Будуецца касцёл

Парафія Божай Міласэрнасці ў гродзенскім мікрараёне Вішнявец існуе са снежня 1995 г. Яна самая вялікая ў горадзе — больш за 50000 католікаў. Павелічэнню парафіі спрыяе тое, што мікрараён усё яшчэ будуецца, насельніцтва яго расце і адпаведна расце колькасць парафіянаў. Тут шмат моладзі і дзяцей, якія ўдзельнічаюць у розных парафіяльных і агульнадыяцэзіяльных мерапрыемствах, што фармуюць духоўнае аблічча парафіі. Тут існуе свой хор, ружанцовыя колы для дзяцей, моладзі і дарослых, праводзяцца катэхетычныя заняткі з дзецьмі і дарослымі, а таксама з тымі, хто рыхтуецца ўзяць шлюб. Касцёл яшчэ будуецца, таму набажэнствы адбываюцца ў невялікай капліцы, што знаходзіцца ў сутарэнні. Праз тыдзень пасля Вялікадня, у свята Божай Міласэрнасці, у парафіі адбыўся адпуст. Св. Імшу адправіў гродзенскі ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч, які асвяціў абраз Езуса Міласэрнага ў галоўным алтары капліцы. Маленькая капліца не змагла змясціць усіх вернікаў, шмат з якіх малілася проста пад небам.

А.П.

«Карытас»

Гродзенскі «Карытас» заўсёды дбае пра дзяцей. Пад ягонай апекай знаходзяцца шматлікія дзіцячыя сацыяльныя ўстановы і аб’яднанні дзяцей інвалідаў. Пры кожнай магчымасці супрацоўнікі «Карытас» імкнуцца парадаваць маленькіх жыхароў дыяцэзіі. Так было і 6 сакавіка, калі «Карытас» прыбыў на свята дзіцячай кнігі, якое штогод арганізоўваюць супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі г. Гродна. Дзеці, якія падрыхтавалі канцэрт, вельмі прыгожа спявалі, танцавалі, дэманстравалі свае веды і здольнасці ў галіне літаратуры, а напрыканцы атрымалі з рук сястры Эльвіры падарункі ад «Карытас» — сшыткі, алоўкі і цукеркі.

А. Панько.