Свайго пасвячэння ў святары Вячаслаў Пялінак (цяпер ужо ксёндз Вячаслаў) чакаў ажно дзесяць гадоў. Ягоныя аднакурснікі, з кім ён пачынаў вучобу ў Гродзенскай духоўнай семінарыі і хто вытрываў у сваім пакліканні, ужо колькі гадоў як служаць святарамі. Некаторыя нават паспелі стаць пробашчамі. А Вячаслаў усё чакаў...

Многія знаёмыя губляліся ў здагадках, што гэта зрабілася з Пялінкам: быў адным з лепшых семінарыстаў, а да святарства ўсё ніяк не дойдзе. Правініўся чым, ці што? Той жа, хто быў больш абазнаны ў ягоных справах, спагадліва ўздыхаў: і чаго яго панесла ў законнікі, ды яшчэ напрыканцы вучобы ў семінарыі? Сапраўды, калі б Вячаслаў пасля пяці гадоў вучобы ў Гродзенскай семінарыі не зрабіў раптам рэзкі паварот у жыцці ды не пайшоў у закон марыянаў, хутчэй за ўсё, даўно ўжо быў бы святаром. Але Бог нечакана паклікаў яго менавіта ў гэты закон. Адзін знаёмы так і сказаў мне ў свой час: «Неразумна. А калі і хацеў ісці, то рабіў бы гэта адразу. Чаго чакаў?» «Напэўна, паклікання», — адказала я тады, а пазней вельмі шкадавала, што не прыгадалася мне на той момант, як блаславёны Антоні Ляшчэвіч уступіў у закон марыянаў, маючы за плячыма ажно пяцьдзесят гадоў святарства! Пан Бог часам любіць учыніць такую вось неспадзяванку сваім абраннікам. Любіць здзівіць, уразіць, страсянуць, нагадаць пра сваю блізкую прысутнасць і сваю волю.

Мабыць, як кампенсацыя для ксяндза Вячаслава за дзесяцігадовае чаканне гэтага дня пасвячэнне адбылося ў Вялікі Чацвер, у дзень, калі Хрыстус заснаваў сакрамант святарства. Да таго ж біскуп Уладзіслаў Блін згадзіўся выканаць і яшчэ адну ягоную просьбу — пасвяціць яго ў роднай задарожскай парафіі. Роднай і для ксяндза Вячаслава, і для біскупа Уладзіслава Бліна, чые бацькі некалі былі парафіянамі гэтага касцёла. Так што, дзесяць гадоў чакання, так бы мовіць, акупіліся напоўніцу.

Не ведаю, што адчуваў, пра што думаў новапрэсбітар у тыя хвіліны, калі ляжаў крыжам перад алтаром, а перапоўнены касцёл маліўся за яго Літанію да Усіх Святых. Але затое здагадваюся, што адчувалі тыя, хто маліўся. Ксяндза Вячаслава па-асабліваму любяць у ягонай роднай парафіі. Магчыма, не толькі за асабістыя якасці, якімі шчодра надзелены гэты чалавек, але і таму, што парафія не спешчаная пакліканнямі. Як сказаў пробашч Люцыян Паўлік, «за чатырыста гадоў існавання парафіі яна ўпершыню перажывае такую падзею». Што называецца, дачакаліся!

Дачакалася і Маці Божая Ласкавая, якая ў гэты дзень, здалося, з асаблівай пяшчотай і любоўю глядзела з вышыні свайго прыгожага абраза ў галоўным алтары на люд Божы ды на тых, хто кожны ў свой час склаў Богу шлюбы чысціні, убоства і паслушэнства ў законе марыянаў і прысвяціў сваё жыццё Ёй, Маці Божай. Ахвярным, а таму і нялёгкім быў шлях марыянаў на Беларусі. Віцэ-генерал ордэна айцоў марыянаў айцец Ян Рокаш прыгадаў у гэты дзень, як у 1985 годзе яны ў Польшчы думалі, што пасля смерці а. Юзафа Францкевіча на Беларусі з іхняй правінцыі застаецца ўсяго адзін марыянін — а. Люцыян Паўлік у Задарожжы. А гэта азначала, што гісторыя ордэну на Беларусі, там, дзе яна так выразна, так прыгожа адрадзілася на пачатку ХХ стагоддзя, сыходзіла за далягляд. Але Бог пакіраваў інакш. І цяпер на Беларусі працуе 14 айцоў марыянаў, а ў Любліне падрастае маладая беларуская змена. Вялікая, прыгожая сімволіка ёсць у тым, што ў Вялікі Чацвер найстарэйшы марыянін урачыста ўсклаў святарскую стулу на свайго былога парафіяніна.

— Я самы шчаслівы чалавек на свеце, — узрушана прызнаўся ксёндз Вячаслаў перад усімі прысутнымі. І не паверыць у гэта было немагчыма. Хоць бы таму, што ўсе мы, хто быў у той дзень у задарожскім касцёле, таксама былі шчаслівыя. Бо наша зямля атрымала яшчэ адно Божае блаславенне — святара. З тых, хто нарадзіўся і вырас на нашай зямлі, любіць яе і будзе служыць Богу сярод тых, каму так патрэбна цяпер Божая падтрымка. Вельмі хочацца спадзявацца, што ксёндз Вячаслаў будзе даражыць сакрамантам святарства так, як даражылі ім ягоныя папярэднікі з ордэна марыянаў. Часам нялёгка ім было захаваць вернасць сакраманту. Калі за любоў да роднай зямлі і яе людзей выганялі ў 1938-м з Друі на чужыну. Калі за гэтую ж любоў у 1943-м нелюдзі гналі іх у полымя Росіцы. Калі пазней усё за тую ж любоў ды вернасць іх гналі ў ГУЛАГ. Вернасць аплочвалася вялікім коштам, часам — самім жыццём. І таму мне асабіста сярод мноства прачулых словаў падзякі, сказаных ксяндзом Вячаславам віцэ-генералу ордэна марыянаў а. Яну Рокашу, айцу правінцыялу Анджэю Пакулу, біскупу Віцебскаму Уладзіславу Бліну, сваім бацькам, братам па ордэну, парафіянам, найбольш запалі ў сэрца простыя словы, сказаныя ксяндзу Люцыяну Паўліку: «Дзякуй табе, ойча, затое, што ты не пакінуў гэтых людзей». Мог пакінуць. Пасля таго, як вярнуўся са сталінскага лагеру. Тады з Беларусі выязджала шмат святароў. І ніхто з тых, хто заставаўся жыць на свае горкія працадні ў калгасна-савецкай бессэнсоўнасці, не асуджаў эмігрантаў. Не асудзілі б і яго. Але ён застаўся. Хто ведае, можа, дзеля таго, каб пасля доўгіх гадоў ахвярнага служэння ў гэтым вось касцёле ў Вялікі Чацвер 2002 года ўскласці знак святарскае ўлады на свайго былога парафіяніна, а цяпер ужо ксяндза марыяніна Вячаслава Пялінка.

Ірэна Задарожная.