вельмі патрэбна як найчасцей разважаць над старонкамі Евангелля.

Каця Орпік, г.п. Шуміліна.

- Як ты лічыш, патрэбны такія чуванні?
- Вельмі патрэбныя. На іх ёсць рэальны шанец сустрэць Бога, зразумець, чаго Ён ад цябе хоча.
- У тваёй сям'і ўсе вераць у Бога?
- Так. І таму я шчаслівая. У многіх маіх равеснікаў такога шчасця няма, я магу ім толькі паспачуваць і маліцца за іх.

Стрыечныя сёстры Лена Скіпар і Іра Кобзік, г. Глыбокае.

- Чым запамятаецца чуванне?
Лена: Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Здаецца, уся моладзь таксама моцна перажывала тыя хвіліны
. Іра: А я вельмі ўдзячная ўсім святарам, законніцам, што рыхтавалі гэтае чуванне, якое дапаможа годна перажыць Вялікі пост.

Андрэй Якаўлеў, г. Наваполацк.

- Што найбольш запамятаецца?
- Тыя хвіліны, калі ўсе мы спявалі каноны. Можа, таму, што перад гэтым я паспавядаўся, і ў мяне па-сапраўднаму спявала душа. Я ўпершыню на такім чуванні. Па праўдзе кажучы, не чакаў, што будзе так здорава.

Вольга Кучарэнка, г. Віцебск.

- Ты першы раз на такім чуванні?
- Не, другі. Гэтым разам мне вельмі спадабалася, як мы працавалі ў групах. Наша група абмяркоўвала ролю разбойнікаў, што былі ўкрыжаваныя разам з Езусам. Мы зрабілі выснову, што ўсе свае праблемы трэба давяраць Богу з вераю ў Яго бясконцую міласэрнасць.
- Чым для цябе асабіста было важным гэтае чуванне?
- У той момант, калі я пісала пра дары, атрыманыя ад Бога, я вельмі выразна адчула ў душы, што проста абавязана зрабіць усё магчымае і стаць урачом, каб дапамагаць іншым людзям
. - Што б ты пажадала сваім равеснікам?
- Тым, каго тут няма, жадаю ахвяраваць сваім сном, калі наступны раз будзе такое чуванне, і быць тут. Потым яны абавязкова захочуць прыехаць яшчэ...

Аляксандр Чарняўскі, г. Віцебск.

- Не першы раз бачу цябе на чуваннях. Што прыцягвае на іх?
- Асабліва люблю малітвы ў спевах. Здаецца, гэта найбольш патрэбна моладзі. Вельмі хацелася б, каб як мага больш нашых равеснікаў прыязджала сюды. Тут можна атрымаць другое дыханне.

Дык ці патрэбны моладзевыя чуванні? Ці ёсць ад іх якая карысць? Найлепш, відаць, пра гэта сказала сама моладзь.

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.